Агляд прэсы: калядныя «феерверкі» свету



Нерадасны Менск. Зенітнае «вітанне» Расеі свету. ЕЗ пасля Меркель. COVID-19 мусіць сысці да вясны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Нямецкае выданне грамадскай тэлерадыёкампаніі Mitteldeutscher Rundfunk размясціла святочны матэрыял «У Беларусі Каляды святкуюць двойчы. На гэты раз вечарына нерадасная». Аўтар матэрыялу Настасся Рэзнікава адзначае, што ў Беларусі крыху менш за палову грамадзян з’яўляюцца рэлігійнымі вернікамі, а тыя, хто лічыць сябе хрысціянамі, збольшага каталікі, а часткова праваслаўныя. Таму Каляды ў Беларусі святкуюць двойчы, але Новы год выступае галоўным для беларусаў з гэтай групы трох святаў. У Менску звычайна на Каляды і Новы год запускаюць феерверк і піратэхніку. Аднак сёлета гэтага цалкам няма. Як паведамляе Mitteldeutscher Rundfunk, піратэхніка забароненая ў Беларусі з 11-га жніўня, бо ўрад баіцца, што ўдзельнікі акцыі могуць выкарыстаць іх супраць супрацоўнікаў міліцыі. Традыцыйны парад незадоўга да Новага года, для якога шмат людзей выступае ў касцюмах Дзеда Мароза альбо Снягуркі, таксама адменены – афіцыйна з-за пандэміі каронавірусу. «Уладальнікі крамаў адзначаюць, што беларусы зараз не пакупаюць вялікіх і дарагіх рэчаў, бо людзі жывуць у стане нявызначанасці. Улічваючы сітуацыю ў краіне, настрой не асабліва святочны,» – падсумоўвае нямецкае выданне.

Брытанская газета Daily Mail абурана тым, што расейскі зброевы гігант «Калашнікаў» выкарыстаў Каляды, каб прадставіць новую смяротную саманаводную зенітную ракету бліжняга радыусу. Новая зброя працуе па прынцыпе “стрэліў – і забыўся”: ракета знаходзіць мэту без дадатковага навядзення пасля запуску або знаходзячыся ў прамой бачнасці мэты. Прынцып дзеяння саманаводнай ракеты заснаваны на выкарыстанні фотакантрастнага, інфрачырвонага выпраменьвання. Выпрабаванні ракеты прайшлі ў Арэнбургскай вобласці. Плануецца, што вынаходніцтва паступіць на ўзбраенне расейскай арміі для знішчэння верталётаў, самалётаў і беспілотных лятальных апаратаў. “Прадстаўленне ракеты стала чарговым у шэрагу расейскіх ваенных інавацый на фоне таго, як Уладзімір Пуцін зараз мадэрнізуе свае ўзброеныя сілы,” – канстатуе брытанская газета Daily Mail.

Харвацкае выданне Geopolitika.news папярджвае Еўропу ў артыкуле «Масква займае жорсткую пазіцыю: канец ідыліі ў нямецка-расейскіх адносінах». Аўтар матэрыялу Зоран Мэтэр падкрэслівае, што расейска-нямецкія адносіны ў апошнія некалькі месяцаў пастаянна пагаршаюцца, і асабліва прыкметна гэта стала пасля скандалу вакол Навальнага і перамогі Байдэна на амерыканскіх выбарах. Сам факт таго, што Пуцін і Меркель, якія ў мінулым сустракаліся традыцыйна часта, не мелі асабістых сустрэч ужо год, і каронавірусны крызіс тут не пры чым. «Пуцін змяняе палітыку, разумеючы, што эра «фраў Меркель» скончылася, і што праз дзевяць месяцаў у Нямеччыны будзе новы ўрад. Незалежна ад таго, хто ўстане на яго чале, Пуцін цяпер дае зразумець, што больш не будзе чакаць ніякіх прывілеяў і дружалюбных крокаў з боку Германіі і ЕЗ у абмен на цярплівае стаўленне Расеі да важнейшых для яе геапалітычным пытаннях. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра Беларусь,» – падкрэслівае харвацкае выданне Geopolitika.news.

Гішпанская прэса падхапіла агульнаеўрапейскі настрой чакання запуску выкарыстання вакцыны супраць каронавірусу, пачынаючы з 27-га снежня. Гішпанская газета infoLibre выпусціла матэрыял: «Спадзяемся на радасны Вялікдзень!» У барацьбе з усеагульнай стомленасцю ад пандэміі журналіст Кіке Пэйнадо рэкамендуе ўспомніць мінулы Вялікдзень, калі ў Гішпаніі ад каронавірусу памірала да тысячы чалавек на дзень: «Можа быць, да наступнага Вялікадня ў нас ужо з’явіцца імунітэт, дастатковы для здзяйснення падарожжаў. Хацелася б верыць, што наступным летам маску ўжо трэба будзе насіць толькі ў закрытых памяшканнях, а не паўсюдна. Калі з-за ўсяго гэтага каронавіруснага кашмару я адчуваю бездапаможнасць, стомленасць і поўны раздрай, то я заўсёды ўспамінаю 31 сакавіка гэтага года. Гэта адзін з самых страшных дзён, якія толькі можна сабе ўявіць. Мы з вамі перажылі столькі ўсялякіх жахаў, што цяпер ужо неверагодна блізка да мэты!» Выданне InfoLibre заклікае ўсе краіны, пэўна ў перадапошні раз, напружыць усе свае сілы ў бараьбе з каронавірусам.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.