Агляд прэсы: імперскія рэпрэсіі
Што яднае Лукашэнку і Кадырава? Гішпанская праблема дзіцячых суіцыдаў. TikTok“у не месца са службовых смартфонах. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У Беларусі вынесены адзін з найбольш адыёзных палітычных прыгавораў. Шасцідзесяцігадовы праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі», – перадае расейскае незалежнае выданне Graniru.
„Падчас вынясення прысуду нобелеўскі лаўрэат знаходзіўся ў клетцы, яго рукі былі скаваныя за спіной кайданкамі. У залі не было прадстаўнікоў незалежных медыяў, бо іх фізічна не засталося ў краіне. Замежных дыпламатаў не пусцілі не толькі ў залу, але і ў будынак суда. А старшыню рады расейскага праваабарончага цэнтра „Мемарыял” Алега Арлова, які збіраўся патрапіць на суд, не пусцілі ў Беларусь. Не пусцілі ў залу суда і звычайных людзей. Ён быў запоўнены курсантамі Акадэміі міліцыі. Пасля распаду СССР здавалася, што нашы краіны рухаюцца да дэмакратыі. Але пачаўся рэгрэс, у Беларусі ён ішоў хутчэй, чым у Расеі. А зараз абедзве краіны скаціліся да таталітарызму. Зрэшты, тое, што адбываецца ў Беларусі, бліжэй менавіта да гэтай нормы – акупаваных Расеяй тэрыторый. Рэжым Лукашэнкі першапачаткова быў антынацыянальным. Таму яго задача была складанай – не толькі здушыць палітычны супраціў, але і забіць усё нацыянальнае. Нягледзячы на ўсе хадайніцтвы, суд над Бяляцкім і яго калегамі, якія ўсё гавораць на беларускай мове, вёўся на рускай. Лукашэнка не настолькі самастойны, як прынята думаць. Па вялікім рахунку, ён не вельмі адрозніваецца ад Кадырава ці нават якога-небудзь Аксёнава з Пушыліным. Памылкова разважаць аб яго рэжыме як аб нечым, што існавала асобна ад Расеі і развівалася самастойна. Прысуд Бяляцкаму, як і ўвогуле рэпрэсіі апошніх гадоў, варта параўноўваць, напрыклад, з рэпрэсіямі супраць крымскататарскіх актывістаў. Усё гэта – імперскія рэпрэсіі”, – падсумоўвае расейскае выданне.
Галоўнакамандуючы Аб’яднаных узброеных сіл НАТА ў Еўропе, генерал Крыстафер Кавалі ацаніў ваенныя страты Расеі: паранены і загінулі больш за 200 тысяч салдат і больш за 1 800 афіцэраў. Узброеныя сілы РФ страцілі больш за 2 тысячы баявых танкаў. «Наўрад ці можна гаварыць пра надзею на мір», – піша нямецкая газета Die Welt.
„Першая традыцыйная трапеза Маціа ў сенаце Гамбурга пасля пандэміі кароны ў пятніцу ўвечары была адзначана нападам Расеі на Украіну. Маштабы гэтай вайны неверагодныя: пры вялікіх стратах тэхнікі і людзей, расейская армія выпускае больш за 23 тысячы артылерыйскіх снарадаў у дзень. Стала вядома, што АБСЕ гатова падтрымаць мірныя перамовы паміж Расеяй і Украінай.
Напад на Украіну пахіснуў еўрапейскі парадак бяспекі. Высокі прыярытэт набыла ваенная абароназдольнасць. Наступствы расейскага нападу на Украіну адчуваюць і ў Гамбургу. Пагрузка ў порце ўпала, парушаныя ланцужкі паставак прывялі да вузкіх месцаў у вытворчасці. Актуальным праектам Гандлёва-прамысловай палаты Гамбурга з’яўляецца продаж украінскай прадукцыі ў Германіі», – канстатуе нямецкае выданне.
Гішпанія ўзрушана трагедыяй у каталонскім мястэчку Сальен: двое падлеткаў – дванаццацігадовыя сёстры-двайняты: здзейснілі спробу самагубства, выскачыўшы з вакна чацвёртага паверха. Адна з сясцёр загінула, другая з цяжкімі траўмамі дастаўлена ў бальніцу. Мяркуецца, што прычынай спробы суіцыду паслужыў мобінг. З пачатку пандэміі ковіда ў краіне ўзрасла колькасць самагубстваў, аб чым сведчыць афіцыйная статыстыка. Як адзначае прэса, сярод дзяцей і падлеткаў Гішпаніі расце колькасць псіхічных захворванняў. Мясцовая газета Periódico de Catalunya мяркуе, што змяніцца павінна і само грамадства.
«Некаторыя ўсвядомілі наяўнасць праблемы толькі ў сувязі з расследаваннем трагедыі ў Сальене. Паліцыя заклікае не спяшацца з высновамі, паколькі жыццёвыя акалічнасці гэтай сям’і былі вельмі складанымі. Зразумела, што ў краіне назіраецца эпідэмія псіхічных захворванняў сярод моладзі і што нашая сістэма аховы здароўя не гатовая да гэтага. Але таксама дакладна і тое, што медыцычная дапамога павінна быць апошняй інстанцыяй. Да яе ёсць мноства варыянтаў умяшання: культура, выхаванне ў сям’і і ў школе, а таксама вольны час. Так, дзяржава павінна выдзяляць больш сродкаў, але неабходныя і многія іншыя рэчы, якія ад уладаў не залежаць», – падкрэслівае каталонскае выданне.
На Захадзе кітайскі відэададатак і сацыяльная сетка TikTok усё часцей аказваюцца пад прыцэлам крытыкі. З прычыны сумневаў адносна бяспекі, а таксама недастатковай абароны асабістых дадзеных Еўракамісія, а таксама ўрады ЗША і Канады выдалі распараджэнне, якое прадпісвае супрацоўнікам выдаліць TikTok са сваіх службовых смартфонаў. Падобныя меры пачалі прымаць і іншыя краіны. Еўрапейская прэса ўказвае на цэлы шэраг праблем. «Гэта яшчэ адна прыступка ў нарастаючым канфлікце», – папярэджвае французская газета Libération.
«Гісторыя з TikTok выклікае трывогу, паколькі сведчыць пра тое, што астуджэнне адносін паміж Кітаем і краінамі Захаду, якое ўжо мела месца на працягу некаторага часу, зараз перарастае ў сур’ёзную напружанасць, і нават у свайго роду «халодную вайну». Зусім нядаўна мы былі сведкамі інцыдэнту з кітайскім аэрастатам над ЗША, з-за якога свой візіт у Пекін адмяніў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, што, у сваю чаргу, глыбока закранула кітайскае кіраўніцтва. Акрамя таго, ходзяць чуткі аб збліжэнні Кітая і Расеі, пагаворваюць ці ледзь не пастаўках Маскве кітайскіх узбраенняў. А зараз і TikTok вінавацяць ва ўсіх грахах, як у свой час Huawei», – адзначае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя