Агляд прэсы: калі двое – лепш
Няёмкае вітанне Лукашэнкі з Пуціным. Варшава з пашанай сустрэла Зяленскага. Планы Францыі вакол Кітая. Грэцыя падаўжае памежную загароду ўздоўж Эўраса. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Наўрад ці знойдзецца шмат людзей на планеце, якія маглі б сказаць, што Уладзімір Пуцін выглядае стомленым. Але паколькі жорсткая вайна расейскага прэзідэнта ва Украіне пакідае яго ўсё больш і больш ізаляваным на сусветнай арэне, магчыма, ён стараецца не занадта раззлавацца на сяброў, якія ў яго ўсё яшчэ ёсць. На сустрэчы ў Маскве Лукашэнка сказаў Пуціну што ён выглядае крыху стомленым, і усё гэта выглядала даволі няёмка», – піша брытанская газета The Metro.
„Пуцін паціснуў плячыма, абодва лідары цёпла абняліся, але Лукашэнка не адпусціў гэтага, дадаўшы: «Я вам кажу, стомлены прэзідэнт!». Дыктатар, які кіруе Беларуссю ў якасці прэзідэнта з 1994 года, з’яўляецца адным з нямногіх сяброў расейскага лідара ў Еўропе. Сустрэча іх праходзіла напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай Дзяржавы. Расея з’яўляецца найбуйнейшым фінансавым заступнікам Менска, а таксама яго бліжэйшым палітычным саюзнікам, у тым ліку ў вайне ва Ўкраіне. У той жа дзень, калі Фінляндыя афіцыйна ўступіла ў НАТА, міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў, што беларускія самалёты здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. Гэтая навіна прыйшла крыху больш чым праз тыдзень пасля таго, як Пуцін заявіў, што яго краіна заключыла з Беларуссю пагадненне аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на яе тэрыторыі”, – адзначае брытанскае выданне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў з афіцыйным візітам Польшчу. Яго прымалі з усімі ўшанаваннямі, прэзідэнт Дуда ўручыў яму вышэйшую ўзнагароду Рэспублікі Польшча – ордэн Белага арла. Візіт прэзідэнта Украіны ў Варшаву падкрэсліў цесную сувязь дружбы, якая звязвае абедзве краіны ў такія няпростыя часы. У ходзе візіту размова ішла сярод іншага і аб далейшых пастаўках узбраенняў: у тым ліку знішчальнікаў МіГ-29. Бакі таксама абмеркавалі перспектывы развіцця добрасуседскіх адносін у будучым, калі вайна скончыцца. «Візіт Зяленскага ў Польшчу кажа пра тое, што Украіна наладжвае ўсё больш цесныя сувязі з Польшчай, з краінамі Скандынавіі і Балтыі», – піша ўкраінскае выданне Espreso.
«Візіт Зяленскага ў Польшчу – знакавы. Гэта першы буйны візіт пасля паездкі ў ЗША і Заходнюю Еўропу. Наперадзе – афармленне дарожных карт у напрамку рэгіянальнай інтэграцыі. Умоўны саюз паміж краінамі Балтыі, Скандынавіі, Польшчай і Украінай – тут можна казаць пра пэўную дэкларатыўнасць і абмеркаванне дарожнай карты. Хутчэй за ўсё, гаворка пойдзе і аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве», – прагназуе ўкраінскае выданне.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон разам са старшынёй Еўракамісіі Уршулай фон дэр Ляен адправіўся ў Кітай для сустрэчы з лідэрам КНР Сі Цзіньпінам. У папярэдняй прамове Макрон высока ацаніў кітайскую мірную ініцыятыву па Украіне і падкрэсліў, што Еўропа павінна працягваць развіваць дыялог з Кітаем, паколькі было б няправільным аддаваць усё на водкуп Расеі. Большая частка еўрапейскай прэсы лічыць, што Пекін таксама мусіць быць зацікаўлены ва ўмацаванні сувязяў з Еўропай. «Прэзідэнт Францыі хоча пераканаць Пекін у тым, што Масква – не той партнёр», – піша ірландская газета The Irish Times.
«Дарадцы Макрона сцвярджаюць, што ён разглядае Кітай як адзіную краіну, здольную аказаць «радыкальны і непасрэдны ўплыў» на канфлікт ва Украіне і што кітайскі погляд на вайну яшчэ канчаткова не сфарміраваны. Гэта, як заяўляюць французы, дае Парыжу магчымасць адціснуць Кітай ад Расіі, і найперш у пытанні паставак зброі. Задача Макрона будзе заключацца ў наступным: пераканаць Сі ў тым, што ў палітычных і эканамічных адносінах Кітай больш выйграе ад умацавання сваіх сувязяў з дынамічнымі і квітнеючымі рынкамі Еўропы, чым з аўтакратам, які церпіць паражэнне, у Маскве», – адзначае ірландскае выданне.
Грэцыя мае намер пашырыць загароду на мяжы з Турцыяй – нават калі гэтым ёй давядзецца заняцца ў адзіночку. Пра гэта на мінулым тыдні заявіў прэм’ер-міністр краіны Кірыякас Міцатакіс. Агароджу даўжынёй 37,5 км уздоўж ракі Марыца (Эўрас) плануецца павялічыць яшчэ на 35 км. Брусель раней неаднаразова адхіляў патрабаванні Афін выдзеліць на гэта сродкі з бюджэту ЕЗ. Апазіцыя папракае Міцотакіса ў тым, што гэтымі заявамі і дзеяннямі ён усяго толькі спрабуе прыцягнуць галасы выбаршчыкаў з правага флангу. Грэчаская газета Naftemporiki не бачыць сэнсу ў далейшым будаўніцтве плота.
«Тэарэтычна і ў адпаведнасці з пераважным наратывам загарода ўздоўж Эўраса мае дзве мэты: абарона межаў і бяспекі краіны, а таксама абарона мясцовага насельніцтва. На практыцы ж бяспека краіны і яе жыхароў знаходзіцца пад пагрозай зусім не ў большай ступені, чым у астатняй Еўропе. У насельніцтва рэгіёну Эўрос маюцца больш сур’ёзныя прычыны турбавацца аб (неіснуючым) прытоку мігрантаў. Бо насельніцтва рэгіёна за апошнія дзесяць гадоў знізілася на 9,5 працэнта. Іншымі словамі: меры па інтэграцыі мігрантаў – куды карысней, чым плот гарадзіць, асабліва калі ўлічыць, што ў гэтым годзе Грэцыя адчувае недахоп каля двухсот тысяч працоўных у сельскай гаспадарцы, турызме і будаўніцтве», – піша грэчаскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя