Агляд прэсы: Іспыт для ўсіх



Лукашэнка як дыктатар-доўгажыхар. Чаго дамогся Пуцін сваёй апошняй паездкай на Блізкі Усход? Выклікі для еўрапейскай адукацыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Agence France-Presse публікуе дзясятку дыктатараў-доўгажыхароў. У гэтым спісе сем афрыканцаў і тры прадстаўнікі постсавецкай прасторы (Рахмон, Лукашэнка і Пуцін)», – піша ўгандскае выданне Monitor. Empower Uganda.

«Безумоўны лідар прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі («афрыканскай Паўночнай Карэі») – 81-гадовы Тэадор Абіянг Нгема, які  прымае Лукашэнку. 44 гады ва ўладзе. Непасрэдныя канкурэнты Абіянга – Поль Бія з Камеруна (41 год ва ўладзе), Дэні Сасу-Нгесо (39 гады ва ўладзе) і Ёверы Мусевені з Уганды (37 гадоў ва ўладзе). Абысці гвінейца ім будзе складана: «камерунскаму сфінксу» ўжо 90, «Ленін з Конга» на 10 гадоў маладзейшы, а „змагару з гомасэксуаламі” з Уганды споўнілася 79. Лукашэнка на сёмым месцы і самы малады фігурант спісу „пажылых дыктатараў”. Паўтарыць вынікі Обіянга, Бія, Сасу-Нгесо і Мусевені яму будзе складана, а вось паспаборнічаць з 71-гадовым Рахмонам з Таджыкістана (5 месца, 31 год ва ўладзе) і Ісаясам Афеверкі з Эрытрэі (6 месца, 30 гадоў ва ўладзе) цалкам зможа», – падкрэслівае ўгандскае выданне.

Нягледзячы на тое, што Пуцін наведаў краіны Персідскага заліва, ЗША па-ранейшаму знаходзяцца ў лепшым становішчы для стварэння міру на Блізкім Усходзе, захоўваючы пры гэтым амерыканскія, арабскія, ізраільскія і глабальныя інтарэсы. «Але самай вялікай перашкодай для гэтай магчымасці з’яўляюцца паводзіны Ізраіля ў адносінах да палестынскага народа. Гэтаму трэба супрацьстаяць адназначна», – заклікае выданне Сярэдняга Усходу The National.

«Неўзабаве пасля візіту ў ААЭ і Саудаўскую Аравію Пуцін прымаў у Маскве прэзідэнта Ірана Эбрагіма Раісі. Кажуць, што там Пуцін заклікаў свайго іранскага калегу не закрываць дзверы намаганням дасягнуць пагаднення па Газе. Відавочна, што калі Ізраіль распачне буйны напад на «Хізбалу» ў Ліване, Іран не застанецца пасіўным. Між тым, Пуцін шукаў падтрымкі ў Раісі ў яго намаганнях па прымірэнні паміж Саўдаўскай Аравіяй і Іранам. У той  жа час як Расея не будзе спрабаваць замяніць Кітай у падтрымцы саўдаўска-іранскага пагаднення, Пекін цяпер заняты сваімі эканамічнымі прыярытэтамі. Пуцін, здаецца, хацеў бы стварыць палітычную кааліцыю з удзелам Масквы, Тэгерана і Эр-Рыяда, ператварыўшы апошніх у партнёраў адзін аднаго, а не праціўнікаў, і прывёўшы, як ён можа бачыць, да большага аддалення Саўдаўскай Аравіі ад ЗША. Рэальнасць такая, што пазіцыі Масквы ў адносінах да Ізраіля і ХАМАС нязручныя, што ставіць перад ёй дылему – новае і нетрадыцыйнае развіццё яе ролі на Блізкім Усходзе можа абмежаваць яе магчымасці. Расея апынулася не ў стане супрацьстаяць Ізраілю і таксама не можа ўтрымацца ад падтрымкі Хамаса. Такім чынам, яна не можа прапанаваць нічога істотнага, каб перанесці праблему Газы на новую стадыю, але можа стварыць бачнасць вяртання на Блізкі Усход, неабавязкова праз палестынскае пытанне, а хутчэй у ірана-араба-ізраільскім кантэксце. Пуцін таксама разумее разлікі і тэрміны выбараў у ЗША. Да сярэдзіны студзеня 2024 года ЗША ўвойдуць у новы выбарчы цыкл, перанакіраваўшы прыярытэты на ўнутраныя праблемы. Гэта магло б даць Пуціну магчымасць аднавіць сваё міжнароднае становішча і заявіць пра сябе як сусветнага гульца», – папярэджвае сярэднеазіяцкае выданне.

На мінулым тыдні былі апублікаваныя вынікі чарговага даследавання PISA – першага пасля пандэміі ковіда. Даследаванні праводзіліся ў 81 краіне АЭСР і ахапілі амаль 700 000 школьнікаў ва ўзросце ад 15 да 16 гадоў. У параўнанні з паказчыкамі мінулых гадоў у большасці краін вынікі аселі. Верхнія радкі рэйтынгу займаюць амаль выключна ўсходнеазіяцкія дзяржавы, але таксама і Эстонія. Даследаванне PISA паказала адкат ва ўзроўні ведаў і ў Славеніі. «І нават, нягледзячы на той факт, што па матэматыцы і прыродазнаўчых навуках краіна знаходзіцца вышэй за іншыя дзяржавы АЭСР, – спачываць на лаўрах не варта», – лічыць славенскае выданне Primorske novice.

«Любое прамаруджванне з рэформамі наносіць максімальную шкоду моладзі, якая неўзабаве выйдзе на рынак працы, створыць сем’і і зоймецца ўсім тым, што мае на ўвазе дарослае жыццё. І на гэты шлях моладзь выйдзе пасталелай, але не ўмелай разлічваць крэдытныя рызыкі, якая не кіруецца ў сваіх дзеяннях прынцыпамі абароны навакольнага асяроддзя, а часам і не ўмелай нават разабрацца ў інструкцыі па эксплуатацыі той ці іншай прылады. Дзяржава, сістэма адукацыі, настаўнікі і дарослыя ў цэлым завінаваціліся моладзі рэальныя рэформы», – падкрэслівае славенскае выданне.

Ліберальны ўрад Эстоніі абвясціў пра намер скараціць дапамогу па доглядзе за дзіцем. На сёння яно выглядае даволі шчодрым: адзін з бацькоў атрымлівае поўны заробак да дасягнення дзіцем паўтарагадовага ўзросту. Гэтая мера была ўведзена ў 2003 годзе з-за нізкай нараджальнасці, якая назіралася ў постсавецкія гады. Цяпер узровень нараджальнасці адпавядае сярэдняму еўрапейскаму паказчыку і складае каля 1,6 дзіцяці на адну жанчыну. Эстонская газета Postimees прытрымліваецца супрацьлеглага пункту гледжання, і не хавае свайго гневу і абурэння.

«Хоць у цяперашні час у Эстоніі самы нізкі ўзровень нараджальнасці за апошнія сто гадоў і мы сутыкнуліся з дэмаграфічным крызісам (гэта значыць, калі цяперашнія тэндэнцыі захаваюцца, мы вымрам як нацыя), ураду ўяўляецца, што скараціць дапамогу па догляду за дзіцем – добрая ідэя. Гэтая ініцыятыва суправаджаецца рыторыкай аб дапаможніках з папярэдняй праверкай таго, ці на самой справе маецца патрэба ў дапамозе, а гэта можа азначаць, што больш заможныя бацькі не будуць атрымліваць дапамогу гэтак жа доўгі час, як і меней заможныя бацькі, а кажучы больш агульна – за грошы дзяцей не купіш. Па-за ўсякім сумневам гэта так, але, на жаль, грошы вельмі неабходныя для выхавання дзяцей у сённяшняй Эстоніі, якая ператварылася ў дарагую краіну скандынаўскага ўзору», – адзначае эстонскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка