Агляд прэсы: кантроль над заднім ходам
Як беларускі транзіт становіцца расейскім? СМІ свету сочаць за выбарамі ў Ізраілі. Ці створаць Турцыя і Польшча альянс на падставе стаўлення да права Еўразвязу? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Літоўскае выданне Delfi.lt заўважае, што яшчэ ў жніўні мінулага года Лукашэнка пачаў палохаць Літву, што пазбавіць літоўскія парты беларускага транзіту. «Цяпер, праз паўгода, беларусы сапраўды перанакіравалі свае нафтапрадукты ў Расею і абвясцілі, што падумаюць пра такі ж манеўры ў дачыненні да іншых тавараў. Пры гэтым карты раздае зусім не Менск», – піша папулярны літоўскі рэсурс.
Выданне падкрэслівае, што магчымасць уплыву на Беларусь з боку Расеі ўзмацнілася пасля таго, калі Лукашэнка фальсіфікаваў вынікі выбараў і разгарнуў масавыя рэпрэсіі супраць грамадства. Менскія ўлады пазбавіліся магчымасці лавіраваць паміж Захадам і Расеяй, будучыня рэжыму залежыць ад падтрымкі Крамля. «У выніку, калі Лукашэнка прыгразіў літоўцам, што адкажа на антыбеларускія санкцыі адмовай ад транзіту, то да гульні ў момант падключыліся расейцы. Ім спатрэбілася ўсяго шэсць дзён, каб вуснамі міністра энергетыкі Аляксандра Новака заявіць пра гатоўнасць запусціць перамовы паміж адпаведнымі ведамствамі на тэму паставак беларускай прадукцыі», – іранізуе Delfi.lt.
***
Французская газета Le Figaro падкрэслівае, што Ізраіль – адзіная дэмакратыя на Блізкім Усходзе, з парламенцкай сістэмай, атрыманай у спадчыну ад брытанскай мадэлі, але з прапарцыйнымі выбарамі ў колькасці 120 дэпутатаў Кнэсета. «Каб атрымаць парламенцкую большасць у 61 дэпутат, спатрэбіцца шэраг палітычных выкрутасаў як з боку Біньяміна Нетаньяху, лідара правай партыі «Лікуд», прэм’ер-міністра на працягу 12 гадоў, так і з боку яго галоўнага суперніка цэнтрыста Лапіда», – піша аглядальнік газеты Рэно Жырар.
Le Figaro ацаніла памкненні Ізраіля ў барацьбе з Covid-19, а таксама адзначыла, што Ізраіль стаў лічбавай дзяржавай нумар адзін на Блізкім Усходзе.
«Яўрэйскай дзяржаве, пра якую марыў Герцль, застаецца толькі вырашыць сваю арабскую праблему. Калі ізраільцяне заключаць мір з усім арабскім светам, толькі тады сіянізм зможа па-сапраўднаму адсвяткаваць свой поспех», – рэзюмуе французская газета.
***
Турцыя абвясціла аб сваім выхадзе з так званай «Стамбульскай канвенцыі» Савета Еўропы аб папярэджванні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і хатнім гвалтам. Гэты крок выклікаў хвалю рэзкай крытыкі з боку палітыкаў і праваабарончых арганізацый, як у самой Турцыі, так і за мяжой. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазеп Барэль заклікаў Анкару адклікаць сваё рашэнне, якое можна лічыць «небяспечным сігналам усяму свету». Еўрапейская прэса таксама не хавае свайго абурэння.
«У Еўразвязе маюцца яшчэ краіны, каму Стамбульская канвенцыя стаіць папярок горла», – адзначае італьянская газета La Stampa:
«Варшаўская канвенцыя» – так польскія кансерватары хацелі б назваць новы дагавор, які, паводле іх задумы, «нашмат палепшыў бы» Стамбульскую канвенцыю. Урад сцвярджае, што галоўнай прычынай бытавога гвалту з’яўляецца не структурная няроўнасць мужчын і жанчын, як пра гэта гаворыцца ў канвенцыі, а «гендарная ідэалогія» і развал інстытута традыцыйнага шлюбу. Калі са Стамбульскай канвенцыі выйдзе і Польшча, то гэта магло б стаць наступным крокам на шляху стварэння рэгіянальнага альянсу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Зараз усеагульная ўвага прыкавана да краін, якія яшчэ не ратыфікавалі Стамбульскую канвенцыю, сярод іх – Балгарыя, Венгрыя, Славакія, Чэхія і Летува», – адзначае італьянскае выданне.
***
«Набыць вакцыну можна параўнальна проста. Але як даставіць яе насельніцтву ў астуджаным выглядзе? Сусветны банк ацаніў кампаніі па вакцынацыі розных краін свету – аказалася, што багатыя краіны не абавязкова паказваюць добрыя вынікі», – піша нямецкае выданне Der Spiegel.
Газета прыводзіць свежае даследаванне Сусветнага банка, паводле якога шматлікія багатыя краіны не могуць абараніць сваё насельніцтва ў самыя кароткія тэрміны, гэта значыць перадаць дастатковую колькасць вакцыны і хутка прышчапіць сваіх жыхароў. Многія з гэтых дзяржаў не распрацавалі адпаведныя планы або стратэгіі для пандэміі. Да таго ж толькі палова даследуюмых краін набыла неабходнае ахаладжальнае абсталяванне, якое неабходнае для правільнай вакцынацыі ад каронавірусу.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.