Агляд прэсы: хто ў доме гаспадар?



Як з Менску Пуцін выпрабоўвае НАТА. ЗША адмаўляюцца ад Тыгра і Ефрата. Асаблівы погляд Венгрыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «Лукашэнка зноў арыштаваў у Беларусі журналістаў. Захад павінен успрыняць гэта як магчымасць распачаць больш рашучыя дзеянні. Пасланне аб тым, што з гвалтам ніхто не будзе мірыцца, павінна дайсці да праўдзівага кіраўніка Беларусі: Уладзіміра Пуціна», – заклікае нямецкая газета Die Welt.

Выданне падкрэслівае, што амерыканскія грузавыя авіякампаніі Atlas Air, FedEx і UPS па-ранейшаму перасякаюць паветраную прастору Беларусі, тым самым перадаючы Лукашэнку транзітныя зборы, якіх яго хацелі пазбавіць шляхам афіцыйнай забароны на пералёты.

«Але чаму павінна было быць інакш, калі Захад адначасова выконвае самае вялікае жаданне Пуціна – завяршыць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2» у Балтыйскім моры?», – ставіць нязручнае пытанне Die Welt.

«Можна, вядома, прывесці важкія прычыны для завяршэння будаўніцтва газаправоду –  вернасць міжнародным дамовам, супрацьстаянне Кітаю, ускосны ўплыў адмовы ад ядзернай і вугальнай энергетыкі. Пытанне толькі, якім коштам усё гэта абыдзецца», – адзначае выданне, заклікае супрацьстаяць да канца шантажу з боку Крамля і адстаяць Беларусь перад усходняй пагрозай.

«Лукашэнка, займаючы сімвалічны пост прэзідэнта нібыта суверэннай Беларусі, прасоўвае маштабную інтэграцыю свайго рэжыму ў пуцінскую сістэму праўлення. Cупрацьпаветраная абарона Беларусі ўжо злілася з расейскай. У эканамічным плане адзінае, што застаецца рэжыму, гэта далучыцца да эканомікі Расеі. І, вядома, разгром беларускай апазіцыі, барацьба супраць уласнага насельніцтва – частка гэтай праграмы. На заходнім фронце Пуціна павінен панаваць спакой», – акцэнтуе ўвагу Die Welt.

Расейская газета «Камерсант» сочыць за тым, як Багдад і Вашынгтон абмяркоўваюць графік вываду амерыканскіх сіл з Іраку.

«Багдад сцвярджае, што не мае патрэбы ў замежных баявых частках, аднак спадзяецца на дапамогу выведкі ЗША і яе ўдзел у навучанні іракскіх вайскоўцаў. Са свайго боку, шыіцкія групоўкі ў Іраку патрабуюць поўнага сыходу з краіны ўсіх замежных вайскоўцаў», – аналізуе сітуацыю расейскае выданне.

У матэрыяле гаворка ідзе пра антытэрарыстычную кааліцыю, якая знаходзіцца ў Іраку з 2014 года. Яе галоўнай мэтай была барацьба з ІГ як на ірацкай, так і сірыйскай тэрыторыях. У канцы 2017 года Багдад афіцыйна абвясціў пра перамогу над ІГ, і з тых часоў не раз сцвярджалася, што ў Іраку практычна не засталося замежных баявых частак, але ЗША прызнавалі, што невялікая колькасць байцоў сіл спецыяльных аперацый дзейнічалі ў якасці інструктараў і дарадцаў, падтрымліваючы іракскіх вайскоўцаў у барацьбе з тэрарыстамі.

 «Тым не менш, тэракт у Багдадзе 19 ліпеня, у выніку якога загінулі 30 чалавек, і каля 50 атрымалі раненні, паказаў, што вывад амерыканскіх войскаў несвоечасовы. Ды і ядзерныя гульні з Тэгеранам не змогуць цалкам вывесці кантынгент з гэтай тэрыторыі», – адзначае расейскае выданне.

Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан хоча, каб грамадзяне краіны прагаласавалі па спрэчнаму закону аб барацьбе з ЛГБТ, які прывёў да судовых разбіральніцтваў з боку ЕЗ. Спрэчным сталася пытанне пра тое, ці павінны бацькі даваць сваю згоду на ўдзел дзяцей ва ўроках палавога выхавання, а таксама ці павінна інфармацыя пра гомасэксуальнасць, транссэксуальнасць і тэрапію ў сувязі са зменай полу быць даступнай непаўналетнім. Французская газета Le Point лічыць, што ўсё гэта не мае нічога агульнага з абаронай дзяцей.

«Спрабуючы раскалоць грамадства па тэме ЛГБТ, Орбан павяртаў праванацыяналісцкай партыі Ёбік яе ранейшую праграму. Прычым зрабіў ён гэта такім чынам, што партыя Ёбік стала на бок Орбана пры галасаванні ў парламенце па законе аб барацьбе з педафіліяй, чым парушыла апазіцыйную стратэгію байкоту апазіцыі. Прэм’ер зразумеў, што можа ўнесці раскол у шэрагі апазіцыі па сацыяльных пытаннях. У любым выпадку, Еўрапейскаму Суду спатрэбіцца два гады на тое, каб запатрабаваць адмены закону, які кідае ў адзін кацёл педафілію, гомасэксуальнасць і парнаграфію. А да таго часу кіраўнік вугорскага ўраду ўжо паспее ў патрэбнай ступені ўскалыхнуць палітычны ландшафт Венгрыі напярэдадні свайго перавыбрання», – адзначае французскае выданне.

Ватыкан упершыню за гісторыю каталіцкай царквы апублікаваў дадзеныя аб нерухомасці, якая належыць яму.

Як вынікае са справаздачнасці, Ватыкану належыць у агульнай складанасці больш за 5 тысяч аб’ектаў нерухомасці, не ўключаючы будынкаў прадстаўніцтваў Святога Прастолу. З іх 4051 аб’ект знаходзіцца ў Італіі, у асноўным (92%) у Рыме і на прылеглай тэрыторыі.

У справаздачнасці таксама адлюстравана, што толькі 14% аб’ектаў нерухомасці ў Італіі здаюцца ў арэнду па рынкавых цэнах, астатнія здаюцца з 30-50-працэнтнай зніжкай, і многія арандуюцца царкоўнымі структурамі.

Каля 40% будынкаў, якія належаць Ватыкану ў Італіі, займаюць школы, кляштары і лякарні.

Астатнія 1120 аб’ектаў размяшчаюцца ў розных краінах, у сталіцах і буйных гарадах, уключаючы Лондан, Парыж, Жэневу, Лазану, часцяком у дарагіх і прэстыжных раёнах.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка