Агляд прэсы: Калі вінаваты іншыя
Амбіцыі ЕЗ паказваюць, што беларуская апазіцыя ў выгнанні не мае сувязі. ЕЦБ зноў павысіў ключавую стаўку. Разбуральная паводка ў Лівіі. „Бандыцкі” Стакгольм. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
На канферэнцыі ў Варшаве ў мінулым месяцы беларуская апазіцыя на чале са Святланай Ціханоўскай прыняла „Дэкларацыю пра будучае сяброўства Беларусі ў Еўрасаюзе”. Цяпер Ціханоўская прызначыла дарадцу для прасоўвання гэтай мэты і пацвердзіла гэта на гэтым тыдні на выступе ў Еўрапарламенце. „Еўрасаюзныя памкненні Святланы Ціханоўскай могуць яшчэ больш падзяліць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі”, – лічыць амерыканскае выданне Opendemocracy.
«Такая пазіцыя Ціханоўскай, якая працуе ў выгнанні пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у сваёй краіне ў 2020 годзе, рызыкуе павялічыць дыстанцыю паміж яе камандай і патрабаваннямі беларусаў, якія жывуць у краіне. Апазіцыя ў краіне і сетка кампаній і груп актывістаў, вядомых як „грамадзянская супольнасць”, былі знішчаны. Цяпер у Беларусі больш палітвязняў адносна насельніцтва, чым у Кітаі. Рэжым душыць любыя сімвалы беларускай ідэнтычнасці, супярэчныя ўласнаму нацыянальнаму праекту. Беларусы заўсёды разрываліся паміж прарасейскімі і праеўрапейскімі пазіцыямі, прычым Расея была больш моцнай сілай. Рэшткі апазіцыйнага руху ў краіне адчуваюць, што тыя, хто знаходзіцца ў эміграцыі, усё больш адрываюцца ад іх клопатаў. Магчыма, па іроніі лёсу, ЕЗ сам адыграў ролю „навядзення мастоў”, заахвочваючы офіс Ціханоўскай у выгнанні адкрываць лініі сувязі з апазіцыяй у краіне. Гэтыя важныя масты яшчэ могуць быць спалены, калі Ціханоўская будзе працягваць ідэю ўступлення ў ЕЗ”, – папярэджвае амерыканскае выданне.
Еўрапейскі цэнтральны банк чарговы раз узняў ключавую стаўку, ужо дзясяты раз з леташняга ліпеня. Павышэннем стаўкі з 0,25 да 4,5 працэнтныя пункты рэгулятар спадзяецца дабіцца зніжэння інфляцыі, якая складае цяпер у еўразоне 5,3 адсоткі. Прэса разважае пар тое, ці прывядзе гэты крок да жаданых вынікаў, а менавіта зніжэнню нагрузкі на спажыўцоў, і якія пабочныя наступствы ён здольны выклікаць. Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung вітае рашэнне рэгулятара.
„Інфляцыя ў еўразоне занадта высокая. Нават калі падаражэнне будзе рухацца ў правільным напрамку, у бок зніжэння, то на фоне чаканых 3,2 працэнты на 2024 год дасягнуць пастаўленай мэты ў раёне двух працэнтаў відавочна не ўдасца. Мандат і тым самым вышэйшы прыярытэт ЕЦБ заключаюцца ва ўтрыманні стабільнасці цэнаў. Барацьба з інфляцыяй – гэта не самамэта; зніжэнне інфляцыі панізіць і нагрузку як на бізнес, так і на спажыўцоў. Калі б на гэтым шляху ЕЦБ раптам зрабіў прыпынак, то тым самым ён падарваў бы свой аўтарытэт і давер да сябе», – канстатуе нямецкае выданне.
Шторм Даніэль выклікаў наймацнейшую паводку ва ўсходняй частцы Лівіі. Асабліва пацярпеў партовы горад Дзерна: там стыхія забрала жыцці больш за 11 000 чалавек, звыш 10 000 да гэтага часу лічацца зніклымі без вестак. Дзве, мяркуючы па ўсім, аварыйныя ад часу плаціны не вытрымалі напору вады. Як адзначаюць аглядальнікі, гэтая катастрофа пагоршыла галечу і пакуты, якія выпалі на долю насельніцтва краіны цягам апошніх гадоў. „Нягледзячы на геаграфічную блізкасць, катастрофа, якая здарылася ў Лівіі, не знайшла ў Еўропе належнага водгуку”, – абураецца каталіцкі веснік La Croix.
„Пасля вайны, якая рушыла за звяржэннем Кадафі, Лівія апынулася ў „чорнай дзірцы”. У краіне няма журналістаў, амаль адсутнічаюць НДА. Тут небяспечна: баявыя дзеянні і прысутнасць джыхадысцкіх груповак вымушаюць лівійцаў жыць адрэзанымі ад астатняга свету жыццём. Геаграфічнае становішча не з’яўляецца адзіным і вырашальным фактарам праяваў спачування”, – заклікае да міжнароднай дапамогі каталіцкае выданне.
У Швецыі працягваюцца здарэнні гвалту са стральбой і смяротнымі зыходамі, нягледзячы на меры, якія прымаюцца ўрадам. Толькі за апошнія некалькі дзён у рэгіёне Стакгольм-Упсала загінулі чатыры чалавекі. Самая малодшая ахвяра – падлетак, які быў застрэлены ў прыгарадзе Стакгольма ў чацвер увечары. „Чамусьці кансерватыўны ўрад перакладае адказнасць за гэта на папярэдні кабінет”, – крытыкуе сітуацыю стакгольмская газета Aftonbladet.
„Ці знаёмы вам лозунг „Вінаватыя сацыялісты”? Менавіта так гучыць адказ урада кожны раз, калі ён церпіць няўдачу ў той ці іншай сферы, няхай гэта будзе кошты на дызельнае паліва, сяброўства ў НАТА, субсідыі на электраэнергію ці кошты на прадукты харчавання. Вінаваты заўсёды нехта іншы! Пасля зробленай у аўторак заявы ўрада ў Рыксдагу да гэтага спісу можна дадаць яшчэ адно перадвыбарнае абяцанне: барацьбу са злачыннымі групоўкамі. У сваім выступе прэм’ер-міністр распавёў аб праблемах, „якія ўтварыліся ў парламенце за працяглы перыяд часу”. Пошук рашэння зойме вечнасць. Аперацыя па „зніжэнні чаканняў” ідзе поўным ходам. Але перад выбарамі тон быў зусім іншым!”, – з горыччу наракае стакгольмскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка