Агляд прэсы: Напярэдадні прарыву
Польшча ўзмоцніць сілы на мяжы з Беларуссю. Небяспека пасля атакі Джэніна застаецца. Брытанскай сістэме аховы здароўя спаўняецца 75 гадоў. У Twitter з’явіўся канкурэнт. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Польшча ў нядзелю абвясціла аб планах размясціць дадатковыя войскі і амаль 200 адзінак ваеннай тэхнікі на мяжы з Беларуссю. «Больш за 1000 вайскоўцаў і амаль 200 адзінак тэхнікі з 12-й і 17-й механізаваных брыгад пачынаюць перакідвацца на ўсход краіны ў рамках аперацыі «Бяспечнае Падляшша», — піша турэцкая газета Anadolu Agency.
„Па словах прадстаўнікоў Польшчы, гэта дэманстрацыя гатоўнасці адказаць на спробы дэстабілізацыі каля мяжы Польшчы. Напрыканцы чэрвеня віцэ-прэм’ер Польшчы Яраслаў Качыньскі заявіў, што ўрад вырашыў узмацніць усходнюю мяжу ў сувязі з прысутнасцю ў Беларусі расейскіх ваенізаваных груповак Вагнера. 2-га ліпеня міністр унутраных спраў Марыюш Каміньскі абвясціў, што Польшча накіруе яшчэ 500 паліцэйскіх да 5000 памежнікаў і 2000 вайскоўцаў, якія ахоўваюць мяжу з Беларуссю», – адзначае турэцкае выданне.
Ізраіль аб’явіў аб завяршэнні двухдзённай шырокамаштабнай наступальнай аперацыі на Заходнім беразе ракі Іардан. Прэм’ер-міністр Нетаньяху заявіў, што гэта была «не адзінкавая аперацыя». Зрабіўшы шэраг авіяўдараў, ізраільскае войска ўвайшло ў горад Джэнін, які лічыцца апорай узброеных ісламістаў. «Ваенная аперацыя ў Джэніне стала следствам растучай варожасці», – піша заграбская газета Jutarnji list і пералічвае напады, якім у апошні час падвяргаліся ізраільцяне.
«У апошнія месяцы назіраўся рэзкі ўсплёск інцыдэнтаў на вуліцах Заходняга берага ракі Іардан, пачынаючы з кідання камянёў і бутэлек з запальнай сумессю і заканчваючы нападамі з ужываннем агнястрэльнай зброі. З пачатку года палестынцы забілі 28 ізраільцян, а ў канцы чэрвеня на аўтазаправачнай станцыі на ўездзе ў пасёлак Элі адбыўся адзін з самых трагічных інцыдэнтаў, калі былі забітыя чацвёра мірных ізраільцян. Было паранена сем чалавек, калі кіроўца ўрэзаўся на машыне ў натоўп мінакоў паблізу гандлёвага цэнтра ў Тэль-Авіве, а затым ён пакінуў машыну і кінуўся на людзей з нажом», – канстатуе заграбскае выданне.
У Вялікабрытаніі даўно наспявае крызіс у Нацыянальнай службе аховы здароўя: сістэма, якая фінансуецца за кошт падаткаплацельшчыкаў і дае бясплатнае лячэнне, пакутуе ад недахопу сродкаў і мае патрэбу ў рэформе. Яшчэ да пачатку пандэміі пацыентам даводзілася месяцамі чакаць неабходных аперацый, а ў пунктах неадкладнай дапамогі элементарна не хапала персанала. З таго часу сітуацыя не палепшылася. «Брытанцы вельмі шануюць сваю службу аховы здароўя, а кансерватары забілі яе сваёй скнарнай эканоміяй», – піша брытанская газета The Guardian.
«72 працэнты апытаных лічаць, што Нацыянальная служба аховы здароўя жыццёва важная для брытанскага грамадства і павінна заставацца бясплатнай. 80 працэнтаў мяркуюць, што сістэма мае патрэбу ў большым фінансаванні, а 71 працэнт зыходзіць з таго, што ў бліжэйшыя 10 гадоў будуць уведзены абавязковыя ўзносы. Гэта спалучэнне лаяльнасці і песімізму паказвае, наколькі моцна кансерватыўныя ўрады, якія змянялі адзін аднаго, расчаравалі народныя масы і кінулі іх на волю лёсу. Сістэматычнае недафінансаванне, асабліва ў перыяд прэм’ерства Дэвіда Кэмерана, калі бюджэт быў замарожаны, прывяло да таго, што Нацыянальная служба аховы здароўя стала яшчэ менш здольнай задавальняць патрэбы людзей», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Кампанія Meta, у актывы якой уваходзіць канцэрн Facebook, у мінулую сераду запусціла новую сетку пад назвай Threads. Цяпер Meta знаходзіцца на шляху прамой канфрантацыі з Twitter, які перажывае няпростыя часы з таго часу, як яго набыў Ілон Маск. Twitter падвяргаецца крытыцы з-за адсутнасці мадэрацыі сумнеўнага кантэнту. Threads пакуль што недаступны ў ЕЗ з-за нявырашаных пытанняў наконт канфідэнцыйнасці. Адны аглядальнікі знаходзяцца ў эйфарыі ад новага сэрвісу, другія ж не скваряцца на крытычныя заўвагі. «Threads стане яшчэ адным цвіком, убітым у вечка труны Twitter», – лічыць брытанскі штотыднёвік The New European.
«Існуе рэальная верагоднасць таго, што Twitter збанкрутуецца на працягу наступных дванаццаці месяцаў. Маск зрабіў прама супрацьлеглае таму, што абяцаў у стаўленні свайго набыцця. Большасць карыстальнікаў пачне заўважаць, што актыўнасць назойлівых робатаў узмацняецца, узровень абраз і нянавісці ўзрастае, а дэзінфармацыя распаўсюджваецца лягчэй, без кантролю з боку каманды, якая адсочвала б увесь кантэнт і прымала меры. У наступным годзе чакаюцца важныя выбары ў Вялікабрытаніі, ЕЗ і ЗША. Але ў Twitter больш няма дарослых, якія сачылі б за выкананнем правіл. Хаос, у які апускаецца Twitter, мае наступствы, але іх адчуе не Ілон Маск, а ўсе мы», – папярэджвае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя