Агляд прэсы: канец лета патрыярхаў



Ізраіль-Беларусь: раман з тыранам. Афганістан: хто ж запоўніць вакуум? Меркель расчаравалася ў Пуціну і развітваецца з ім. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Расейскае выданне Jewishmagazine разважае пра далейшы лёс габрэйскай дыяспары на постсавецкіх тэрыторыях: «Калі дыпламатычныя масты на Вісле шугаюць і дымяцца, то масты на Свіслачы ўпрыгожваюцца стужачкамі і ружовай глазурай. Афіцыйны Ізраіль робіць выгляд, што ў Менску ўсё ў парадку»,адзначае выданне.

«Палітычны курс Ізраіля ў дачыненні да Беларусі – гэта прагматычны сіянізм на мяжы цынізму. За мішурой слоў пра «вышэйшыя інтарэсы» і «асаблівыя адносіны» хаваецца наступнае: «Вы не чапаеце габрэяў – мы закрываем вочы на ўсё астатняе». У Ізраілі выдатна разумеюць, што ў Беларусі склаўся рэжым асабістай дыктатуры, а грамадзянскія свабоды ліквідаваныя праз усеўладдзе карных органаў. Але Ізраіль застаўся адзінай краінай ўмоўнага «Захаду», якая не асудзіла фальсіфікацыі на выбарах-2020 ды сілавы разгон мірных пратэстаў і масавыя арышты» – падкрэслівае Jewishmagazine.

Выданне адзначае, што Ізраіль маўчаў нават тады, калі падчас масавых зачыстак некалькі яго грамадзян былі незаконна затрыманыя ў Беларусі і збітыя ў міліцыі, як і шэраг актывістаў габрэйскіх абшчын Беларусі.

«Сумна, што Ізраіль згаджаецца гуляць па гэтых правілах. Амбасада Ізраіля ў Беларусі таксама закладніца сітуацыі. Старое «Аб’яднанне выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі» даўно ператварылася ў млявую пенсіянерскую кантору. Менавіта новая група ізраільскіх беларусаў сваімі пікетамі і акцыямі пратэсту змагла прыцягнуць увагу СМІ Ізраіля і прымусіць прэзідэнта краіны апраўдвацца, чаму ён паслаў віншаванні Лукашэнку ў Дзень Незалежнасці. Дзяржаўнае радыё Ізраіля летам 2021 года ў выпуску навінаў упершыню назвала Лукашэнку дыктатарам», – піша выданне і заклікае ў любым выпадку не разрываць дыплатаматычныя сувязі паміж дзвюмя краінамі, хаця сувязяў становіцца ўсё менш. «Беларусь дала Ізраілю больш прэзідэнтаў, чым сабе самой. Любыя рэжымы калі-небудзь памяняюцца, а «Беларусь сінявокая» застанецца».

***

Фіяска ЗША і іх саюзнікаў, якія вывелі свае воінскія кантынгенты з Афганістану, у такіх краінах, як Расея, Кітай, Пакістан і Іран, былі ўспрынятыя з пачуццём задавальнення. Тым не менш, як адзначаюць назіральнікі, няма ніякіх гарантый таго, што вышэйназваным краінам удасца запоўніць вакуум, што ўтварыўся ў Афганістане, і тым самым узмацніць свае пазіцыі на сусветнай арэне.

«Правал ЗША ў Афганістане прынясе толькі хвіліннае задавальненне Кітаю, Расеі ды Ірану», – лічыць нямецкая газета Zeit.

«Да гэтага часу Кітай мог весці эканамічную дзейнасць у Афганістане, не несучы палітычнай адказнасці за гэтую краіну. Цяпер жа ўсё мяняецца. Кітайскае кіраўніцтва аб’явіла пра намер аказаць Афганістану дапамогу ў справе аднаўлення, і пры гэтым зусім не супраць ўцягнуць краіну ў свае планы па стварэнні новага шаўковага шляху. Але пры гэтым у Пекіне выдатна ўсведамляюць ўсе небяспекі гэтага праекту. Масква і Тэгеран напагатове. Там відавочна злараднічаюць з нагоды няўдачы ЗША, але адначасна асцерагаюцца вакууму ўлады, які ўтварыўся ў Афганістане. Праціўнікі Захаду радуюцца, але стрымана. Параза Амерыкі ўскладае на іх немалую адказнасць і грувасткі цяжар, якіх яны відавочна не жадалі і якія могуць апынуцца ім не па плячы»,адзначае выданне.

«Калі Ангела Меркель заняла пасаду канцлера Германіі ў 2005 годзе, заходнія лідары ўскладалі вялікія надзеі на тое, што Расея пяройдзе ад напаўаўтарытарнага рэжыму да ліберальнай дэмакратыі. Чатырма гадамі раней Уладзімір Пуцін у сваім выступе ў Бундэстагу на нямецкай мове заявіў: «Расея – дружалюбная еўрапейская дзяржава». Тагачасны канцлер Герхард Шродэр, папярэднік Меркель, настолькі зблізіўся з Пуціным, што незадоўга да сыходу са сваёй пасады ўхваліў будаўніцтва газаводу з Расеі ў Нямеччыну праз Балтыйскае мора. Расея на той момант забяспечвала 40% паставак нямецкага газу, а Нямеччына збіралася стаць найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Расеі», – падсумоўвае вядучы брытанскі часопіс The Economist.

Выданне акцэнтуе ўвагу на тым, што праз шаснаццаць гадоў узаемныя чаканні не апраўдаліся. Германія малявала сабе больш ліберальную Расею. Расея ж спадзявалася, што Германія пераканае Еўропу ставіцца да яе як да роўнай і стварыць зону свабоднага гандлю ад Лісабона да Уладзівастока.

«Нарэшце Меркель паехала ў Маскву, каб развітацца з лідарам, якому глыбока не давярае. Пуцін жа развітаецца са сваім найважнейшым візаві з заходніх лідараў. Калі пост канцлера пяройдзе да Армін Лашэту, кандыдату ад партыі Меркель, адбудзецца працяг яе палітыкі. Аднак калі канцлерам стане Ганалена Бэрбок з партыі «Зялёных», заўзятая праціўніца «Паўночнага патоку – 2», Германія напэўна будзе з Расеяй больш жорсткай. Як бы там ні было, утульныя дзянькі Шродэра, які называў Пуціна «ўзорным дэмакратам», а цяпер старшынюе ў «Раснафце» і «Паўночным патоку – 2», даўно мінулі», – рэзюмуе брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.