Агляд прэсы: хто не схаваўся…



Беларусь спрычынілася да наплыву мігрантаў у Літву прамымі рэйсамі і праз турагенцтвы. Поўнач Афганістану адступае перад талібамі, а Таджыкістан бачыць пагрозу для сваёй мяжы. Як ацэньваць новую стратэгію Еўрацэнтрабанку? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«З-за наплыву мігрантаў з Беларусі Літва хоча зачыніць мяжу і задзейнічаць войска. Ёсць прыкметы таго, што дыктатар Аляксандр Лукашэнка дзейнічае мэтанакіравана», – піша нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung. «Працягласць мяжы з Беларуссю складае амаль 700 кіламетраў, і цяпер літоўскі ўрад хоча ў сціснутыя тэрміны зацягнуць яе калючым дротам. Міграцыйны крызіс у Літве ўсё больш абвастраецца – плануецца задзейнічаць нават армію», – паведамляе выданне і падкрэслівае, што былі выяўленыя першыя доказы таго, што Беларусь заваблівае мігрантаў да сябе. «Ёсць турыстычныя агенцтвы і прамыя рэйсы, напрыклад, паміж Менскам і Багдадам, ёсць агенцтва ў Беларусі і іншых краінах, якія завабліваюць гэтых так званых турыстаў у Менск. Іншыя мігранты, відавочна, прыбываюць самалётам са Стамбулу. Зараз сітуацыя на заходняй мяжы Беларусі наступная: тых, хто хоча нелегальна з’ехаць на захад, у краіны ЕЗ, Літву і Польшчу, прапускаюць або нават дапамагаюць ім гэта зрабіць. Кажуць, цэлыя групы людзей арганізавана прымаюць у аэрапорце Менска і дастаўляюць у аўтобусы, якія чакаюць на іх», – гаворыцца ў артыкуле. Frankfurter Allgemeine Zeitung адзначае, што Агенцтва ЕЗ па ахове межаў Frontex на дадзены момант накіравала ў Літву шэсць супрацоўнікаў, на чарзе яшчэ некалькі дзясяткаў. Тым часам польская пагранслужба паведаміла пра затрыманне 40 афганцаў непадалёку ад беларускай мяжы.

***

«Пасля абвесткі аб вывадзе амерыканскіх войскаў з Афганістану талібы адваёўваюць усё новыя тэрыторыі на поўначы краіны. Уцёкі людзей у Таджыкістан выклікае вялікую заклапочанасць у Цэнтральнай Азіі і ў Расеі», – піша швайцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung. «Талібы запэўнілі, што транспамежны гандаль працягнецца бесперашкодна. Пра гэта яны, відаць, дамовіліся з таджыкскім бокам. Падаткі і пошліны – жаданая крыніца даходу для радыкальных ісламскіх баевікоў, якія маюць намер усталяваць кантроль над паўночнай часткай Афганістану», – адзначае выданне і піша пра тое, што прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, якому адначасова прыходзіцца змагацца з Covid-19, у пачатку тыдня мабілізаваў 20 тысяч рэзервістаў. У чацвер ён звярнуўся да ваеннага альянсу АДКБ, у якім пануючае становішча займае Масква, па дапамогу ў магчымым адбіцці пагроз з Афганістану. «Рахмон не хоча, каб яго краіна ператварылася ў лагер для інтэрнаваных салдат афганскага ўраду. Эксперты адзначаюць, што небяспеку для Цэнтральнай Азіі і, ускосна, для СНД прадстаўляюць не столькі самі талібы, колькі транснацыянальныя ісламісцкія баевікі, якія дзейнічаюць пад іх абаронай і якія могуць прыбыць у суседнія з Афганістанам краіны Цэнтральнай Азіі, аслабленыя сацыяльна-эканамічнымі цяжкасцямі і пандэміяй», – адзначае швейцарская газета.

***

Еўрапейскі цэнтральны банк прадставіў новую стратэгію грашова-крэдытнай палітыкі. Чакаецца, што мэтавы паказнік інфляцыі складзе два працэнты, але пры неабходнасці ён можа змяняцца ў бок павелічэння або змяншэння. Пакуль што максімумам інфляцыйнага паказніку лічыўся ўзровень у два адсоткі. У наступным годзе ЕЦБ таксама мае намер прадставіць план дзеянняў па ўліку ў сваёй палітыцы пытанняў абароны клімату. «Новая стратэгія ЕЦБ у дачыненні да фінансавай палітыкі не гэтак радыкальная, як чакалася», – такім назіраннем дзеліцца брытанскае выданне Financial Times. «Магчыма, гэта – кошт кансэнсусу. Гэта таксама можа сведчыць аб палітычных здольнасцях Лагард; яе папярэднік Марыё Драгі часцяком дазваляў сабе больш адкрытыя правакацыі ў адносінах да прадстаўнікоў больш агрэсіўных дзяржаў-членаў. У цэлым, гэты пакет – запознены крок на шляху ЕЦБ да таго, каб стаць нармальным цэнтрабанкам, а не «вялікім Бундэсбанкам». Змены яго мэтаў умераныя і разумныя», – піша брытанскае выданне.

***

Краіны Еўропы выйшлі на адно з першых месцаў у свеце па долі прышчэпленага насельніцтва. У апошні час, аднак, тэмпы вакцынацыі некалькі знізіліся: шмат хто не з’яўляюцца на прыём. Лета і нізкая статыстыка новых заражэнняў не спрыяюць жаданню прышчапляцца. Улады спрабуюць, часам пры дапамозе вельмі жорсткіх мер, пераламаць сітуацыю. На гэтым тыдні ўрад Латвіі прыняў рашэнне пры абавязковую вакцынацыю ад каронавірусу асобных катэгорый працоўных: настаўнікаў, сацработнікаў і медыкаў. Акрамя таго, у працадаўцаў з’яўляецца магчымасць звольніць супрацоўніка, калі той не атрымае прышчэпкі да 15 верасня. Латвійскае выданне Neatkarīgā ў жаху: «Ёсць дэмакратычныя і аўтарытарныя краіны. Аўтарытарны лідар цалкам можа заявіць, што каронавірусу не існуе, а праз год прыняць закон, згодна з якім вакцынацыя з’яўляецца абавязковай для ўсіх. Зусім інакш ідзе справа з дэмакратычнымі краінамі. Латвія з’яўляецца сябрам ЕЗ, і ў Еўропе пераважае той пастулат, што непрышчэпленыя ні пры якіх абставінах не павінны падвяргацца дыскрымінацыі. Так, дэмакратыя лепш за аўтарытарызм. Але рэальнасць такая: хутка ўсіх нас чакае прымусовая вакцынацыя. Добра, што паліцыя яшчэ не адправілася на вуліцы ў пошуках непрышчэпленых», – гіранізуе латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.