Агляд прэсы: ізноў нішто не вырашанае



Ці толькі Беларусь саюзніца Расеі ў вайне ва Украіне? Што чакае Балгарыю пасля парламенцкіх выбараў? Чарнагорыя: новы прэзідэнт – новы шлях у Еўропу. «Не» электрасамакатам у Парыжы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Даволі відавочна, хто з’яўляецца антаганістамі Расеі на сусветнай арэне, але разуменне таго, якія краіны лічаць сябе саюзнікамі Крамля, патрабуе больш дэталёвага погляду», – піша англамоўная ўкраінская газета The Kyiv Post і прыводзіць спіс такіх саюзнікаў, дзе першае месца займае Беларусь.

«У Расеі розныя саюзнікі – адны, якія прапануюць сваю поўную падтрымку, і іншыя, такія як Індыя і Кітай, якія ўстрымліваюцца ад ухвалення поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, хоць і адмаўляюцца яго асуджаць.

Добрае месца, каб пачаць шукаць, хто цалкам стаіць за ўварваннем Расеі ва Украіну – гэта вывучыць, хто галасаваў супраць рэзалюцыі ААН ад 23 лютага 2023 г., якая заклікала «спыніць вайну ва Украіне і патрабавала неадкладнага вываду Расеі з краіны, адпаведна са Статутам ААН». Супраць рэзалюцыі прагаласавалі толькі Расея, Беларусь, Сірыя, Паўночная Карэя, Малі, Нікарагуа і Эрытрэя. У ваенным плане Беларусь з’яўляецца найбуйнейшым прыхільнікам Расеі, бо яна дазволіла выкарыстоўваць сваю зямлю і паветраную прастору сілам Крамля. Нягледзячы на тое, што дагэтуль супраціўляўся ціску з боку Пуціна аб адпраўцы войскаў ва Украіну, беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка не сумняваўся з нагоды тысяч ракет, запушчаных з яго тэрыторыі па гарадах Украіны. У Лукашэнкі мала выбару ў гэтым пытанні, улічваючы, што ён усё яшчэ знаходзіцца ва ўладзе толькі таму, што Расея дапамагла яму здушыць народнае паўстанне пасля выбараў у 2020 годзе», – адзначае ўкраінскае выданне.

Балгарыя які раз затрымалася ў палітычным тупіку. Чарговыя парламенцкія выбары – пятыя па ліку за апошнія два гады, не выявілі адназначнай перамогі якой-небудзь з партый. Правацэнтрысцкі альянс былога прэм’ер-міністра Бойкі Барысава і празаходні ліберальна-кансерватыўны блок яшчэ аднаго адстаўнога прэм’ера Кірыла Пяткова набралі па чвэрці галасоў кожны. Прэса разыходзіцца ў сваіх ацэнках: адны аглядальнікі выкананы аптымізму, іншыя ж не бачаць для яго ні найменшай нагоды. Румынскі партал Spotmedia перажывае за лёс краіны.

«Стан справаў у Сафіі можна параўнаць з сітуацыяй у Ізраілі, дзе пасля цэлага шэрагу выбараў спачатку ўдалося атрымаць гістарычную перамогу, адхіліць Біньяміна Нетаньяху ад улады і стварыць урад без удзелу гэтага «вечнага» прэм’ера. Аднак затым усё вярнулася на кругі свая, і зараз рэжым усё больш набывае рысы аўтакратыі. Балгары ў свой час таксама вырашылі развітацца з манаполіяй Барысава і выбраць праеўрапейскі ўрад. Але, як і ў Ізраілі, абранай палітычнай альтэрнатыве не дасталася нават адной кадэнцыі, на працягу якой яна магла б прадэманстраваць сваю кампетэнтнасць; усё засланілі сабой адразу некалькі новых перашкод: пандэмія, вайна і сацыяльна-эканамічны крызіс», – адзначае румынскае выданне.

Пераможцам другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Чарнагорыі стаў 36-гадовы Якаў Мілатовіч, які прадстаўляе рух «Еўропа цяпер». Яму ўдалося атрымаць перамогу над «Міла Джукановічам», які стаяў на чале краіны на працягу больш за трыццаць гадоў, займаючы то крэсла прэм’ер-міністра, то прэзідэнцкую пасаду. Пры Джуканавічы ў 2006 годзе краіна здабыла незалежнасць. Перамога Мілатовіча не ў апошнюю чаргу абумоўлена тым, што за яго прагаласавала па-сербску настроеная частка насельніцтва. Аглядальнікі аналізуюць няпростую сітуацыю, якая склалася ў краіне. «Не варта разлічваць на тое, што Мілатовіч хутка прывядзе краіну ў Еўразвяз», – папярэджвае нямецкая газета taz.

«Чарнагорыя павінна шукаць апору ў Еўропе, але таксама і ў Сербіі, – заяўляў Мілатовіч падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі. Той факт, што ён пераняў сербскі гістарычны наратыў і абвінавачвае ў вайне 90-х гадоў Харватыю і Боснію, але замоўчвае аб сербскіх злачынствах у Вукавары, Дуброўніку і Срэбраніцы, – частка гэтай стратэгіі. Але як бы там ні было, Джукановіч, які прайграў выбары, набраў свае 40 працэнтаў галасоў! Барацьба паміж двума лагерамі яшчэ далёка не скончана», – папярэджвае нямецкае выданне.

На рэферэндуме, які прайшоў у нядзелю, парыжане амаль аднагалосна выказаліся за забарону пракату электрасамакатаў у сталіцы. На карысць забароны было аддадзена 89 працэнтаў галасоў. З-за электрасамакатаў у Парыжы неаднаразова здараліся аварыі і ўзнікалі небяспечныя сітуацыі на дарогах і тратуарах. Адзінае «але» у гэтай сітуацыі: сваім правам голасу скарысталіся толькі 7,45 працэнты выбаршчыкаў французскай сталіцы! Еўрапейская прэса піша пра тое, ці варта было наогул праводзіць галасаванне, і ці легітымная такая забарона. «Рэферэндумы – гэта не дэмакратычная чароўная палачка», – папярэджвае каталонская газета El Periódico de Catalunya.

«Мэр Парыжа Ан Ідальга хацела б правесці рэферэндумы і па іншых пытаннях. Вынік быў ашаламляльным. 89 працэнтаў выбаршчыкаў (103 тысячы чалавек) прагаласавалі супраць электрасамакатаў. 103 тысячы галасоў – нямала, але ўсё ж гэта ўсяго толькі восем працэнтаў ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. А таму рэферэндумы і выклікаюць шмат спрэчак. Калі гаворка ідзе пра фундаментальныя пытанні, якія падзяляюць грамадства, такія галасаванні ўтойваюць у сабе і немалыя рызыкі. Рэферэндум у Шатландыі – і яго вынік: «Не» незалежнасці – зусім не зняў пытанне аб выхадзе са Злучанага Каралеўства з парадку дня. А пра брэкзіт, рашэнне аб якім таксама было прынята па выніках усеагульнага галасавання, зараз шкадуе большасць насельніцтва. Рэферэндумы па лакальных і абарачальных пытаннях куды цікавейшыя. Але для таго каб яны былі эфектыўнымі, неабходна вызначыцца з мінімальнай яўкай!», – заклікае каталонскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя