Агляд прэсы: хто на новага?
Рэвалюцыя, контррэвалюцыя і сацыяльная згуртаванасць у Беларусі, якія яны? Свабода Каталоніі на шалях юстыцыі. СМІ аналізуюць, якім чынам Італія становіцца асноўным вытворцам вакцыны «Спадарожнік V» у Еўропе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Амерыканскае аналітычнае выданне Jamestown прысвяціла агляд сітуацыі ў Беларусі. Сярод іншага выданне адзначае тое, што тры ўзаемазвязаныя фактары працягваюць фармаваць будучыню Беларусі: дзеянні і ініцыятывы палітычнага рэжыму, перспектывы пратэснага руху і развіццё сацыяльнага клімату.
«Беларускі выпадак унікальны тым, што палітычны рэжым не пайшоў на саступкі. Цяпер іншадумства трактуецца як экстрэмізм, і большасць палітычных партый наўрад ці пройдуць запланаваную перарэгістрацыю», – піша Jamestown і акцэнтуе ўвагу на яшчэ адной ініцыятыве ўраду – умацаванні патрыятызму шляхам увядзення новага свята, Дня народнага адзінства.
Што тычыцца пратэснага патэнцыялу беларускай апазіцыі, доказаў, па якіх можна было б ацаніць ягоны патэнцыял, мала. Усё, што застаецца прэсе, спасылацца на словы высланых лідараў пратэсту пра тое, што новую хвалю пратэстаў трэба чакаць ужо ў канцы сакавіка.
«Тым часам беларускае грамадства раскалолася як ніколі жорстка», – адзначае амерыканскае выданне. «З боку рэжыму гэта выліваецца ў жэсты апантанай вернасці ўладам. У лагеры прыхільнікаў пераменаў расце попыт на пакутніцтва. Апошняе – спрадвечная зброя ўсіх рэвалюцый».
***
Еўрапарламент пазбавіў дэпутацкай недатыкальнасці Карласа Пучдэмона і двух іншых дэпутатаў з Каталоніі. Цяпер ім пагражае экстрадыцыя ў Гішпанію і судовы працэс па абвінавачванні ў арганізацыі бунту і растраце дзяржаўных сродкаў. Бельгійскае правасуддзе пакуль што адмаўляецца задавальняць пазоў Мадрыда на выдачу ўцекачоў. Прэса разглядае розныя сцэнары развіцця падзей.
Пакуль каталонская газета El Periódico de Catalunya мае спадзеў на прэм’ер-міністра Гішпаніі і просіць яго вырваць палітычную праблему каталонскага сепаратызму з чыста юрыдычнай плоскасці, а гішпанская прэса называе Бельгію неаб’ектыўнай, непасрэдна бельгійская газета De Standaard разбіраецца, якую шкоду зрабілі каталонскія сепаратысты:
«Еўрапейскі парламент у чарговы раз страціў шанец паслаць Мадрыду выразны сігнал. Няздольнасць Гішпаніі мірна вырашыць нацыянальнае пытанне – удар у самае сэрца Еўропы. І ўсё гэта даўно ўжо не проста ўнутраная справа краіны. Рызыкоўная стратэгія сепаратыстаў разбудзіла самыя цёмныя сілы гішпанскай гісторыі ў асобе ўльтраправай і нацыяналістычнай партыі Vox. Раз’яднанае палітычнае кіраўніцтва краіны, мяркуючы па ўсім, зусім не ў стане знайсці выхад з тупіку».
***
Паводле прагнозаў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), у гэтым годзе чакаецца рост сусветнай эканомікі на 5,6 працэнта. Найважнейшымі рухавікамі росту стануць Кітай (7,8 працэнтаў) і ЗША (6,5 працэнтаў). Не адстае і Еўразона – тут прагноз росту склаў 3,9 працэнтаў. Тым не менш, прэса заклікае не расслабляцца раней часу.
«Раім еўрапейскім урадам цалкам не разлічваць на назапашванні насельніцтва», – лічыць нямецкая газета Handelsblatt. «Паколькі па меры росту даходаў доля спажывецкіх расходаў зніжаецца, перш за ўсё было б неабходна стабілізаваць фінансавае становішча эканамічна слабых хатніх гаспадарак. Таму Джо Байдэн у ЗША робіць правільна, аказваючы прамую фінансавую дапамогу сярэдняму класу, які, згодна тэндэнцыі, большую частку свайго даходу мусіць пускаць на спажыванне, і які мацней за іншых адчуў на сабе эканамічныя наступствы пандэміі. У Еўропе, і ў прыватнасці ў Германіі, пакуль што больш ахвотна рабілі стаўку на падаткавыя паслабленні і падтрымку дапамогай па няпоўнай занятасці. Гэта – памылковы шлях».
***
Мяркуючы па ўсім, Італія стане першай краінай ЕЗ, у якой будзе стварацца расейская вакцына «Спадарожнік V». Італьянска-швайцарскі фармакалагічны канцэрн Adienne абвясціў пра тое, што з ліпеня пачне вытворчасць вакцыны на сваім прадпрыемстве ў Капанага (Ламбардыя), незалежна ад таго, ці атрымае вакцына допуск у ЕЗ. Еўрапейская прэса настроена крытычна.
«Італія трапіла ў жорны між Бруселем і Масквой», – адзначае італьянская штодзённая газета Corriere della Sera і спасылаецца на словы Старшыні Еўрапейскага савета Шарля Мішэля. «Еўразвяз пакуль што хацеў бы абысціся без расейскай вакцыны і робіць стаўку на прэпараты заходняй вытворчасці». «Аб расейскай ліцэнзіі, якую атрымаў канцэрн на выраб вакцыны, нічога не ведаў нават італьянскі ўрад. І міністэрства эканомікі, і міністэрства замежных спраў таксама заявілі, што не былі належным чынам інфармаваныя. Мяркуючы па ўсім, спроба Масквы прасунуць сваю нагу ў дзверы Еўразвязу за кошт вытворчасці вакцыны ў Італіі выкліча яшчэ нямала палітычных праблем», – канстатуе Corriere della Sera.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.