Агляд прэсы: канфлікт у Карабаху спынены. Меркаванні пра пераможцаў падзяліліся
У Нагорным Карабаху скончылася шасьцітыднёвая вайна. Але людзі пакуль губляюцца ў арыенцірах, каго назваць сапраўдным пераможцам пасля пагаднення. Расею? Турэччыну? Азербайджан?
У Ізраілі тым часам зрабілі сенсацыйную археалагічную знаходку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
-Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў у панядзелак увечары, што падпісаў дэкларацыю аб заканчэнні карабахскай вайны „са сваімі расейскім і азербайджанскім калегамі”. Арменія і Азербайджан цалкам спыняюць агонь і ўсе ваенныя дзеянні ў Нагорным Карабаху. У паведамленні, апублікаваным на Фэйсбуку, Пашынян назваў гэта пагадненне неверагодна балючым для сябе і для свайго народа. «Мы змагаліся да канца», – дадаў ён. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, са свайго боку, палічыў пагадненне аб спыненні баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху «капітуляцыяй» Арменіі пасля шасці тыдняў баявых дзеянняў. Што думаюць пра гэта чытачы Le Figaro?
Для армян гэта быў найлепшы выхад: пагадненне з частковым аднаўленнем тэрыторый. Адпачатна яны моцна саступалі як па ліку байцоў, так і па тэхнічным абсталяванні. Такім чынам бойні ўдалося пазбегнуць. Застаецца зразумець, як сітуацыя будзе развівацца ў бліжэйшыя гады. Але каб выстаяць, ім прыйдзецца ахвяраваць шматлікім. Ці гатовыя яны да гэтага?
Сцепанакерт, сталіца Карабаха, застанецца армянскім і да таго ж пад абаронай Расеі, турэцкія пасяленцы яшчэ не зразумелі, што ніколі больш не зоймуць гэты горад.
Трэба назваць рэчы сваімі імёнамі: гэта поўная капітуляцыя Арменіі і перамога турак (яны ўсё спланавалі і ажыццявілі). Падтрымліваючы Арменію, іранцы, шыіты, як і азербайджанцы, больш за ўсіх прайгралі ў гэтым канфлікце, як і Еўразвяз, які яшчэ раз прадэманстраваў сваю сілу толькі ў пазёрстве. Хіба мы не з’яўляемся сведкамі зараджэння восі Масква-Анкара, якая рыхтуецца замяніць заходнія краіны, падзеленыя як ніколі?
Расея перамагла з пункту гледжання дыпламатыі. Яна пазіцыянуе сябе ў якасці арбітра. А вось Еўразвяз, Францыя, ЗША, Менская група і многія іншыя не змаглі вырашыць гэты канфлікт.
Выдатная ілюстрацыя «надзейнасці» Расеі ў адносінах да сваіх саюзнікаў, – яшчэ адзін каментар чытача „Фігаро”.
Падчас археалагічных раскопак, праведзеных Упраўленнем старажытнасцяў Ізраіля каля пасёлка Хіспін у паўднёвай частцы Галанскіх вышынь, быў знойдзены ўмацаваны комплекс часоў цара Давіда, піша newsru.co.il. Раскопкі праводзіліся перад пачаткам будаўнічых работ па пашырэнні пасёлка. Спецыялісты адзначаюць, што гаворка ідзе пра першую падобную знаходку на Галанах. На думку даследчыкаў, цытадэль была створана падданымі арамейскага царства Гешур у XI-X стагоддзях да н.э., яе ўзвялі на вяршыні невялікага ўзгорка, на беразе ручая Эль-Аль, адкуль ваяры маглі аглядаць наваколле. Сцяна цытадэлі складзеная з буйных валуноў і мае таўшчыню каля палутара метраў, яна атачала пагорак. У ходзе раскопак быў знойдзены рэдкі артэфакт: буйны камень, упрыгожаны выявай дзьвюх чалавечых фігур з рагамі і выцягнутымі рукамі. На думку навукоўцаў, гэта выява пакланення богу Месяца. Камень з падобнай фігурай у 2019 годзе знайшлі на надмагільнай пліце пры раскопках за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад Хіспіна. Таксама археолагі знайшлі ў цытадэлі невялікі камень, з якога былі высечаныя рукі чалавека. Ва Упраўленні старажытнасцяў лічаць, што гэта выява багіні ўрадлівасці, якая грае на барабане. (Цяжка не заўважыць і падабенства гэтай фігуркі з японскімі фігуркамі Міа-дзару — малпы, якая прыкрывае рукамі вочы).
Навукоўцы мяркуюць, што каля 3000 гадоў таму ў Тэль Бейт-Цыядзе знаходзіліся Віфсаіды — сталіца царства Гешур, якое кантралявала цэнтральную і паўднёвую частку Галанскіх вышынь. Паводле біблейскіх тэкстаў, царства Гешур падтрымлівала дыпламатычныя і сямейныя сувязі з царствам Давіда (адной з жонак цара Давіда была Ака, дачка Пталямея, цара Гешура, дадае ізраільскі сайт.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/azembassyturkey