Агляд прэсы: калідоры добрасуседства
У Беларусі ёсць важкія падставы для занепакоенасці ядзерным запалохваннем Пуціна. Фінляндыя збіраецца ў НАТА: што скажа Масква? Венгрыя блакуе ўвядзенне нафтавага эмбарга. Спрэчкі аб рэфармаванні Еўразвязу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«У інтэрв’ю 5 мая агенцтву Associated Press беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць тым, што наяўная расейска-ўкраінская вайна можа прывесці да прымянення ядзернай зброі. У Лукашэнкі ёсць важкія падставы для турбот», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council.
«Лукашэнка не можа камфортна дыстанцыявацца ад ядзернай праблемы. Ён моцна залежыць ад падтрымкі Масквы і нядаўна кіраваў надуманым рэферэндумам па зацвярджэнні новай беларускай Канстытуцыі, якая дазваляе размясціць у Беларусі ядзерную зброю, як мяркуецца, расейскую. Таму безадказныя спробы Пуціна і Лаўрова ядзернага запалохвання павінны непакоіць Лукашэнку, які таксама нядаўна выказаў занепакоенасць тым, што вайна ва Украіне «зацягнулася» даўжэй, чым чакалася. У тых ваенных гульнях, самым галоўным пытаннем ёсць выбар мэты для ядзернага ўдару. З часоў Халоднай вайны НАТА мела адзін варыянт: нанясенне ўдару па савецкіх войсках і іншых аб’ектах у несавецкіх краінах Варшаўскай дамовы. У 2022 годзе, калі Крэмль прыме надзвычай неабдуманае рашэнне аб выкарыстанні ядзернай зброі, а НАТА палічыць неабходным адказ, у альянсу было б мноства варыянтаў. Адным з іх была б пераважная звычайная контратака на тэрыторыю, дзе месціцца расейская ядзерная зброя. Наступіў той момант, калі беларускі аўтакрат мусіць моцна думаць пра магчымыя наступствы для яго ўласнай краіны. Калі вайна зацягнецца і Крэмль, які ўжо зрабіў шэраг пралікаў, зробіць яшчэ адзін адносна выкарыстання ядзернай зброі, Лукашэнка цалкам можа выявіць, што ён уцягнуў Беларусь куды ў большую бездань, чым ён чакаў», – адзначае амерыканскае выданне.
Урады Фінляндыі і Швецыі маюць намер ужо на працягу гэтага тыдня прыняць рашэнне аб падачы заявак на ўступленне сваіх краін у НАТА. У Фінляндыі, якая непасрэдна мяжуе з Расеяй, некаторыя асцерагаюцца, што за гэтым крокам рушаць услед запалохванні з боку Масквы.
Таксама Фінляндыя плануе ўзвесці агароджы на некаторых участках фінска-расейскай граніцы. Як адзначае фінская газета Helsingin Sanomat, гэта хоць і не з’яўляецца панацэяй, але ўсё адно, неабходная мера:
«Узвядзенне гэтых загарод дазволіла б даць адпор так званай інструменталізаванай міграцыі – гэта значыць спробе Расеі аказаць ціск на Фінляндыю, накіроўваючы да яе межаў вялікую колькасць бежанцаў. Фінска-расейская мяжа – вельмі працяглая і праходзіць праз лясы, а таму закрыць яе вельмі складана. Альтэрнатыва – гэта кантроль перамяшчэнняў паблізу ад мяжы. Раней Расея ажыццяўляла гэты кантроль, аднак зараз на яе спадзявацца больш нельга. А значыць, плот – гэта лепш, чым нічога», – падсумоўвае фінскае выданне.
Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен зрабіла кароткі візіт у венгерскую сталіцу. Для таго каб увесці заяўленае на мінулым тыдні эмбарга на расейскую нафту, Еўразвязу патрабуецца і згода Венгрыі, аднак яе прэм’ер-міністр Віктар Орбан праяўляе свавольства. Аглядальнікі аналізуюць прычыны і матывы.
«Пазіцыя, якую заняў венгерскі ўрад, мае прамое дачыненне да яго спрэчак з Брусэлем», – адзначае венгерскі эканамічны партал Portfolio.
«У цэлым падобна на тое, што Віктар Орбан увязаў пытанне аб увядзенні ЕЗ нафтавага эмбарга з перамовамі па выдзяленні Венгрыі сродкаў з фонду ЕЗ па аднаўленні ад наступстваў пандэміі. Яго мэтай таксама з’яўляецца стварэнне больш яснай карціны магчымага зыходу спрэчкі аб выкананні прынцыпу вяршэнства права. Аднак пакуль незразумела, на якую суму ад Еўразвязу можа разлічваць Венгрыя, і калі ёй гэтыя сродкі маглі б быць выдзелены. У сілу гэтага няма яснасці і наконт таго, з якіх крыніц будзе фінансавацца рэструктурызацыя нафтаперапрацоўчай галіны і энергетычнай сістэмы Венгрыі ў выпадку ўвядзення нафтавага эмбарга», – падкрэслівае венгерскае выданне.
У Дзень Еўропы, 9 мая, еўрапейскай грамадскасці былі прадстаўлены ідэі па рэфармаванні Еўразвязу, выпрацаваныя ў ходзе работы Канферэнцыі аб будучыні ЕЗ. Еўрапейская прэса задаецца пытаннямі: наколькі рэалістычныя надзеі на тое, што краіны ЕЗ пагодзяцца на ўнясенне змяненняў у статут супольнасці і адмову ад прынцыпу аднагалоснасці пры прыняцці рашэнняў? І як расцэньваць ідэю Макрона аб стварэнні новага альянсу дзяржаў, у які ўвайшлі б краіны, якія яшчэ не могуць прэтэндаваць на паўнапраўнае сяброўства ў ЕЗ?
«Эманюэль Макрон у сваёй прамове знайшоў дакладны тон», – з ухвалай адзначае італьянская газета La Repubblica.
«Гаворка Макрона, прымеркаваная да завяршэння працы Канферэнцыі аб будучыні Еўропы, а таксама да памятнай даты перамогі над нацызмам, здавалася, была наўмысна выбудаваная як проціяддзе ад прамовы Пуціна. Макрон трансляваў дыскурс надзеі і інтэграцыі ў спалучэнні з ідэяй усееўрапейскай супольнасці дэмакратычных краін. Стварэнне такой супольнасці дазволіла б уключыць у шэрагі еўрапейцаў і тых, каму інакш прыйшлося б гадамі чакаць паўнапраўнага сяброўства: як, напрыклад, Украіне, а таксама зноў прыняць тых, хто хацеў пакінуць Еўропу,да прыкладу, Вялікабрытанію. І на гэтым фоне перасцярога аб тым, што на прыніжэнні Расеі свету не пабудаваць, цалкам лагічна», – канстатуе італьянскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя