Агляд прэсы: канвеер муроў
Сервіроўка паглынання «сінявокай». Беларусь як плацдарм запужвання Масквой НАТО. Уцёкі з Афганістану: што рабіць суседзям? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Што азначае новы план інтэграцыі Расеі і Беларусі, узгоднены двума дыктатарамі? Адныя каментатары лічаць гэта чарговы імітацыяй, іншыя абвяшчаюць аб «анэксіі» як аб факце, меркаванні падзяліліся. У самой Беларусі, у Расеі і Украіне існуюць розныя пункты гледжання на гэты конт», – рэзюмуе расейскае выданне grani.ru і цытуе самыя значныя з іх.
Прынамсі выданне адзначае: «Падпісаныя Пуціным і Лукашэнкам дакументы – імітацыя інтэграцыі. Што сапраўды сур’ёзна – гэта ваенная інтэграцыя. І яна хутчэй за ўсё будзе адбывацца. Але ў прысутнасці расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі зацікаўлены перш за ўсё сам Лукашэнка, а не Пуцін. Для яго гэта лішняя падпорка яго ўлады і страхоўка на выпадак нечаканасцяў. Нейкага злавеснага паглынання незалежнай Беларусі пуцінскай Расеяй не бачна. Цэлы шэраг прычын стрымліваюць ад гэтага Пуціна. Тэхнічна, вядома, ён можа арганізаваць пераварот у Беларусі, замяніць Лукашэнку на больш згоднага на ўсё кіраўніка. Але гэта будуць занадта вялікія выдаткі для расейскага рэжыму. Атрымаць дадатковую правінцыю з сённяшнім беларускім насельніцтвам, якое відавочна супраць любога зліцця і якія валодаюць велізарным вопытам сапраўдных масавых пратэстаў, – гэта зусім не ў інтарэсах Крамля», – адзначае расейскае выданне.
«З пачатку месяца Польшча абвясціла 30-дзённае надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю. Перш за ўсё, гаворка ідзе аб патэнцыйным міграцыйным крызісе. Урад прэзідэнта Анджэя Дуды абвінавачвае Менск у тым, што ён праводзіць стратэгію гібрыднай канфрантацыі, наўмысна дазваляючы патрапіць у Еўропу тысячам іракскіх і афганскіх бежанцаў, якія праходзяць праз яго тэрыторыю. Польшча не мае намеру адкрываць ім дзверы прытулку. А тут яшчэ і вучэнні «Захад», – піша французская газета Le Figaro.
Выданне адзначае, што акрамя польскай палітычнай павесткі, гэтыя вучэнні з’яўляюцца каталізатарам розных фантазій. Па 16 верасня Расея і яе саюзніца Беларусь правядуць ля мяжы ваеннае разгортванне рэдкага маштабу, апрыёры больш буйное, чым у сезоне 2017 года, якое, па дадзеных заходніх назіральнікаў, сабрала ад 60 да 70 тысяч вайскоўцаў.
«Вучэнні «Захад» – гэта нейкая форма адказу. Усяго ў вучэннях прымуць удзел да 200 тысяч чалавек, 80 самалётаў і верталётаў, да 800 адзінак ваеннай тэхнікі, у тым ліку каля 300 танкаў, больш за 200 гармат і больш за 10 караблёў. Рэальнасць такая, што з моманту заканчэння халоднай вайны Расея ніколі не адкрывала вучэнняў для абавязковага назірання. Так што мы будзем пільнымі.
Відавочна, што Масква хоча паказаць сваім супернікам немагчымасць для іх выйграць буйны канфлікт», – рэзюмуе французская газета.
У ходзе праведзенага на мінулым тыдні экстранага паседжання міністры ўнутраных спраў краін ЕЗ не змаглі прыйсці да згоды па пытанні ўвядзення абавязковых квотаў на прыём бежанцаў з Афганістану. Еўракамісія выступіла з гэтым патрабаваннем, аднак пацярпела няўдачу з-за супраціву перш за ўсё такіх краін, як Аўстрыя, Венгрыя, Данія і Славенія. Замест гэтага было прынята рашэнне прадаставіць фінансавыя сродкі суседнім з Афганістанам дзяржавам – каб тыя змаглі прыняць і размясціць у сябе бежанцаў.
Швейцарска-італьянская газета Corriere del Ticino не хавае абурэння.
«За мінулы тыдзень Турцыя ўзвяла яшчэ 43 кіламетры сцяны на мяжы з Іранам. Польшча пачала будаўніцтва агароджы супраць мігрантаў на мяжы з Беларуссю. Ідэя ясней яснага: мы створым гэтакі паркур з перашкод, каб пераследуемыя не маглі да нас трапіць. Хоць нам павінна быць ясна: афганцы – не з’яўляюцца «эканамічнымі мігрантамі». Як быццам платоў з калючага дроту недастаткова, мы яшчэ плацім краінам, размешчаным паміж «намі» і «імі» для таго, каб бежанцаў можна было вызваліць з Афганістану, але каб у далейшым яны заставаліся на «паркоўках» за некалькі тысяч кіламетраў ад нашых межаў. Урады еўрапейскіх краін не збіраюцца выяўляць залішняй гасціннасці, інакш на іх абрынецца цэбар крытыкі і насмешак з боку палітычных партый, якія ператварылі барацьбу з нелегальнай міграцыяй у перадвыбарчую машынерыю», – канстатуе швейцарска-італьянскае выданне.
«У свеце павялічваецца разрыў паміж тымі, хто вакцынаваны, і тымі, хто не абаронены», – піша швейцарская газэта Le Temps.
«Калі ў Еўропе цяпер будзе дастаткова доз вакцыны супраць COVID, то ўсё менш і менш людзей будуць імкнуцца атрымаць гэтую ін’екцыю. Наступствы: абхоп вакцынацыяй стагнуе, а санітарная палітыка спрабуе звярнуць гэтую тэндэнцыю назад, жанглюючы санкцыямі, стымуламі і мерамі па павышэнні дасведчанасці», – адзначае выданне і прыводзіць прыклады.
«У Злучаных Штатах вакцынацыя супраць Covid-19 становіцца абавязковай для федэральных служачых, у той час як кампаніі, у якіх працуе больш за 100 чалавек, павінны патрабаваць альбо вакцынацыю, альбо тэставанне кожны тыдзень. Расце занепакоенасць пра дзяцей: каля 20 з іх паміраюць кожны тыдзень па той бок Атлантыкі. У Славеніі таксама ўзмацняюцца санітарныя абмежаванні. Так, без адмоўнага экспрэс- тэсту непрышчэпленыя асобы больш не могуць звярнуцца да ўрача. Італія таксама разглядае магчымасць пашырэння абавязковага прад’яўлення санітарнага пропуску. Нам спатрэбіцца вялікая памяркоўнасць і павага да іншых, каб акрыяць ад гэтай пандэміі. Дарога будзе доўгай, як у эканамічным, так і ў псіхалагічным плане, таму было б добра, калі б тыя, хто вядзе святую вайну супраць Covid, імкнуліся разрадзіць абстаноўку» – заклікае швейцарская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка