Агляд прэсы: калі час – супраць



Ці ўступіць Беларусь у вайну на баку Расеі? Ці апынецца ўвесь Данбас пад Масквой? Канферэнцыя ў Лугана: позірк у будучыню. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

На працягу многіх тыдняў у свеце растуць асцярогі наконт таго, што армія Лукашэнкі можа далучыцца да расейскай агрэсіі, і ўварвацца ва Украіну. Пуцін ужо заявіў аб тым, што дасць Менску ракетныя комплексы Іскандэр, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. У панядзелак у сваім выступе Лукашэнка падкрэсліў, што падтрымлівае дзеянні Расеі ва Украіне. Вялікабрытанія неадкладна аб’явіла аб увядзенні новых санкцый. Чым усё можа абярнуцца?

Румынская газета Spotmedia сумняваецца ў тым, што Беларусь уступіць у вайну.

«Для Лукашэнкі ўварванне падобна да вострага мяча з абодвух канцоў. Усё роўна, наколькі старанна ён спрабуе дагадзіць свайму старэйшаму партнёру; але калі ён аддасць загад аб уварванні і войска яму не падпарадкуецца, то гэта будзе азначаць ягоны канец. Цалкам магчыма, што непадпарадкаванне выльецца ў народнае паўстанне, якое выкіне яго на звалку гісторыі. Пуцін гэта напэўна таксама разумее, і таму не змушаў Лукашэнку далучыцца да ўварвання. Паўстанне ў Беларусі азначала б для Пуціна страту апошняга саюзніка з усіх. Менавіта таму козыр з уступленнем у вайну Беларусі Пуцін разыграе ў самую апошнюю чаргу», – адзначае румынскае выданне.

Расея працягвае заваёўваць новыя тэрыторыі на ўсходзе Украіны: у выніку захопу Лісічанска, з якога ў мінулы панядзелак выйшла ўкраінская армія, Луганская вобласць практычна цалкам апынулася пад акупацыяй. Расейскія войскі працягваюць наступ на апошнія гарады Данецкай вобласці, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад кантролем Украіны. Аднак, як мяркуюць аглядальнікі, зыход вайны далёка не вырашаны.

«Здача Лісічанска – гэта параза для Украіны, прычым перш за ўсё ў псіхалагічным плане», – адзначае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Зяленскі і яго Генеральны штаб мелі спробу ўтрымаць Севераданецк і Лісічанск, спалучаную з вялікімі стратамі, не меншай значнасцю, чым апошнія дні апошніх байцоў на камбінаце Азоўсталь у Марыупалі. Размова ішла не толькі аб квадратных кіламетрах і стратэгіі, але і аб пачуцці: мы можам справіцца. Цяпер украінцам яшчэ складаней рэалізаваць тое, што на мове вайны завецца «захаваць баявы дух». Урад у Кіеве па-ранейшаму карыстаецца вялікай падтрымкай, украінцы па-ранейшаму гатовыя змагацца. Але час – на баку расейцаў», – мяркуе нямецкае выданне.

У швейцарскім Лугана завяршылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная аднаўленню Украіны ад наступстваў расейскай агрэсіі. Першапачаткова тэмай канферэнцыі павінна была стаць барацьба з карупцыяй, аднак ход падзей унёс свае карэктывы. Паводле ацэнак Кіева, на аднаўленне краіны спатрэбіцца не менш як 720 мільярдаў еўра. У выніковай заяве больш за 40 краін свету і міжнародных арганізацый паабяцалі аказаць Украіне неабходную падтрымку.

Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung раіць цвяроза глядзець на рэчы.

«Нават у тых рэгіёнах, якія Украіне атрымалася адваяваць, няма гарантыі таго, што Расея новымі ўдарамі не разбурыць тое, што будзе зноўку адбудавана на грошы Захаду. Сёння ўвогуле ніхто не ў стане сказаць, якія рэгіёны менавіта Украіны застануцца незалежнымі, што вельмі абмяжоўвае гарызонт планавання. А тое, што Украіна стане ўзорнай зялёна-дэмакратычнай краінай – такія планы куды лягчэй будаваць у Лугана, чым ажыццяўляць у Кіеве. Не трэба заплюшчваць вочы і на праблемы з карупцыяй і алігархамі: грошы заходніх падаткаплацельшчыкаў не павінны бясследна расцячыся па нейкіх каламутных карупцыйных каналах», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Над галавой прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі зноў згушчаюцца хмары: з-за нязгоды з дзеяннямі кіраўніка ўрада ў аўторак у адстаўку падалі адразу два члены кабінета: міністр фінансаў Рышы Сунак і міністр аховы здароўя Саджыд Джавід. Сваё рашэнне яны прынялі па выніках цэлай серыі скандалаў унутры ўрада і партыі торы.
«Джонсан разбазарыў давер з боку сваёй партыі ды і ўсіх грамадзян краіны»,
– такі вынік падводзіць брытанская газета The Times.

«Малаверагодна, што Джонсан атрымаецца акрыяць ад гэтага ўдару і аднавіць свой аўтарытэт – аўтарытэт, які так неабходны для эфектыўнага кіраўніцтва краінай у сітуацыі вострага крызісу. З кожным днём яго знаходжання ва ўладзе адчуванне хаосу толькі ўзмацняецца. Ён павінен сысці на карысць краіны. На пасадзе прэм’ера Джонсан апынуўся, дзякуючы тым самым рысам свайго характару, што выяўляліся падчас усёй яго кар’еры: гатоўнасці няспынна хлусіць і абсалютнай непавазе да агульнапрынятых нормаў і правіл, на якіх грунтуецца грамадскае жыццё», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя