Агляд прэсы: інтарэсы Расеі і ганьба Вышаградскай чацвёркі



Польская Rzeczpospolita цікавіцца ў экспертаў, якія інтарэсы найперш пераследуе на беларускай тэрыторыі Расея. А чэшскі Respekt даведваецца, за якія заслугі Святлану Ціханоўскую вылучаюць на прэмію Сахарава.

Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Аўтар польскай газеты Rzeczpospolita Анджэй Ламаноўскі піша пра дзіўную так званую інаўгурацыю Лукашэнкі. Адносна гэтай выхадкі негатыўна выказваюцца нават у Маскве, якая засталася апошняй саюзніцай Лукашэнкі. „Гэтая сакрэтная цырымонія з’яўляецца дадатковым штуршком для пратэстаў. Гэты дзень зусім не быў канцом крызісу”, — заявіў расейскі сенатар і намеснік кіраўніка камітэта СНД Канстанцін Затулін. У першы ж вечар маніфестацый пасля гэтай цырымоніі былі арыштаваныя каля 300 чалавек. Пераследванне людзей па вуліцах Менска трывала да позняй ночы. — Лукашэнка ўсё роўна сутыкнуўся бы з грамадскай незадаволенасцю. Менавіта таму ён хацеў, каб гэты пункт парадку дня (інаўгурацыя — рэд.) быў хутка праведзены. Калі б гэта была публічная цырымонія, ён рызыкаваў бы велізарнымі пратэстамі, якія б паказалі, як на самой справе выглядае рэальная сітуацыя ў краіне, — мяркуе беларускі палітолаг Павел Усаў. — Для Расеі важна, каб Лукашэнка не быў адхілены ад улады ў бліжэйшы час, але сам ён не выклікае асаблівага даверу, — кажа Раман Безпалька, дарадца Пуціна па міжнацыянальных адносінах. — Няма ніякіх прыкмет таго, што ён – нават ва ўнутранай палітыцы — неяк моцна дзейнічаў супраць Захаду, – дадаў ён, звярнуўшы ўвагу на тое, што, нягледзячы на ранейшыя пагрозы, Менск не байкатуе літоўскія порты. Чарговым раздражненнем для Масквы з’яўляецца асоба міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, якога яна лічыць „кіраўніком празаходняга клану”, які нібыта забяспечвае нейтралітэт Лукашэнкі ў Еўропе, нават нягледзячы на адмову той прызнаць таго прэзідэнтам краіны. — Калі б сапраўды былі жорсткія санкцыі супраць Беларусі, уся яе палітычная сістэма хісталася б. Захад пашкадуе яго, — пераконвае Безпалька. Заходнія эксперты паказваюць на актывы, над якімі Крэмль хацеў бы атрымаць кантроль, скарыстаўшыся паслабленнем Лукашэнкі. У асноўным гэта два нафтаперапрацоўчыя заводы і два вялізныя хімічныя заводы („Гродна Азот” і „Беларуськалій”), якія даюць Менску дзве траціны экспартных даходаў. Больш за тое, „Газпром” хацеў бы пераняць „Белтрансгаз”, які пастаўляе газ рознічным кліентам. І міністэрства абароны Расеі ўсё роўна хацела б мець свае базы ў Беларусі, піша Rzeczpospolita.

Чэшскае выданне Respekt выходзіць пад загалоўкам „Няма чаго чакаць. Людзі ў Беларусі пакутуюць”. Газета ўзяла інтэрв’ю ў Міхаэлы Шойдравай — дэпутаткі Еўрапарламенту. Менавіта яна прапанавала ўзнагародзіць Святлану Ціханоўскую прэміяй Сахарава, якую Еўрапарламент прысуджае з 1988 года. Я думала пра тое, як падтрымаць беларускую апазіцыю, таму што дыктатар Лукашэнка так проста не здасца. Ён робіць усё для таго, каб здушыць пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў і ўжывае гвалт. Многіх б’юць і саджаюць. Мы ў Еўрапейскім парламенце стараемся падтрымліваць дэмакратыю, правы чалавека і грамадзяніна па ўсім свеце, і зараз смельчакам у Беларусі патрабуецца наша заступніцтва. Адна з магчымасцяў, якія мы маем, гэта якраз прэмія Сахарава. І тэрмін вылучэння на яе кандыдатаў якраз скончыўся на зыходзе жніўня. Святлана Ціханоўская — ідэальны выбар. Прэмія традыцыйна прысуджаецца тым, хто асабіста змагаецца за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека, каго пераследуюць ці хто ў гэтым сэнсе ўвасабляе сабой шырокі рух. Дзякуючы ўзнагародзе іх дзейнасць атрымлівае агалоску. Еўрапейскі парламент, які прадстаўляе грамадзян Еўрапейскага Звязу, тым самым дае зразумець, што лаўрэат не нейкая там перыферыйная і нязначная сіла і не «замежны агент», як іх імкнецца ачарніць Лукашэнка. Наадварот, гэтыя людзі вядуць важную і вартую павагі барацьбу. У прапанове аб вылучэнні таксама стаяць імёны нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, Марыі Калеснікавай, Вольгі Кавальковай, Веранікі Цапкалы, Алеся Бяляцкага, Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча. Усе яны прадстаўляюць Каардынацыйны камітэт беларускай апазіцыі. Мы можам спрыяць таму, каб беларуская апазіцыя, гэта значыць беларуская грамадзянская супольнасць, атрымлівала падтрымку з еўрапейскага бюджэту. Таксама мы можам зрабіць так, каб не адпраўляліся грошы на падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Раней Беларусь атрымлівала фінансавыя сродкі на барацьбу з каронавірусам. На мой погляд, усю дапамогу, апрача дапамогі апазіцыі, трэба спыніць. Неабходна праявіць жорсткасць. Мяркую, што Еўрапейская камісія прыслухаецца да нашага голасу. Мы таксама заклікаем да салідарнасці і дапамогі тым, хто бяжыць з Беларусі.

Пытанне: Як вы ацэньваеце рашэнне чэшскага прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша не запрашаць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі на нядаўнае паседжанне краін Вышаградскай чацвёркі?

Адказ: — На мой погляд, гэта катастрофа. Але больш за ўсё мяне здзіўляе тое, што астатнія прэм’ер-міністры краін Вышаградскай чацвёркі ў гэтым яго падтрымалі. У мяне гэта выклікае здзіўленне і толькі пацвярджае меркаванне аб тым, што Вышаградская чацвёрка — вельмі своеасаблівае аб’яднанне.

Пытанне: — Ці не меў тут рацыі Бабіш, сцвярджаючы, што гэтым магла скарыстацца прапаганда Лукашэнкі і заявіць, што Вышаградская чацвёрка спрабуе праз беларускую апазіцыю ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі? Адказ: — Не, паколькі Лукашэнка ўсё роўна скажа, што мы ўсе ў Еўропе агенты. Чакаць няма чаго, людзі ў Беларусі пакутуюць, — сказала дэпутатка Міхаэла Шойдрава ў інтэрв’ю выданню Respekt.

Беларускае Радыё Рацыя