Агляд прэсы: Канчатковы саюз



У Беларусі нарастае культ асобы Лукашэнкі. Што перашкаджае аднавіць працу Палаты прадстаўнікоў у ЗША? Кітайскі саюзны «сюрпрыз». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«З аднаго боку, рэжым Лукашэнкі жорстка распраўляецца з апазіцыянерамі, а з другога — узмацняе пазітыўную прапаганду пра «сціплага» дыктатара. Эксперты кажуць, што культ асобы паказвае шчыліны ў сістэме», – заўважае нямецкае выданне DW.

„Беларускія школьнікі наведваюць месцы, звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам, дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм» плануе зняць фільм пра дыктатара, а Мінюст зарэгістраваў дабрачынны «Фонд першых». Ён названы ў гонар Лукашэнкі, якога дзяржаўныя СМІ часта называюць «Першым». Цытаты Лукашэнкі друкуюцца на вопратцы, а ў сталіцы Менску адкрыўся новы флагманскі магазін спецыяльна для гэтага віду моды. Там пакупнікі могуць знайсці футболкі і спартовыя касцюмы з надпісамі кшталту „Прэзідэнтаў не робяць, прэзідэнтамі нараджаюцца». Эксперты заўважылі, што прапаганда ў Беларусі ўмацавала культ асобы, які атачае Лукашэнку, і апошнім часам узмацнілася падтрымка наратыву, што апошні дыктатар Еўропы карыстаецца падтрымкай свайго народа. Гэта можа мець некалькі прычын.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе незалежныя СМІ хацелі даведацца, за каго аддадуць галасы іх чытачы. Апытанне дало даволі жахлівыя вынікі для Лукашэнкі: толькі 3% заявілі, што прагаласуюць за яго. У выніку ўлады забаранілі такія апытанні. Лукашэнка быў абвешчаны пераможцам выбараў і жорстка расправіўся з апазіцыяй. З таго часу лаяльнасць да рэжыму стала свайго роду верай і толькі ўзмацняецца перад выбарамі 2024 года. Аднак прапаганда вакол Лукашэнкі яшчэ далёкая ад тых культаў асобы, якія можна назіраць у шэрагу краін Цэнтральнай і Усходняй Азіі», – піша нямецкае выданне.

Пасля нападу ХАМАС на Ізраіль і распачатай пасля гэтага вайны ў шматлікіх еўрапейскіх краінах праходзяць прапалестынскія дэманстрацыі. Удзельнікі такіх акцыяў не толькі выказваюць салідарнасць з людзьмі ў сектары Газа, але нярэдка нават вітаюць дзеянні баевікоў ХАМАС, а таксама дазваляюць сабе антысеміцкія выпады. Часам справа даходзіць і да прымянення гвалту. «Ультраправыя выкарыстоўваюць прапалестынскія дэманстрацыі, для таго каб пагоршыць раскол брытанскага грамадства», – папярэджвае лонданская газета The Guardian.

„Вядома, унутрыпалітычная напружанасць можа ўзнікнуць падчас любога канфлікту. Але ў выпадку дадзенага супрацьстаяння існуе яшчэ і рызыка таго, што пэўныя сілы будуць нагнятаць гэтую напружанасць у сваіх цынічных мэтах. Брытанскія ультраправыя ўжо зараз выкарыстоўваюць кадры з прапалестынскіх мітынгаў па ўсёй Еўропе і выкрывальныя прамовы студэнтаў, якія ўяўляюць сябе палітыкамі, для таго, каб абвясціць аб нібы вялікім правале мультыкультуралізму і аб краху ідэі пра тое, што грамадства ўзбагачаецца ў тым выпадку, калі ў розных груп ёсць свае уласныя рэлігійныя перакананні і культурныя традыцыі, якія праяўляюцца ў рамках закону!”, – падкрэслівае нямецкае выданне.

На мінулым тыдні ў Пекіне прайшлі святкаванні ў гонар дзесятай гадавіны заснавання гандлёвага праекта Пояс і шлях (таксама вядомы як Новы шаўковы шлях). Сярод гасцей з прыкладна 140 краін свету былі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Рыжская газета Diena не хавае трывогі.

„Па-першае, Новы шаўковы шлях працягвае пашырацца – нягледзячы на ўсе змены і праблемы ды колькасць краін, якія адкрыта ці таемна пакідаюць сферу ўплыву Захаду, працягвае расці. Вядома, ёсць і краіны, якія маюць намер чакаць і нават уседзець на двух крэслах, аднак агульная тэндэнцыя відавочная. Па-другое (а ў стратэгічным стаўленні нават па-першае), падчас гэтага форума – хай неафіцыйна, але пры дапамозе выразных намёкаў і дамоўленасцяў – было абвешчана пра тое, што Захад можа і не спадзявацца разарваць неафіцыйны саюз паміж Кітаем і Расеяй. І гэты факт, верагодна – самая кепская навіна з Пекіна”, – падкрэслівае латвійскае выданне.

Ніжняя палата Кангрэса ЗША трэці тыдзень не можа аднавіць працу. У пятніцу па выніках трэцяга раунда галасавання не змагла абраць новага спікера: вылучаны рэспубліканцамі Джым Джордан згубіў падтрымку. Галасаванне працягнецца, бо без рашэння Палаты прадстаўнікоў Белы дом не можа адобрыць пакеты дапамогі Украіне і Ізраілю. «У той жа час, Белы дом мае намер звярнуцца да Кангрэса, каб узгадніць пакет дапамогі Украіне, Ізраілю і Тайваню на $ 100 млрд”, – перадае амерыканская газета The Washington Post.

„Гэта папярэдняя ацэнка, і яна яшчэ можа змяніцца. Аднак выбары спікера ўскладняюць хуткае прыняцце любога законапраекта. Рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў усё больш насцярожаныя да перадачы Кіеву сродкаў падаткаплацельшчыкаў. Але калі запыт будзе ўключаць дапамогу Ізраілю, яны больш ахвотна ўхваляць такі дакумент. Лідэры дэмакратаў тым часам спадзяюцца, што пакет удасца прыняць да канца гэтага тыдня”, – лічыць амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя