Агляд прэсы: хітры план



Страшны беларускі сон Еўропы. Новыя санкцыі супраць Беларусі: ЕЗ узмацняе ціск. У Балгарыі перамагла партыя, якая аб’явіла вайну карупцыі. Францыя пачынае абарону выкрывальнікаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «Лукашэнку больш няма чаго губляць, і таму ад яго можна чакаць чаго заўгодна. Дык ці варта ЕЗ ісці яму насустрач? Ці лепш пакараць яго? У абодвух выпадках пераможа Пуцін, якому больш за ўсё падабаецца бачыць ЕЗ бездапаможным», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Няма сумневаў у тым, што Лукашэнка сам завабліваў бежанцаў у Беларусь. Цалкам магчыма, што Лукашэнка як мінімум абмяркоўваў гэта з Пуціным, перш чым абвастрыць сітуацыю на мінулым тыдні і накіраваць вялікія групы бежанцаў у напрамку Польшчы. Калі Брусель зараз пойдзе насустрач Лукашэнку, гэта прымусіць ЕЗ выглядаць слабым. Калі Брусель пакарае Лукашэнку, гэта падштурхне яго да яшчэ большай залежнасці ад Масквы. У абодвух выпадках выйграе Пуцін», – мяркуе выданне.

Аднак паводле  Süddeutsche Zeitung, свет, у якім Лукашэнка падпарадкоўваўся б Пуціну, выглядаў бы інакш: Расея і Беларусь даўно б сталі саюзнай дзяржавай з агульным парламентам і адзінай валютай. Лукашэнка прызнаў бы Крым часткай Расеі і прыняў бы ў Беларусі новую канстытуцыю, якая рэгулявала б яго пераемнасць.  «Лукашэнка падазрае, што Крэмль чакае зручнага моманту, каб замяніць яго. І наступ гэтага моманту ён хоча адцягнуць. Пуцін будзе даваць яму свабоду дзеянняў да таго часу, пакуль канфлікт з ЕЗ будзе прыносіць яму больш выгады, чым марнаванне сілаў, пакуль бежанцы з Беларусі не трапяць у Расею, пакуль Лукашэнка не перакрые расейскія газаправоды і не справакуе ваенны канфлікт на мяжы. Магчыма, Лукашэнку ўжо няма чаго губляць, але гэтага нельга сказаць пра Пуціна», – заключае Süddeutsche Zeitung.

Міністры замежных спраў краін ЕЗ дамовіліся аб увядзенні новых санкцый супраць Менску. Буйныя штрафы пагражаюць авіякампаніям і бюро падарожжаў, якія перавозяць мігрантаў, якіх потым выкарыстоўваюць у якасці сродку палітычнага ціску. Тым часам выконваючая абавязкі канцлера ФРГ Ангела Меркель правяла тэлефонную гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам, якога Захад не прызнае легітымным прэзідэнтам краіны.

Эстонская газета Postimees падзяляе меркаванне дзяржсакратара ЗША Блінкена, што міграцыйны крызіс створаны ў якасці дымавой шашкі, закліканай адцягнуць увагу ад сцягвання расейскіх войскаў да мяжы з Украінай.

«Менск і Масква тут дзейнічаюць супольна, і нават калі сітуацыя некалькі разрадзіцца ў адным месцы, то гэта можа азначаць, што недзе ў іншым месцы разгараецца праблема яшчэ больш маштабная. Тыя, хто вяршаць сусветную палітыку, ведаюць: без Украіны Расея – не імперыя. Крэмль зараз трымае Беларусь на павадку, так моцна, як ніколі за апошнія 30 гадоў, аднак вырашальны фактар – гэта ўсё адно Украіна. А таму ЕЗ, НАТА і ўсе дзяржавы рэгіёну павінны быць гатовы абараняць яе ўсімі магчымымі сродкамі для таго, каб раптам не апынуцца перад фактам, як гэта адбылося ў 2014 годзе ў выпадку з анэксіяй Крыму», – папярэджвае эстонскае выданне.

На парламенцкіх выбарах у Балгарыі – трэціх па ліку за год – перамогу атрымала партыя «Працягваем перамены» – новы палітычны рух, заснаваны толькі ў верасні гэтага году. Партыя набрала 25 адсоткаў галасоў. Яе галоўны кандыдат Кірыл Пяткоў, які займаў пасаду міністра эканомікі ў часовым урадзе, які дзейнічаў з красавіка па верасень, набыў сабе рэпутацыю змагара з карупцыяй. На думку каментатараў, у наяўнасці відавочныя прыкметы будучых перамен.

«Галоўны пераможца гэтых выбараў – грамадзянская супольнасць», – піша балгарскае выданне e-vestnik.

«Нягледзячы на дзесяцігоддзі актыўнага і сістэматычнага прыгнечання грамадзянскай супольнасці, парламентарызму і прававой дзяржавы, створаныя алігархамі партыі «Рух за правы і свабоды» (партыя турэцкай меншасці) і ГЕРБ так і не змаглі разбурыць асновы асноў грамадзянскай супольнасці. За апошняе дзесяцігоддзе грамадзянская супольнасць не толькі давала адпор ураду Бойкі Барысава, але і кансалідавала свае шэрагі. Цяпер яна ўстала на ногі, і з гэтага часу гатова ўзяць лёс краіны ў свае рукі ў выніку абрання сваіх прадстаўнікоў», – адзначае балгарскае выданне.

17 лістапада французскі парламент збіраецца прыняць закон, закліканы ўзмацніць абарону выкрывальнікаў. У еўрапейскай прэсе гэтая тэма даўно выйшла на пярэдні план, чаму нямала спрыялі паказанні былой супрацоўніцы Facebook Фрэнсіс Хоген, дадзеныя ёю падчас слуханняў у Сенаце ЗША 10 лістапада гэтага году, а таксама пазоў, пададзены супраць французскай энергетычнай кампаніі EDF былым супрацоўнікам адной з прыналежных ёй АЭС: ён абвінавачвае канцэрн ва ўтойванні інцыдэнтаў, звязаных з непаладкамі.

Французская газета Le Point заклікае заканадаўцаў Еўразвязу звярнуць увагу на хісткае і нявызначанае становішча выкрывальнікаў.

«Тыя, хто бяруць на сябе рызыкі паказваць на праблемы і выкрываць кіраўніцтва, не павінны падвяргацца астракізму, ані ўнутры фірмы, ані за яе межамі. Не справа, каб супрацоўніку пагражала страта працы толькі таму, што той указаў на праблемы вытворчасці ці палітыкі прадпрыемства. Усе мы памятаем выпадак з Тымніт Гебру, звольненай з кампаніі Google спецыялісткі па штучным інтэлекце, якая ў рамках аднаго з даследаванняў указала на тое, што алгарытмы Google генеруюць расісцкія выказванні. У цяперашні час Еўрапейская камісія распрацоўвае законапраект датычны лічбавых службаў і сэрвісаў. Хочацца спадзявацца, што закон спрасціць становішча выкрывальнікаў, і зноўку вызначыць іх статус», – піша французскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка