Агляд прэсы: хапацца за любы шанец



ЗША закрываюць амбасаду ў Менску, бо Беларусь падтрымлівае вайну Пуціна. Шанцы на мір за кошт прамых перамоваў. Вайна ва Украіне: што чакае Еўропу? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Амерыканскія чыноўнікі ўзмацнілі крытыку Лукашэнкі за тое, што ён дазволіў расейскае ўварванне з Беларусі — гэта апошні прыклад рэзкага зруху ў амерыкана-беларускіх адносінах некалькі гадоў таму, калі вышэйшыя службовыя асобы адміністрацыі Трампа сустракаліся з Лукашэнкам і спрабавалі выцягнуць аўтакратычную краінуз расейскай арбіты. Гэтыя намаганні раптоўна спыніліся пасля таго, як Лукашэнка пачаў жорсткі разгон масавых дэмакратычных пратэстаў у 2020 годзе пасля фальсіфікацыі выбараў. Беларускі лідэр зьвярнуўся да Пуціна, каб умацаваць свой рэжым ад таго, што ўяўляла найбольшую пагрозу для яго амаль трохдзесяцігадовага кіравання», – піша амерыканскае выданне Foreign Policy.

Паводле матырялу, зараз афіцыйныя асобы ЗША лічаць, што Лукашэнка перадаў Маскве практычна ўсе паўнамоцтвы Беларусі, бо яна становіцца стартавай пляцоўкай для нападу Расеі на Кіеў. Таксама закрыты культурны цэнтр ЗША ў Менску і спыніла дзейнасць Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ў краіне.

Праз тры тыдні ўкраінская і расейская дэлегацыі зноў сабраліся для правядзення прамых перагавораў. Мінімальнай мэтай украінскага боку з’яўляецца паляпшэнне гуманітарнага становішча ў абложаных гарадах. Ён таксама выказаў гатоўнасць да перамоваў па пытанню нейтралітэту краіны. Пакуль адны аглядальнікі разважаюць аб тым, ці магчыма неадкладнае спыненне агню ў выніку гэтых перамоваў, іншыя раяць Украіне не спяшацца.

«Перамоўная пазіцыя Украіны ўзмацняецца з кожным днём», – піша эстонская газета Postimees.

«Адзін з відавочных поспехаў у тым, што перамовы праходзяць у Турцыі, а не ў Беларусі, дзе яны пачаліся месяц таму. Украіне патрэбны мір, каб паменшыць чалавечыя пакуты, аднак хуткія перамовы ў большай ступені ў расейскіх інтарэсах. Так ці інакш, фактычныя перамовы па канкрэтных пытаннях могуць пачацца толькі ў тым выпадку, калі Пуцін перастане дыктаваць умовы з расейскага боку. Пакуль «мяснік» знаходзіцца ва ўладзе, заходнім палітыкам не варта прымушаць Украіну да благога міру, а Расеі даваць надзею на паступовае зняцце санкцый», – адзначае эстонскае выданне.

З 24 лютага Расея не пакідае спробаў захапіць Украіну: да гэтага часу беспаспяхова і з катастрафічнымі гуманітарнымі наступствамі. У той час, як Расея праводзіла ў Стамбуле перамовы з Украінай аб магчымым спыненні агню, еўрапейская прэса накідвае розныя сцэнары існавання кантынента ў пасляваенную эпоху.

«Падганянне ваенных мэт пад рэальнасць можа забяспечыць Пуціну палітычнае выжыванне», – лічыць нямецкая газета Handelsblatt.

«Калі Пуцін даб’ецца перамір’я, пры дапамозе якога ён фактычна захопіць у той ці іншай ступені значную частку Украіны, калі яму таксама атрымаецца прымусіць Кіеў адмовіцца ад сваёй мэты сяброўства ў НАТО, як гэта ўжо было прапанавана, то сваёй ваеннай агрэсіяй ён бы дамогся двух важных перамог на шляху да здзяйснення сваіх летуценняў аб вялікай дзяржаве, якія таксама ўнеслі б свой уклад у яго палітычнае выжыванне ўнутры краіны. Тое, што ён ахвяраваў тысячамі жыццяў і разбурыў эканоміку ўласнай краіны для дасягнення гэтай мэты, можа здацца нам на Захадзе дзівацкім высокім коштам. Але ў логіцы Уладзіміра Пуціна гэта не абавязкова так», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Менш як праз два тыдні ў Францыі пройдзе першы раунд прэзідэнцкіх выбараў. На сёння ў апытаннях лідзіруе дзейны ліберальны прэзідэнт Эманюэль Макрон, за якога выступаюць 28 працэнтаў апытаных. Другое месца займае прадстаўніца правых сіл Марын Ле Пэн (21 працэнт) і палітык ад левых – Жан-Люк Мэланшон (14 працэнтаў). Аглядальнікі даюць сваю адзнаку перадвыбарнай сітуацыі, засноўваючыся на актуальных падзеях.

«Актуальная сітуацыя і тэмы французскай перадвыбарнай кампаніі зусім не аблягчаюць задачу выбаршчыкаў», – лічыць гішпанская газета La Vanguardia.

«Вайна ва Украіне аказвае моцны ўплыў на перадвыбарную барацьбу, і актыўная дыпламатычная дзейнасць Макрона адназначна дадае яму ачкоў у вачах выбаршчыкаў, у той час як добрыя адносіны паміж Пуціным і Ле Пэн зусім не на карысць апошняй. Тое ж датычыцца і Эрыка Зэмура з яго яшчэ больш прапуцінскімі поглядамі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Францыя сутыкнулася з вельмі расколатай палітычнай палітрай, палітычным структурным крызісам, наступствамі пандэміі і вядучай роляй на парадку дня расейскай агрэсіі ва Украіне. Усё гэта можа прывесці да таго, што вялікая колькасць выбаршчыкаў аддасць перавагу ўстрымацца пры галасаванні», – піша гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка