Агляд прэсы: хвіліннае зацішша



Большасць фальшывых паведамленняў аб выбухах прыходзяць з Беларусі і Расеі. Крызіс вакол Украіны: небяспека абмінула? Дзярждума падтрымала ідэю прызнаць незалежнасць ДНР і ЛНР. У Турцыі апазіцыя аб’ядналася супраць Эрдагана. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Большасць паведамленняў аб фальшывых выбухах, зафіксаваных ва Украіне, паступалі з Беларусі, Расеі і асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей», – паведамляе ў Дзень адзінства ўкраінскае выданне Ukrinform.

Выданне падкрэслівае, што такія ілжывыя паведамленні аб выбухах з’яўляюцца адным з інструментаў гібрыднай вайны. Цікава, што толькі за першы месяц гэтага года ва Ўкраіну паступіла больш ілжывых пагроз, чым за ўвесь мінулы год.

«Гэта сведчыць аб тым, што гэта элемент зброі ў руках агрэсара. Гэта заснавана на тым, што пераважная большасць гэтых паведамленняў паступае, у тым ліку з Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым абсалютная большасць, на 100 працэнтаў, гэтыя паведамленні аказваюцца фальшывымі», — піша ўкраінскае выданне і заклікае навучыцца жыць з падобнымі праблемамі ў будучыні.

***

Расея аб’явіла, што адвядзе частку войскаў, вось ужо на працягу некалькіх тыдняў засяроджаных ля межаў Украіны. ЗША першапачаткова прадказвалі напад, і, паводле звестак НАТО, сітуацыя на мяжы пакуль не змянілася. Тым не менш, заява Пуціна ўсё ж успрымаецца як прыкмета пэўнай дээскалацыі. Адны аглядальнікі бачаць у гэтым поспех Захаду, другія лічаць, што гэта проста тактычны ход.

Як адзначае харвацкая газета Jutarnji list, свой унёсак у разрадку становішча маглі ўнесці і запэўніванні Шольца, выказаныя ім у Маскве.

«У якасці найважнейшага выніку сустрэчы Пуціна і канцлера Германіі ў мінулы аўторак расейскія СМІ падкрэслівалі наступнае: Украіна не стане сябрам НАТО, прынамсі, у бліжэйшы час. Рускія падкрэслілі словы Шольца аб тым, што пашырэнне НАТО «цяпер не стаіць на парадку дня» і не з’яўляецца тэмай перамоваў, і што гэтае пытанне нават не будзе ўзнімацца, «пакуль Пуцін знаходзяцца ва ўладзе». Многія патлумачылі гэтую заяву так: Пуцін можа ўздыхнуць з палёгкай, пачуўшы ад канцлера Германіі словы, якія для яго як бальзам на душу: пакуль ён ва ўладзе, Украіна не трапіць у НАТО. А працягласць свайго праўлення вызначае толькі ён сам», – падкрэслівае харвацкае выданне.

***

Дзяржаўная дума падпісала зварот да прэзідэнта Пуціна з заклікам прызнаць незалежнасць абвешчаных прарасейскімі сепаратыстамі Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Расейская прэса піша пра магчымыя наступствы такога кроку.

«Прызнаннем ДНР і ЛНР Расея толькі сама сабе нашкодзіць», – лічыць Независимая Газета.

«Прызнанне гэтых утварэнняў – перш за ўсё акт палітычны. Ён адначасова будзе азначаць добраахвотнае выйсце Расеі з Менскіх пагадненняў, чарнавік якіх, як вядома, Пуцін напісаў уласнаручна. Навошта яму страчваць легітымнасць расейскай палітычнай пазіцыі, санкцыянаванай Рэзалюцыяй Савета бяспекі ААН? Непазбежныя антырасейскія санкцыі ў гэтым выпадку прывядуць да прыкметнага пагаршэння фінансава-эканамічнага становішча краіны і яе грамадзян. А дадатковы цяжар выдаткаў на фінансаванне жыцця і новага парадку на далучаных тэрыторыях прывядзе да далейшага росту інфляцыі і падзення рэальных даходаў насельніцтва, падрываючы тым самым унутраную стабільнасць», – адзначае расейскае выданне.

***

Шэсць апазіцыйных партый Турцыі сфарміравалі альянс, які ставіць сваёй мэтай скласці канкурэнцыю прэзідэнту Эрдагану і адхіліць яго ад улады. Агульная мэта: скончыць з уведзенай ім прэзідэнцкай сістэмай і ўмацаваць уладу парламента. Лідары партый заявілі, што глыбокі крызіс, які ахапіў краіну, выкліканы «палітыкай самавольства», якую праводзіць адміністрацыя Эрдагана. Турэцкія СМІ разыходзяцца ў сваіх ацэнках.

«Кіруючая партыя ачнулася ад сну», – адзначае турэцкая газета Karar.

«Магчыма, вы здзівіцеся, але насамрэч гэта нават добра для ўраду. Не, гэта не пагроза. Так, гэта альтэрнатыва. Так, гэтае жаданне ўстаць у руля, але паколькі ўлады аб такім жаданні апазіцыі дасведчаныя, яны зараз возьмуць сябе ў рукі. Гэта добры сігнал пабудкі для ўрада, які за апошнія 20 гадоў прызвычаіўся да таго, што альтэрнатываў не існуе і можна кіраваць краінай, як бог на душу пакладзе. Цяпер уладам давядзецца шукаць вырашэння праблем. Усе прыкметы гэтага ўжо ў наяўнасці», – піша турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.