Агляд прэсы: калі ўсё пераправерыць
У Беларусі пачынаюцца „мабілізацыйныя вучэнні”. У Славакіі прэзідэнт Чапутава вырашыла сысці. Партугалія: гандаль людзьмі ў футбольным асяроддзі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларусь, саюзьнік Расеі ў вайне з Украінай, заявіла ў сераду, што яе ўзброеныя сілы пачынаюць 10-дзённыя штогадовыя «мабілізацыйныя вучэньні», – піша арабская газета Аlarabiya.
«У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што мэта вучэнняў – ацэнка ступені падрыхтаванасці дзяржаўных структур да мабілізацыі рэзервістаў. Усе беларускія мужчыны павінны праходзіць ваенную службу і заставацца ў запасе пасля яе заканчэння. Пры гэтым Беларусь дазволіла Расеі выкарыстаць яе ў якасці адной са стартавых пляцовак для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў мінулым годзе. З тых часоў яна часта праводзіць вучэнні з Расеяй і дазваляе расейскім войскам выкарыстоўваць свае базы для трэніровак. У гэтым месяцы Беларусь атрымала расейскія тактычныя ядзерныя ракеты, якія, паводле прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна, былі прызначаныя ў якасьці папярэджання Захаду. Беларускія войскі наўпрост не ўступілі ў вайну на баку Расеі, але Лукашэнка заявіў, што яго краіна ўступіць у канфлікт у выпадку «поўнамаштабнай агрэсіі» супраць яе. Беларусь знаходзіцца на поўнач ад Украіны, і апошняй неабходна прыкрыць рызыку новай атакі з гэтага кірунку, калі яна нарошчвае свой новы контрнаступ супраць расейскіх войскаў на поўдні і ўсходзе краіны», – папярэджвае арабскае выданне.
Падчас свайго візіту ў Кітай дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен сустрэўся са сваім калегам Цінь Ганем і галоўным дыпламатам КНР Ванам І, а ў панядзелак яго прыняў асабіста прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін. Еўрапейская прэса мяркуе, што гэта добры знак – нават на фоне таго, што перамовы пакуль што ніякіх канкрэтных вынікаў не прынеслі. «Сустрэча паміж Сі і Блінкенам мела пад сабой і эканамічную падаплёку», – дзеліцца сваімі меркаваннямі заграбская газета Jutarnji list.
«Справы ў кітайскай эканомікі ідуць не зусім, і ў гэтым – адна з прычын таго, чаму дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена прымалі на ўсіх урадавых узроўнях. Рост прамысловай вытворчасці і дробны гандаль у Кітаі стагнуюць, Нацыянальны банк зніжае працэнтныя стаўкі, а інвестары чакаюць стымулюючых мер на падатковым узроўні. Збольшага менавіта таму Сі Цзіньпін, генеральны сакратар Камуністычнай партыі Кітая і прэзідэнт Кітайскай Народнай Рэспублікі, у завяршэнне візіту Блінкена прымаў яго ў Доме народных сходаў, у якім прымаюцца кіраўнікі дзяржаў. Вось у якім святле трэба разглядаць гэтую сустрэчу», – падкрэслівае харвацкае выданне.
Нягледзячы на высокія рэйтынгі папулярнасці, прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава не мае намеру балатавацца на другі тэрмін, а прэзідэнцкія выбары пройдуць ужо наступнай вясной. Сваё рашэнне Чапутава абгрунтавала тым, што ёй не хапае сілы. Журналісты задаюцца наступным пытаннем: ці ёсць нагода турбавацца пра стабільнасць краіны? Славацкая газета Denník N раіць не рабіць з гэтага трагедыю.
«Пяць гадоў таму толькі нямногія маглі паверыць у тое, што Зузана Чапутава выйграе прэзідэнцкія выбары. Магчыма, яна і сама ў гэта не вельмі верыла. Апроч гэтага яна была практычна невядомая большай частцы насельніцтва краіны. Рабіць трагедыю з памкненняў палітыка, які хутка набраўся вопыту, проста недарэчна. Чаму трэба абавязкова меркаваць, што яе гісторыю не зможа паўтарыць ніхто іншы? У тым і заключаецца сіла дэмакратыі, што яе прыхільнікі разглядаюць палітыкаў як сваіх прадстаўнікоў, а не ў якасці ідалаў. Апошняе характэрна для прыхільнікаў недэмакратычнага лагера. Дэмакратыя справіцца з заўчасным сыходам з палітыкі Зузаны Чапутавай», – канстатуе славацкае выданне.
Партугальская паліцыя выявіла ў прыватнай футбольнай школе 80 непаўналетніх мігрантаў, якія не маюць дакументаў, якія давалі б ім права на знаходжанне ў краіне. Большасць з іх – выхадцы з Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі. У гэтым «пансіянаце» яны ўтрымліваліся фактычна ў турэмных умовах. Мяркуючы па ўсім, за сеткай гандлю людзьмі стаіць Марыу Кошта, старшыня галоўнага сходу Партугальскай футбольнай лігі. Прэса не хавае свайго абурэння падобнай практыкай «вырошчвання талентаў». Партугальская газета Correio de Manhã задаецца пытаннем, чаму ніхто не пачаў біць трывогу раней.
«Фігурантам расследавання ў стаўленні сеткі гандляроў людзьмі з’яўляецца адзін з кіроўных функцыянераў Лігі. У гэтым прыстанішчы заганы існуе вельмі своеасаблівае спалучэнне інтарэсаў і сувязяў, легальнасць і празрыстасць якіх яшчэ трэба будзе растлумачыць. Футбольныя клубы і акадэміі, спонсары, страхавыя кампаніі і міністэрствы, Ліга і футбольная асацыяцыя, сам прафсаюз, у адносінах да якога цяжка ўявіць, быццам там ніхто не быў у курсе таго, што адбываецца – усе яны павінны задаць сабе пытанне аб тым, як жа такое стала магчымым, а таксама праверыць усе механізмы кантролю і правесці стараннае расследаванне гэтай практыкі навучання маладых футбалістаў», – адзначае партугальскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя