Агляд прэсы: кірмаш ганарыстасці
Джо Байдэн прабудзе ў Еўропе каля тыдня. Смеццевая вайна ў Бухарэсце.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
– Самалёт прэзідэнта ЗША Джо Байдэна прызямліўся на авіябазе Мілдэнхол ва ўсходняй Англіі. У Еўропе Байдэн прабудзе каля тыдня. У праграме візіту: саміт Вялікі сямёркі, які пройдзе ў Карнуоле, саміт НАТА, прызначаны на панядзелак; таксама запланаваны двухбаковыя сустрэчы з Джонсанам, Эрдаганам і Пуціным у Жэневе. Еўрапейская прэса піша пра тое, якія пытанні мае намер абмеркаваць Байдэн падчас сваёй першай замежнай паездкі на пасадзе прэзідэнта ЗША.
Як адзначае балгарскае выданне fakti.bg, Байдэну ёсць што абмеркаваць з еўрапейцамі напярэдадні сваёй сустрэчы з Пуціным.
«Расея стане галоўнай тэмай саміту Вялікай сямёркі, а таксама гутарак у наступныя дні, калі Байдэн будзе сустракацца з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў ЕЗ і краін-саюзнікаў ЗША па тэме НАТА. І толькі пасля ён адправіцца ў Жэневу на сустрэчу з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Апошнія кібератакі на канцэрн JBS, найбуйнейшага вытворцу мяса ў свеце, якія, мяркуючы па ўсім, ажыццяўляліся з Расеі; фінансавая падтрымка, якая аказваецца Масквой Беларусі; перахоп самалёта Ryanair – усё гэта вымушае кіраўніцтва ЗША да дзеяння», – канстатуе балгарскае выданне.
На працягу апошніх месяцаў у адрас еўрапейскага агенцтва па ахове межаў гучала нямала крытыкі. Галоўнай падставай для яе паслужыў удзел Frontex у незаконным выдварэнні бежанцаў за межы ЕЗ. Апублікаваны на днях даклад Еўрапейскай аўдытарскай палаты зноў выстаўляе гэтую арганізацыю ў вельмі неспрыяльным святле. Як кажуць аўтары дакладу, агенцтва выконвае сваю працу гэтак няпоўна і неэфектыўна, што ўзнікаюць сумневы ў неабходнасці яго існавання як такога.
«Дзейнасць Frontex ганьбіць міграцыйную палітыку Еўропы, а таму агенцтва гэта варта скасаваць», – такое меркаванне падае бельгійскае выданне L’Express.
«Гэтая палітыка заснавана на дыскурсе, які разглядае міграцыю як праблему бяспекі і выстаўляе людзей, якія трапілі ў безнадзейнае становішча і таму якія сталі бежанцамі, як нейкую пагрозу. Гэтая палітыка была распрацавана ў цесным супрацоўніцтве з абароннай прамысловасцю і сферай забеспячэння бяспекі, якія атрымліваюць ад гэтага мільярдныя барышы. Гэтая палітыка не абараняе жыццяў людзей. Яна спрыяе ўзмацненню ультраправых сіл па ўсёй Еўропе і заснаваная на шматвяковай традыцыі каланіялізму, прыгнёту і эксплуатацыі чалавека. У той жа самы час Еўрахвяз працягвае ўносіць свой уклад у пагаршэнне асноўных прычын міграцыі, экспартуючы зброю, а таксама высільваючы рэсурсы і пагаршаючы кліматычны крызіс», – падсумоўвае бельгійскае выданне.
Ужо на працягу многіх месяцаў на вуліцах румынскай сталіцы грувасцяцца высачэзныя горы смецця. Кіраўніца адміністрацыі цэнтральнага раёну Бухарэсту Клатыльда Арман увайшла ў клінч з кампаніяй Romprest, адказнай за вываз адкідаў. Як заявіла Арман, расцэнкі за вываз смецця, устаноўленыя яшчэ да яе ўступлення на пасаду, у пяць разоў перавышаюць адпаведныя цэны ў іншых гарадах краіны і паглынаюць аж трэць раённага бюджэту. Арман мае намер перазаключыць дамову, і таму пакуль што прыпыніла выплаты кампаніі Romprest.
Румынскае выданне Newsweek România дзівіцца на сваіх суграмадзян, якія ўсталі на абарону фірмы, якая гадамі іх жа і абкрадала.
«Пакуль не будзе даказана адваротнае, мэта павінна быць адна: скараціць празмерны расход бюджэтных сродкаў. Барацьба вядзецца з мэтай абароны інтарэсаў жыхароў першага раёну гораду: каб тым не трэба было пераплачваць. Дзіва, што маюцца людзі, якія асуджаюць Клатыльду Арман за яе дзеянні супраць фірмы Romprest. Гэта як калі б чалавек, які стаў ахвярай выкрадання, накінуўся з папрокамі на тых, хто спрабуе яго выратаваць, толькі таму, што выкрадальнік, які трымае яго пад замком чвэрць стагоддзя, штодня забяспечвае яго ложкамесца і каганец гарачай поліўкі», – іранізуе румынскае выданне.
У канцы траўня ведамства Еўразвязу выдала допуск першай антыкавіднай вакцыны для падлеткаў – прэпарату Comirnaty вытворчасці кампаніі Biontech / Pfizer. Вакцына дапушчана для вакцынацыі дзяцей і падлеткаў, пачынаючы з дванаццацігадовага ўзросту. Кампанія Moderna таксама падала заяўку на допуск у ЕЗ сваёй вакцыны для самой юнай узроставай групы. На старонках еўрапейскай прэсы разгарэлася шырокая дыскусія.
Як адзначае ірландская газета The Irish Times, на фоне сітуацыі ў іншых рэгіёнах свету еўрапейскія размовы з нагоды вакцынацыі дзяцей выглядаюць вельмі цынічна.
«Еўропа разважае пра тое, ці трэба вакцынаваць дзяцей, і плануе складаваць нявыкарыстаныя запасы вакцыны ў якасці рэзерву для паўторнай імунізацыі. А ў гэты час у краінах, якія развіваюцца, непрышчэпленыя медычныя работнікі вядуць барацьбу з незбіваемай статыстыкай заражэнняў, шматлікімі выпадкамі цяжкага працякання хваробы і нават недахопам кіслароду для ШВЛ. У ходзе вызначанага на канец тыдня пасяджэння Вялікай сямёркі карэкціроўка гэтага дысбалансу павінна стаць першым пунктам парадку дня. Нельга мірыцца з сітуацыяй, пры якой здаровыя маладыя жыхары краін Захаду, якія маюць мінімальную рызыку памерці ад вірусу, атрымалі доступ да вакцыны, у той час як пажылыя людзі, а таксама прадстаўнікі груп рызыкі ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы вымушаныя чакаць», – падкрэслівае ірландскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя