Агляд прэсы: ход канём



Пуцін заявіў аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. Дэманстратыўнае адзінства ЕЗ мае расколіны. Палата Абшчын галасуе за Віндзорскае рамачнае пагадненне. Пенсійная форма і пратэсты Францыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Пуцін прызнаў, што ў Беларусі будзе размешчана расейская ядзерная зброя. Гэта, бадай, адзін з самых агідных «падарункаў», які ваенны злачынец мог паднесці беларусам на «Дзень Волі», які тыя святкавалі на ўсім свеце ў мінулую суботу. «Пуцін неаднаразова выдаваў слаба завуаляваныя пагрозы, што можа прымяніць ядзерную зброю ва Украіне, аднаўляючы страхі часоў халоднай вайны», – піша міжнароднае выданне The International Business Times.

«На пытанне пра тое, як адкажа Масква, калі Захад паставіць Украіне снарады са збедненым уранам – пасля прапановы Вялікабрытаніі яна магла б паставіць боепрыпасы Кіеву – Пуцін сказаў, што ў Расеі ёсць велізарная колькасць падобнай зброі. Міжнародная кампанія за забарону ядзернай зброі (ICAN) папярэдзіла, што ядзерныя пагрозы ствараюць небяспечнае пачуццё нявызначанасці вакол іх магчымага выкарыстання. Чым даўжэй працягваецца аперацыя Расеі ва Украіне, тым больш павялічваецца рызыка ядзернага ўдару, папярэдзіла ICAN у мінулым месяцы напярэдадні першай гадавіны наступу. Ані Злучаныя Штаты, ані Расея – на сённяшні дзень найбуйнейшыя ядзерныя дзяржавы – афіцыйна не прытрымліваюцца палітыкі непрымянення звышразбуральнай зброі першымі. Праз нядаўні агляд пазіцыі ЗША прэзідэнт Джо Байдэн прыйшоў да высновы, што ядзерная зброя павінна выкарыстоўвацца толькі ў «крайніх абставінах», – падсумоўвае міжнароднае выданне.

***

На нядаўнім паседжанні Еўрапейскай рады ў Брусэлі абмяркоўваліся санкцыі супраць Беларусі і пакаранне расейскіх вайсковых злачынцаў. «Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў могуць адзначыць дзесяць санкцыйных пакетаў супраць Расеі, розныя пакеты дапамогі Украіне і зусім нядаўняе рашэнне паставіць Кіеву мільён артылерыйскіх снарадаў на працягу дванаццаці месяцаў. Тым не менш, фасад дэманстратыўнага адзінства даў расколіну, што асабліва бачна ў адносінах з Беларуссю», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Зрухаў па гэтых тэмах няма: Польшча, Літва і Эстонія блакуюць адмену санкцый супраць калійнай галіны Беларусі, а па пытанні новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі сярод членаў ЕЗ адсутнічае кансэнсус. Разыходзяцца пазіцыі і наконт пакарання ваенных злачынцаў: Францыя і Германія выступаюць за стварэнне спецыяльнага трыбунала з міжнародных суддзяў, якія будзе судзіць расейцаў па ўкраінскіх законах. Польшча, краіны Балтыі і шэраг іншых дзяржаў выступаюць за паўнацэнны трыбунал пад эгідай ААН», – падсумоўвае нямецкае выданне.

***

Палата Абшчын Вялікабрытаніі большасцю галасоў прыняла так званае Віндзорскае рамачнае пагадненне, пры дапамозе якога Лондан і Брусель урэгулявалі праблемы з Паўночнай Ірландыяй, звязаныя з брэкзітам. Былыя лідары партыі торы Борыс Джонсан і Ліз Трас прагаласавалі супраць рэформы, узгодненай з ЕЗ іх пераемнікам Рышы Сунаком, роўна як і Дэмакратычная юніянісцкая партыя Паўночнай Ірландыі (ДЮП). Брытанская газета The Daily Telegraph лічыць, што спакою чакаць не даводзіцца.

«Прагласаваўшы супраць Віндзорскай рамачнай дамовы, высунутай Рышы Сунаком, Джонсан ясна даў зразумець: торы больш ніколі не змогуць стаць партыяй тэхнакратаў, бюракратаў і еўракратаў. Па сутнасці, жыццёвыя сілы, якія абудзіў Джонсан, бурляць як ніколі моцна, адчайна маючы патрэбу ў новым героі, які надаў бы сіл незадаволенай большасці. 22 кансерватары, гэтыя сапраўдныя героі, мелі рацыю, прагаласаваўшы супраць здзелкі. Было жыццёва важна расставіць усе кропкі над «і». Большасць, якая падтрымлівае Сунака ў Палаце абшчын – гэта ўсяго толькі тактычная перамога, якая насамрэч не дапаможа яму ў доўгатэрміновай стратэгіі», – прагназуе брытанскае выданне.

***

Прэзідэнт Макрон не адступіўся ад сваіх планаў па правядзенні пенсійнай рэформы і не выказаў шкадавання з нагоды таго, што рашэнне аб яе ажыццяўленні было прынята ўрадам у абыход парламента. Па словах Макрона, рэформа «неабходна краіне», і дзеля яе правядзення ён гатовы змірыцца з тым, што можа пазбавіцца папулярнасці сярод насельніцтва. Тым часам у Францыі працягваюцца пратэсты і забастоўкі. Еўрапейская прэса разважае пра тое, чым можа абярнуцца раскол, які абазначыўся ў краіне, і што можна было б зрабіць для разрадкі становішча. «Канстытуцыйная рада, якой пад ціскам левых была прадстаўлена на праверку пенсійная рэформа, цалкам здольная прапанаваць рашэнне», – піша французскае выданне Le Monde.

«Першы і самы відавочны варыянт – раскласці закон па костачках, выкрасліўшы ўсе меры, якім у ім не месца. Другі варыянт, больш складаны і смелы, заключаецца ў тым, каб забракаваць увесь тэкст цалкам. Былі агучаны важкія юрыдычныя прычыны: у прыватнасці, шматлікія выпадкі злоўжывання працэдурай, паколькі закон аб дадатковым бюджэце быў выкарыстаны для ўнясення фундаментальных зменаў у пенсійную сістэму, што ў будучыні прывядзе да цяжкіх наступстваў для жыцця мільёнаў грамадзян», – падкрэслівае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.