Агляд прэсы: ідзі і глядзі



«Яны моцна смярдзяць»: беларускія мясцовыя жыхары скардзяцца на паводзіны расейскіх салдат. Расейская піраміда гвалту. Венгрыя: дзве траціны зноў за Орбана. Францыя: ці ўдасца Макрону перамагчы зноў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Праз некалькі дзён пасля перадыслакацыі расейскіх войскаў з Кіева беларускія мясцовыя жыхары распавялі пра бязладныя паводзіны салдат, якія стаяць лагерам у гарадах Мазыр і Брагін, назваўшы іх прысутнасць у краіне «жахам».

Па словах жыхара беларускага горада Мазыра, вялікія групы расейскіх вайскоўцаў ціснуліся ў бары і крамы горада, атачаючы і пераследуючы людзей. Яны таксама моцна смярдзяць. Па паху, заходзячы ў краму, можна сказаць, што яны тут. Камандзіры жывуць у нармальных умовах у гасцініцы «Прыпяць», салдаты ў лесе ў намётах і нават у хлявах. Рускія паводзяць сябе так, быццам яны гаспадары Сусвету», — піша амерыканскае выданне International Business Times.

Выданне падае звесткі, што расейскія вайскоўцы, якія вярталіся або перадыслакаваліся з Украіны, таксама спрабавалі прадаць беларусам у паўднёвых памежных раёнах нарабаванае, у тым ліку дызельнае паліва з вайсковых запасаў, а таксама халадзільнікі, бытавую тэхніку, шыны і ўсё, што трапляецца пад руку.

«У Нароўлі таксама шмат тэхнікі і расейскіх войскаў. Мясцовыя жыхары таксама скардзіліся на тое, як расейцы скупляюць увесь алкаголь у крамах. У палявым шпіталі там прымаюць параненых расейцаў перад тым, як іх вязуць у Мазыр ці Гомель. А вось расейскіх трупаў у мазырскім моргу цяпер няма, бо іх адразу грузяць і вывозяць», – паведамляе амерыканскае выданне.

***

Пасля паведамленняў аб сотнях мірных жыхароў, забітых у Бучы, па ўсім свеце пракацілася хваля жаху і абурэння. Украіна абвінаваціла расейскае войска ў здзяйсненні ваенных злачынстваў. Прадстаўнікі ЕЗ заклікалі правесці незалежнае расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Таксама краіны ЕЗ запатрабавалі ўзмацнення санкцый.

Чэшская газета Lidové noviny піша пра тое, якія будуць наступствы з’яўлення кашмарных фатаграфій з Бучы.

«Рэакцыя Захаду на Бучу будзе больш аператыўнай і жорсткай, чым на сербскую разню баснійскіх мусульман у Срэбраніцы ў 1995 годзе. Яшчэ важней стане сімвалічнае значэнне гэтых кадраў. Буча застанецца ў калектыўнай памяці там, дзе захоўваюцца ўспаміны пра Срэбраніцу. Захаду будзе ўсё цяжэй адмаўляць Украіне ў просьбах аб дапамозе. А ва Украіне ўсё гэта ўскладніць будучыя мірныя перамовы і адносіны з Расеяй на дзесяцігоддзі наперад. Тым больш, што Мінабароны Расеі цынічна заявіла, што гэта – хлусня з боку Украіны і што ні воласа з чыёй-небудзь галавы не ўпадзе ад рукі рускіх», – падкрэслівае чэшскае выданне.

***

Па выніках парламенцкіх выбараў у Венгрыі партыя Фідэс прэм’ера Віктара Орбана, які знаходзіцца ва ўладзе з 2010 года, зноў атрымала большасць у дзве трэці галасоў. Шырокі альянс апазіцыі, які падтрымлівае адзінага кандыдата Петэра Маркі-Зая, не змог дамагчыся прарыву. Каментатары ацэньваюць вынік таксама і з пункту гледжання стаўлення Орбана да Расеі.

«Занадта шмат венграў вераць пастаяннай хлусні прэм’ера Віктара Орбана», – піша італьянская газета La Repubblica.

«Апошні прамы заклік прэзідэнта Украіны Зяленскага да венграў прагнаць «таго адзінага, хто падтрымлівае Пуціна» таксама застаўся без увагі. Падобна, што вельмі многія венгры паддаліся хлуслівай прапагандзе прэм’ера, які абвінаваціў апазіцыю ў жаданні ўцягнуць Венгрыю ў вайну. Але паражэнне кааліцыі Петэра Маркі-Зая таксама можна растлумачыць і асаблівасцямі закона аб выбарах, які робіць паражэнне Орбана практычна немагчымым. Для таго, каб забяспечыць сабе большасць месцаў, апазіцыя павінна была атрымаць на пяць-шэсць працэнтных пунктаў больш, чым кіруючая партыя Фідэс», – піша італьянскае выданне.

***

Па выніках апошніх апытанняў грамадскай думкі Эманюэль Макрон губляе сваю перавагу перад Марын Ле Пэн. Паводле апытання, праведзенага ў нядзелю, дзейны прэзідэнт карыстаецца падтрымкай 27 працэнтаў электарату, а кандыдатка ад Нацыянальнага аб’яднання можа разлічваць на 22 працэнты. Як адзначаюць еўрапейскія аглядальнікі, на фоне такога раскладу ёсць усе падставы баяцца магчымай перамогі Ле Пэн у другім туры галасавання.

«Моцныя пазіцыі Ле Пэн цяпер тлумачацца слабой падтрымкай Макрона ў народзе, а таксама несамавітай перадвыбарнай кампаніяй», – лічыць бельгійская газета La Libre Belgique.

«Той факт, што Марын Ле Пэн атрымала такі беспрэцэдэнтны рывок наперад, сведчыць аб пэўнай стойкасці яе як кандыдата. Але паступаюць і іншыя трывожныя сігналы. Сярод іх непрыманне, калі не глыбока ўкаранелая нянавісць, якую да Эманюэля Макрона адчуваюць некаторыя нашы грамадзяне. Неадназначны вынік яго праўлення адсылае да тых крызісаў, якія выпалі на яго тэрмін: «жоўтыя камізэлькі», Covid-19 і вайна ва Украіне. Яго стратэгія – фактычны пропуск першага раунда кампаніі, нічога яму не дала, роўна як не пайшоў яму на карысць і шумны скандал наконт празмернага выкарыстання паслуг кансультантаў з агенцтва McKinsey. І ў сувязі з гэтым наўрад ці ёсць падставы гаварыць аб удалай перадвыбарнай кампаніі. А па іншым баку барыкад Марын Ле Пен проста працягвае круціць сваю катрынку», – гіранізуе бельгійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.