Агляд прэсы: калі Кіпр таксама супраць
Новыя санкцыі Еўразвязу накіраваныя персанальна супраць Лукашэнкі. Азербайджан актыўна прасоўвае сваю пазіцыю ў Амерыцы. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
-У панядзелак міністры замежных спраў краін-членаў Еўразвязу ўзгаднілі новыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі з атручваннем апазіцыянера Аляксея Навальнага і супраць беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, піша выданне Politico. У дачыненні да Беларусі еўрапейскія міністры «прыйшлі да палітычнага пагаднення аб пачатку падрыхтоўкі наступнага пакета санкцый, у які будзе ўключаны сам Лукашэнка», — сказаў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. У гэтай краіне працягваюцца дэманстрацыі, што пачаліся пасля выбараў, якія адбыліся дзявятага жніўня, і вынікі якіх людзі не прызнаюць, а Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе на працягу 26 гадоў, заяўляе, што перамог, набраўшы 80% галасоў. Еўразвяз раней ужо ўвёў абмежавальныя захады ў дачыненні да 40 асоб, прызнаных адказнымі за рэпрэсіі і запалохванне пратэстоўцаў, а таксама за парушэнні на выбарах. Але да цяперашняга моманту Еўразвяз не паддаваўся на заклікі такіх краін, як Нямеччына, Літва і Румынія, унесці Лукашэнку ў санкцыйны спіс (ён быў у санкцыйным спісе Еўразвязу да 2016 года, пакуль не вызваліў некалькіх палітвязняў). Па словах дыпламатаў, Еўразвяз павінен падыходзіць да развязання гэтага пытання «паступова» і паспрабаваць падштурхнуць Лукашэнку да дыялогу. Падчас сустрэчы, якая адбылася ў панядзелак, Барэль падтрымаў прапанову ўключыць у спіс самога Лукашэнку. Паводле яго слоў, сярод прычын гэтага кроку «непрапарцыйнае прымяненне сілы супраць дэманстрантаў» і адмова ўступаць у дыялог пры садзейнічанні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. «Шэраг краін ўключыў у спіс новыя імёны, у тым ліку і самога Лукашэнку, і ўсе краіны-члены уніі прынялі гэтую прапанову», — сказаў былы міністр замежных спраў Іспаніі, дадаўшы, што з боку Лукашэнкі назіраецца «поўная адсутнасць жадання ўдзельнічаць у перамовах». Раней увядзенне санкцый у дачыненні да Беларусі было адкладзена на некалькі тыдняў з-за таго, што Кіпр хацеў адначасова прыняць дадатковыя абмежавальныя захады супраць Турэччыны. Але на гэты раз працэс пойдзе хутчэй, сказаў Барэль: «Структурныя перашкоды для ўвядзення санкцый цяпер пераадолены». Пра сітуацыю пісала выданне Politico.
Амерыканская газета The American Conservative апісвае Нагорна-Карабахскі канфлікт, які, як мы паспелі пераканацца, сур’ёзна ўплывае і на, здавалася б, далёкую ад спрэчнага рэгіёна Беларусь. Дакументы паказваюць, як Баку актыўна працуе ў Вашынгтоне, пераконваючы сталічную эліту ў тым, што Арменія з’яўляецца агрэсарам, а ЗША павінны аддаць перавагу Азербайджану. Канфлікт з нагоды маленькага армянскага анклава ўнутры Азербайджана напальваецца, аднак бітвы з-за Нагорнага Карабаху ідуць не толькі на Каўказе, але і на Капіталійскім узгорку. Гэта бітва за розумы і сэрцы вашынгтонскіх заканадаўцаў. З таго часу, як 27 верасня пачаліся баявыя дзеянні, загінулі ўжо сотні чалавек. Азербайджанскія беспілотнікі лётаюць у 30 кіламетрах ад армянскай сталіцы Ерэвана, а армяне нанеслі ўдар па ваеннай базе, якая знаходзіцца ў другім горадзе Азербайджана Гянджы. І без таго добра ўзброены Азербайджан, які акрамя таго мае нафтагазавыя даходы, атрымлівае дапамогу ад Турэччыны, якая з’яўляецца саюзніцай Амерыкі. Турэцкія беспілотнікі і самалёты наносяць страты грамадзянскаму насельніцтву Арменіі. Над армянамі зноў навісла пагроза этнічных чыстак. Між тым, Азербайджан ўзмацняе сваю піяр-кампанію, карыстаючыся паслугамі не адной, а цэлых шасці уплывовых фірмаў па фарміраванні грамадскай думкі. У мінулым годзе гэтая краіна выдаткавала на лабіяванне 1 мільён 300 тысяч даляраў. Арменія традыцыйна праводзіць лабісцкую дзейнасць праз сваю дыяспару ў ЗША. Але на Ерэван працуе толькі адна фірма. Пасля 2016 года Азербайджан крыху саслабіў лабісцкую дзейнасць з-за падзення курсу сваёй валюты, аднак праведзеныя ў рамках закона «Аб рэгістрацыі замежных агентаў» замеры дакументальна пацвярджаюць рэзкі скачок актыўнасці Баку ў апошні час. Турэцкі ўдзел у канфлікце аказаўся настолькі відавочным, што Канада спыніла пастаўкі зброі Анкары да таго часу, пакуль не высветліць, ці па правілах ваюючыя ў Азербайджане сілы ўжываюць беспілотнікі. Аднак амерыканская ваенная дапамога Азербайджану, якая склала ў 2018 і 2019 гадах прыкладна 100 мільёнаў даляраў, ідзе туды бесперапынна. Між тым, некаторыя азербайджанскія прапагандысты мінулых гадоў за плату пішуць артыкулы, не раскрываючы канфлікты інтарэсаў. Брэнда Шафер, чый артыкул атрымаў рэдактарскі каментар і тлумачэнні ад «Вашынгтон Пост» і «Нью-Ёрк Таймс», цяпер піша пра армяна-азербайджанскі канфлікт для Фонду ў абарону дэмакратый. Шафер не расказала рэдакцыі «Нью-Ёрк Таймс», што раней яна працавала дарадцам ў азербайджанскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі. Няма такога прызнання і ў яе апошнім артыкуле для Фонду ў абарону дэмакратый, хоць ён прысвечаны таму, як «армяна-азербайджанскі канфлікт пагражае еўрапейскай энергетычнай бяспецы». А Шафер з’яўляецца старэйшым дарадцам фонду па пытаннях энергетыкі. Яе артыкул нельга назваць нейтральным, бо яна паведамляе, што канфлікт «пачаўся пасля распаду Савецкага Саюза, калі Арменія напала на суседні Азербайджан, захапіла амаль 20% яго тэрыторыі, а амаль мільён азербайджанцаў ператварыла ва ўцекачоў». Выснова такая: гэтыя дакументы рэабілітуюць Азербайджан і абяляюць яго ролю ў канфлікце, а Арменія ў іх паўстае ў якасьці агрэсара, — лічыць выданне The American Conservative.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: severpost.ru