Агляд прэсы: хоць патоп
Лукашэнка памілаваў расейку Соф’ю Сапегу. Узарвана Кахоўская ГЭС: чыіх рук справа? Цяжкі шлях Венгрыі да крэсла старшыні Рады Еўразвяза. Датэрміновыя выбары ў Гішпаніі: кампанія распачалася. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка памілаваў расейку Соф’ю Сапегу, прыгавораную судом у Беларусі да шасці гадоў пазбаўлення волі. Сапегу перадалі 7 чэрвеня дэлегацыі Прыморскага краю, якую ўзначальвае губернатар Алег Кажамяка. Паводле яго слоў, Лукашэнка памілаваў Сапегу пасля звароту Кажамякі», – нараўне з іншымі сусветныі СМІ перадае амерыканская газета The Star Tribune.
«Соф’я Сапега была затрыманая ў Менску ў траўні 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала Nexta Раманам Пратасевічам пасля прымусовай пасадкі рэйса Ryanair, які рухаўся з Афінаў у Вільню. У траўні 2022 года яе прысудзілі да шасці гадоў калоніі па артыкулах аб распальванні сацыяльнай варожасці і незаконным зборы персанальных дадзеных з-за таго, што яна, па версіі следства, адміністравала тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі», дзе публікавалі асабістыя дадзеныя беларускіх сілавікоў. У чэрвені 2022 года Сапега прасіла Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні, але атрымала адмову. У красавіку 2023 года Сапега пагадзілася на экстрадыцыю ў Расею, Генпракуратура Беларусі задаволіла хадайніцтва расейкі», – піша амерыканскае выданне.
***
Падрыў Кахоўскай ГЭС на Дняпры мяняе сітуацыю на фронце ва Украіне. Цяпер у выніку паводкі даводзіцца эвакуіраваць дзясяткі тысяч людзей, а ў вадасховішчы, якое ахалоджвае, між іншым, Запарожскую АЭС, падае ўзровень вады. Украіна і Захад абвінавачваюць у падрыве плаціны Расею. Еўрапейская прэса разважае пра магчымыя наступствы і матывы. Лонданская газета The Times ківае на почырк Пуціна.
«З самага пачатку агрэсіўнай вайны супраць Украіны рэжым Уладзіміра Пуціна свядома наносіць удары па яе мірным насельніцтве і грамадзянскай інфраструктуры. Хоць дакладнай інфармацыі пакуль практычна няма, падрыў дамбы цалкам упісваецца ў стратэгію расейцаў, якія не звяртаюць ніякай увагі на небяспеку для мірнага насельніцтва, якое пражывае ў сёлах і гарадах на беразе Дняпра. Галоўнае для расейцаў – не даць ВСУ фарсіраваць Днепр. Падрыў плаціны і выкліканая ім паводка сталі выцвярэжваючым фонам для распачатага ў Міжнародным судзе ў Гаазе судовага працэсу, падчас якога Украіна абвінавачвае Расею ў тым, што тая з’яўляецца дзяржавай-тэрарыстам», – падкрэслівае брытанскае выданне.
***
Згодна з планам, у другой палове 2024 года старшынства ў Савеце Еўрапейскага звяза павінна перайсці да Венгрыі. Аднак цяпер Еўрапейскі парламент большасцю за дзве траціны галасоў заклікаў краіны-сяброў супольнасці не дапусціць таго, каб гэтую пасаду заняў Будапешт. Свой заклік парламентарыі аргументавалі тым, што ў Венгрыі парушаецца прынцып вяршэнства права, а таксама не выконваюцца еўрапейскія каштоўнасці. Рэзалюцыя не мае абавязковага характару. На старонках еўрапейскай прэсы разгарэлася дыскусія. Нямецкая газета Süddeutsche Zeitung не падзяляе меркавання, што Венгрыю трэба пазбавіць магчымасці старшынства ў Савеце Еўразвяза.
“Па-першае, для такога кроку няма сур’ёзных прававых падставаў. Па-другое, у палітычным плане гэта завяло б сітуацыю ў тупік. Якой гатоўнасці да супрацоўніцтва можна было б чакаць ад Орбана ў будучыні, калі яму зараз будзе нанесены такі ўдар паддых? Гэта зусім не азначае, што Еўразвяз павінен спускаць Орбану з рук хлусню і абразы. Час ад часу палітыкам ад Еўразвяза варта выяўляць больш мужнасці і рашучасці, і не баяцца пярэчыць, у тым ліку і публічна. Але няма ніякіх прычын упадаць у паніку толькі з-за таго, што пасада старшыні ў Савеце Еўразвяза на нейкі час пяройдзе да Венгрыі. Еўропа ад гэтага не разваліцца», – канстатуе нямецкае выданне.
***
У Гішпаніі пачалася перадвыбарная кампанія напярэдадні датэрміновых парламенцкіх выбараў, прызначаных на 23 ліпеня. Кансерватыўная Народная партыя, якая атрымала перамогу на нядаўніх муніцыпальных выбарах, працягвае адмоўчвацца з нагоды таго, ці мае намер яна ў выпадку перамогі ўступаць у кааліцыю з ультраправай партыяй Vox. Замест гэтага Народная партыя робіць упор на крытыку сацыялістаў і прэм’ер-міністра ад Іспанскай сацыялістычнай працоўнай партыі Педра Санчэса: абвяшчаецца мэта адхіліць іх ад улады. Санчэс, у сваю чаргу, спрабуе згуртаваць вакол сябе выбаршчыкаў левых поглядаў, паказваючы на небяспеку, якая пагражае краіне з ультраправага флангу. «Санчэс імкнецца згуртаваць вакол сябе левыя сілы, размахваючы жупелам правай небяспекі. І гэта – рызыкоўны план», – мяркуе шведская газета Svenska Dagbladet.
«Што да правага флангу, то Санчэс пачаў кампанію, накіраваную на тое, каб прадставіць партыю Vox, партнёра Народнай партыі, відавочнымі фашыстамі. Калі яму ўдасца звесці дэбаты да фашызму, то тады ў яго з’явіцца шанц на палітычнае выжыванне. Ён ведае, што вельмі непапулярны ў тым ліку і сярод левых, аднак мае намер зрабіць так, каб у выбаршчыкаў левых поглядаў не засталося іншага выбару, акрамя як аддаць свае галасы за яго – як за «меншае зло». Усе палітычныя каментатары, што з левага, што з правага флангу, воляй-няволяй аддаюць належнае Санчэсу, які распрацаваў такі план па ўласным выратаванні», – піша шведскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.