Агляд прэсы: ход канём
Лукашэнка зрабіў заяву на ўвесь свет, але гаворка не ішла пра аб’яднанне Расеі і Беларусі. Класавы вораг быў для КДБ небяспечней за радыяцыю. ЗША прызналі разню армян у Асманскай імперыі генацыдам. Каронатрагедыя Індыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Еўрапейскае выданне bne IntelliNews аналізуе рашэнне Лукашэнкі змяніць закон аб пераемнасці ў выпадку смерці прэзідэнта сыну, які фактычна ўзначальвае Савет нацыянальнай бяспекі. Выданне прыводзіць меркаванне аглядальнікаў, што Лукашэнка, які кіруе жалезным кулаком з 1994 года, імкнецца стварыць палітычную дынастыю, хаця сам Лукашэнка гэта адмаўляе. «Заява сведчыць аб тым, што Лукашэнка мала зацікаўлены ў змене Канстытуцыі, каб надаць большыя паўнамоцтвы народу. На такія змены цісне і Крэмль, якія мае за мэту памяншэнне ягоных паўнамоцтваў. Тым часам апазіцыя на чале з Каардынацыйнай радай распрацавала ўласную версію новай Канстытуцыі і ўзяла на сябе ініцыятыву ў дэбатах», – разважае bne IntelliNews і не адмаўляецца ад іншай версіі. – «Мажліва гаворка ідзе акурат аб новай Канстытуцыі і паралельным увядзенні ваеннага ці надзвычайнага становішча ў Беларусі».
***
«Дакументы савецкай спецслужбы фіксуюць, што адказныя асобы ўсведамлялі небяспеку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», – піша нямецкае выданне Die Tageszeitung. Выданне цытуе дакументы, якія паказваюць, што перад КДБ стаялі дзве цалкам супярэчлівыя задачы. З аднаго боку, служба павінна была выяўляць слабыя месцы ЧАЭС і звязаныя з імі пагрозы. З іншага боку, менавіта КДБ павінна была трымаць гэтыя пагрозы ў таямніцы і, у канчатковым выніку, хаваць наступствы ядзернай катастрофы. «У перыяд з 1977 па 1981 год рэактары на Чарнобыльскай АЭС у агульнай складанасці даводзілася аварыйна адключаць 29 разоў, у асноўным па тэхнічных прычынах, але 8 раз па віне людзей», – прыводзіць Die Tageszeitung паведамленне ўкраінскага КДБ 1981 года. – «Неаднаразова ўвагу прыцягвала і відавочна недастатковая падрыхтоўка супрацоўнікаў АЭС. КДБ баяўся таго, што класавы вораг на Захадзе можа выкарыстоўваць гэтыя недахопы супраць Савецкага Саюза. Адпаведна, вялося мэтанакіраванае назіранне і за замежнымі грамадзянамі на Украіне. Пасля катастрофы назіранне за падазронымі асобамі ператварылася ў сапраўдную кампанію, нават фіксаваліся спробы амерыканскіх дыпламатаў узяць пробы глебы». Die Tageszeitung ухваляе той факт, што ўкраінская спецслужба апублікавала дасье, што можна расцэньваць як відавочную крытыку на адрас інфармацыйнай палітыкі савецкага КДБ у дачыненні да чарнобыльскага рэактара. «Але і сёння адказныя асобы не працуюць па-сапраўднаму празрыста, у тым ліку і іх еўрапейскія спонсары», – піша нямецкае выданне.
***
«Мы аддаем даніну памяці ўсім тым, хто загінуў у хадзе генацыду армян у часы Асманскай імперыі», – заявіў у сваёй прамове з нагоды 106-й гадавіны тых падзей прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Тым самым ён выканаў сваё абяцанне і афіцыйна прызнаў разню армян, якая мела месца на тэрыторыі былой Асманскай імперыі, генацыдам. Турцыя выклікала ў адказ на размову амбасадара ЗША ў Анкары. Паводле заявы турэцкіх уладаў, словы Байдэна «нанеслі рану» адносінам абедзвюх краін. Прэса разглядае магчымыя сцэнары развіцця падзей. «Гэта падзея можа стаць паваротным пунктам у адносінах паміж Захадам і Турцыяй», – мяркуе нямецкая газета Der Tagesspiegel: «Да гэтага часу прэзідэнт Эрдаган дзейнічаў, зыходзячы з палажэння, што Турцыя настолькі незамяняльная для Захаду, што нават звышдзяржаве ЗША прыходзіцца сачыць за тым, каб не выклікаць яе незадаволенасці. А сёння Байдэн пасылае выразны сігнал: Турцыя рызыкуе страціць Захад. Тым самым правілы гульні мяняюцца, кіраўніцтва ЗША робіць стаўку на тое, што ў Турцыі няма альтэрнатывы Захаду. Адным з наступстваў спрэчак паміж Турцыяй і ЗША можа стаць больш рэзкі паварот Эрдагана да ЕЗ. Турэцкі прэзідэнт цяпер як ніколі мае патрэбу ў моцных партнёрах, якія дапамаглі б яму выйсці з палітычнай ізаляцыі», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
Надзвычай небяспечная эпідэміялагічная сітуацыя склалася ў Індыі. Клінікі краіны перагружаныя, не хапае бальнічных ложкаў і кіслароду для апаратаў ШВЛ, краіна зноў сядзіць у цвёрдым локдаўне. Колькасць смяротных зыходаў у краіне дасягнула крытычных паказчыкаў, адна з прычын таго – з’яўленне падвойнай мутацыі каронавірусу, якая атрымала назву B.1.617. СМІ разважаюць пра тое, ці правільна дзейнічаюць улады краіны, якая займае другое месца ў свеце па колькасці насельніцтва, а таксама паказваюць на тое, што наступствы могуць закрануць і іншыя краіны. «Сітуацыя, што склалася, дыскрэдытуе індыйскага прэм’ера Нарэндра Модзі», – піша французская газета Les Echos. «Індыя – адна з найбуйнейшых вытворцаў вакцын ва ўсім свеце. Адзін толькі Інстытут сывараткі Індыі здольны вырабляць 1,5 мільярдаў доз у год, аднак прышчэплены пры гэтым толькі адзін працэнт насельніцтва краіны. «Сусветная аптэка» не здолела разыграць свой козыр! Нават прыхільнікі Нарэндры Модзі не разумеюць, чаму ён дапусціў гэткія шырокія паслабленні па заканчэнні першай хвалі каронавірусу. Ён не толькі не стаў абмяжоўваць паломніцтва і масавыя партыйныя мерапрыемствы, не кажучы ўжо пра тое, каб проста іх забараніць. Ён яшчэ і сам іх ініцыяваў, збіраючы тым самым разам мільёны людзей. У сябе дома Модзі падвяргаецца крытыцы, але і сусветная супольнасць ставіцца да яго з недаверам. Бо калі пакутуе Індыя, пакутуе і ўвесь астатні свет», – піша французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.