Агляд прэсы: карані раптоўнасці



Як канфлікт выйшаў за межы Ерусаліма. СМІ свету сочаць, ці будзе дадзены шанец на селектыўнае супрацоўніцтва ЗША і Расеі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– СМІ свету, у тым ліку Catholic News Agency, перадрукоўваюць навіну пра тое, што Абраз Маці Божай Будслаўскай быў знойдзены непашкоджаным раніцай 11 мая падчас пажару ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Будслаў, прыблізна ў 90 кіламетрах на поўнач ад сталіцы Менску.

Выданні падкрэсліваюць, што Абраз Маці Божай Будслаўскай ушаноўваюць католікі ў Беларусі. Дах касцёлу быў разбураны ў выніку пажару, з якім пажарныя змагаліся больш за чатыры гадзіны. Пакуль прычыны пажару невядомыя.

За апошнія некалькі дзён у Ерусаліме адбыліся жорсткія сутыкненні паміж палестынцамі і ізраільцянамі. Штуршком паслужыла маючае адбыцца высяленне некаторых арабскіх сем’яў ва Усходнім Ерусаліме на карысць ізраільскіх пасяленцаў. ХАМАС выпусціў ракеты па Ізраілі, які адказаў паветраным ударам па сектары Газа. Прэса абмяркоўвае пазіцыю міжнароднай супольнасці.

«Цяпер усё будзе залежаць ад пазіцыі ЗША», – піша італьянская газета Il Manifesto.

«Той факт, што палестынскі пратэст цяпер ахапіў як сэрца святога горада, так і іншыя гарады, прымушае ўрады арабскіх дзяржаў ачуняць ад здранцвення. Цікавая не толькі рэакцыя Іарданіі, Ірана або Туніса, але і рэакцыя ЗША. Італія і ЕЗ альбо захоўваюць маўчанне, альбо паўтараюць хлуслівую мантру «Няма гвалту з абодвух бакоў». Байдэн пакуль што не заняў выразнай пазіцыі і не паставіў пад пытанне выбуховыя рашэнні свайго папярэдніка Трампа. Але пры гэтым ён не на жарт разварушыў прэм’ер-міністра Нетаньяху, пачаўшы дыялог з Іранам для таго, каб вярнуць ЗША ў ядзерную здзелку», – адзначае італьянскае выданне.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн чарговы раз выказаў зацікаўленасць у асабістай сустрэчы са сваім расейскім калегам Пуціным. Саміт двух лідараў быў бы магчымы падчас паездкі Байдэна ў Еўропу ў сярэдзіне чэрвеня. Расейскія СМІ пішуць пра тое, па якіх пытаннях бакі маглі б дасягнуць кансенсусу, а таксама пра тое, якія хатнія заданні Захаду варта было б выканаць загадзя.

„Независимая Газета” ўжо спрабуе прадказаць парадак дня сустрэчы і яе патэнцыйны зыход:

«Без ўзаемадзеяння РФ і ЗША шматлікія міжнародныя праблемы проста не маюць рашэння . Падлягаюць абмеркаванню такія рэгіянальныя праблемы, як Украіна, Іран, Сірыя, Афганістан, КНДР, дзе праглядаюцца важныя інтарэсы як Масквы, так і Вашынгтона. Пытанні аб так званым расейскім ўмяшанні, кібератакі, правы чалавека і Аляксей Навальны таксама знаходзяцца ў полі зроку амерыканскага боку. Увогуле, дыялог чакаецца востры з абодвух бакоў. Такім чынам, дзве вядучыя ядзерныя дзяржавы, падобна, атрымліваюць шанец прыйсці да новай мадэлі ўзаемаадносінаў: суперніцтва будзе спалучацца з выбарачным узаемадзеяннем, усё гэта павінна выключыць прамы канфлікт».

«Такія кампаніі, як Pfizer або Astra Zeneca, ахвотна праводзілі выпрабаванні сваіх вакцын ў Лацінскай Амерыцы. Але зараз вакцына амаль не паступае на кантынент», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Вядома, у рэгіёне ёсць краіны, дасягненні якіх выклікаюць здзіўленне: Уругвай і Чылі часам пераўзыходзілі па тэмпах вакцынацыі нават ЗША і Ізраіль. Іншыя краіны, уключаючы Аргенціну і Бразілію, таксама пачалі масавую імунізацыю, хоць яна і прасоўваецца марудна. Аднак у іншых краінах рэгіёну кампаніі па вакцынацыі яшчэ нават не пачаліся. У Парагваі на сённяшні дзень для вакцынацыі выкарыстана менш за 150 тысяч доз вакцыны. Жаданне сярод насельніцтва ёсць, і нават неабходная інфраструктура часта ўжо маецца. Бракуе толькі вакцыны»,акцэнтуе увагу нямецкае выданне і прыводзіць дадзеныя фіксацыі за апошнія тыдні ў Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, Перу і Эквадоры максімальнай за ўвесь перыяд пандэміі колькасці новых выпадкаў заражэння каронавірусам. «Пры гэтым мільёны людзей у рэгіёне скаціліся ў галечу. У Калумбіі праходзяць масавыя пратэсты, а ў Бразіліі і Аргенціне чэргі перад бясплатнымі сталовымі становяцца ўсё даўжэй», – канстатуе Süddeutsche Zeitung.

Беларускае Радыё Рацыя