Агляд прэсы: Хуткіх перамог не прадбачыцца



Расейская ядзерная зброя размяшчаецца ў Беларусі. Контрнаступленне Украіны працягваецца. Гішпанія: Народная партыя засябравала з ультраправымі. Вялікабрытанія: ці не час перагледзець закон аб абортах? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка заявіў расейскім і беларускім дзяржаўным тэлевяшчальнікам, што цяпер у Беларусі знаходзіцца зброя ў тры разы больш магутная, чым тая, якая выкарыстоўвалася супраць Японіі ў Другую сусьветную вайну, і будзе выкарыстоўвацца ў выпадку нападу на Беларусь», – піша брытанскае выданне United Press International.

«У сваю чаргу Пуцін у чэрвені пацвердзіў, што тактычная ядзерная зброя малой далёкасьці будзе перакінутая ў Беларусь пасьля таго, як у сакавіку ўпершыню абвясціў аб плянах. Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя зараз знаходзіцца ў Беларусі для абароны ад ваеннага нападу, але з Пуціным будуць кансультавацца наконт яе выкарыстання. Ён сказаў, што Расея не навязвала яму гэтае рашэньне, сцвярджаючы, што зброя была перавезеная ў Беларусь на просьбу Лукашэнкі. Злучаныя Штаты не змянілі сваю ядзерную пазіцыю, але адміністрацыя Байдэна назвала гэты крок «безадказным і правакацыйным». Калі беларуская ядзерная зброя прыбыла, прэзідэнт Джо Байдэн і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг у аўторак пацвердзілі падтрымку Украіны падчас візіту Столтэнберга ў Белы дом. Столтэнбэрг сказаў, што напад Расеі на Украіну пагражае асноўным каштоўнасьцям і свабодным людзям паўсюль, «таму прэзыдэнт Пуцін не павінен выйграць гэтую вайну», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Украіна пачала доўгачаканае контрнаступленне. Кіеў пацвердзіў факт баявых дзеянняў і вяртання пад кантроль ВСУ шэрагу населеных пунктаў у Данецкай вобласці. Масква паведаміла аб знішчэнні мноства заходніх танкаў у выніку ўдараў па суперніку. Аглядальнікі аналізуюць бягучую сітуацыю і задаюцца пытаннем, што ж будзе далей. «Украіне патрэбны не кароткачасовыя перамогі, а самавітая база для вядзення перамоваў», – лічыць фінская газета Turun Sanomat.

«Нават калі Украіне атрымаецца хутка вярнуць некаторыя тэрыторыі на пачатковым этапе, контрнаступленне, верагодна, зойме вельмі шмат часу. Паступленне ваеннай дапамогі з Захаду па-ранейшаму будзе мець вырашальнае значэнне. Акрамя яе, Украіна таксама мае патрэбу ў фінансавай, палітычнай і гуманітарнай падтрымцы. Нават калі ў ходзе цяперашняга контрнаступлення не будзе дасягнута хуткіх перамог, мэта павінна быць яснай: Расею трэба загнаць у кут настолькі, каб перамовы сталі прымальнымі для Украіны», – адзначае фінскае выданне.

Па выніках рэгіянальных і муніцыпальных выбараў, якія прайшлі ў траўні, кансерватыўная Народная партыя ў шматлікіх рэгіёнах вядзе перамовы аб фармаванні кааліцыі з ультраправай партыяй Vox. Так, у рэгіёне Валенсія ўжо дасягнута пагадненне, у выніку чаго ў радыкалаў ад Vox, па ўсёй верагоднасці, з’явіцца ажно тры міністэрскія партфелі. Хоць Гішпанію яшчэ чакаюць парламенцкія выбары. Аглядальнікі разышліся ў меркаваннях наконт таго, што адбываецца. «Ці ўсведамляе Альберта Нуньес Фейхоа, што ён робіць?» – запытвае гішпанская газета El País.

«З учорашняга дня на сумленні лідара Народнай партыі аказалася наступнае: права ўвайсці ў органы рэгіянальнай і муніцыпальнай улады атрымала фармацыя, якая выступае супраць замацаванага ў Канстытуцыі прынцыпу аўтаноміі рэгіёнаў і якая мае ў сваіх саюзніках супернікаў ЕЗ у самой Еўропе, а таксама ультраправыя ўрады Польшчы і Венгрыі. Калі ў суботу ў 135 муніцыпалітэтах і пяці рэгіянальных урадах, у якіх Народная партыя мае патрэбу ў падтрымцы Vox, утворацца падобныя ж альянсы, то тады іспанскія ўльтраправыя дэ-факта прарвуцца на ўсе ўзроўні ўрадавай улады. І гэта – беспрэцэдэнтная падзея для Еўропы. Гуляючы ў палітычнае даміно, Народная партыя выклала на стол костку гэтай дамовы, тым самым узяўшы на сябе гістарычную адказнасць агульнаеўрапейскага маштабу», – піша гішпанскае выданне.

У мінулую сераду ў Вялікабрытаніі маці траіх дзяцей была прысуджаная да тэрміна больш за два гады турэмнага зняволення за тое, што ў перыяд пандэміі каранавіруса зрабіла аборт на 32-м тыдні цяжарнасці пры дапамозе так званых «таблетак па пошце». Згодна з законам, такое перапыненне цяжарнасці дазволена да 10-га тыдня. Мясцовая прэса разышлася ў меркаваннях наконт таго, ці быў прысуд занадта суровы. «У дадзеным выпадку перад намі сітуацыя, калі быў абраны няправільны падыход і ўжыты састарэлы закон», – з такой крытыкай выступае брытанская газета The Times.

«Гэтая жанчына не ўяўляе небяспекі для грамадства, яна не павінна была атрымаць турэмны тэрмін, але павінна была быць прыцягнутая да грамадскіх працаў. Як і ў многіх жанчын, якія трапілі за краты, яе ўчынак быў следствам псіхічнага стану: у яе выпадку ў наяўнасці былі страх стаць маці яшчэ аднаго дзіцяці і, як яна прызналася ў судзе, няпростыя адносіны з партнёрам. Што сапраўды трэба жанчынам, дык гэта лягчэйшы доступ да медычнага абслугоўвання, паляпшэнне магчымасцяў атрымання дапамогі і гігіены псіхічнага здароўя для маці, адным словам – неабходныя кансультацыі і садзейнічанне, а не закон XIX стагоддзя, які асуджае іх і адносіцца да іх як да небяспечных злачынцаў проста з прычыны наяўнасці ў іх рэпрадуктыўных органаў», – піша брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя