Агляд прэсы: клуб бязгрэшных
Польшча заклікала Беларусь вызваліць палітвязняў. Расея: за мір без кантрыбуцый. Перспектывы Вялікай сямёркі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«МЗС Польшчы звярнуўся да Менска з заклікам вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку актывіста польскай меншасці», – перадае амерыканская газета The First News.
«У сённяшні Дзень палітвязня мы яшчэ раз заклікаем улады ў Менску вызваліць усіх затрыманых, у тым ліку А. Пачобута, і спыніць далейшыя рэпрэсіі», — гаворыцца ў нядзельным твітары польскага міністэрства. Анджэй Пачобут, журналіст і актыўны сябра Саюза палякаў Беларусі (ЗПБ), дэлегалізаванай беларускімі ўладамі арганізацыі польскай меншасці, быў арыштаваны ў сакавіку 2021 года па абвінавачанні ў «распальванні нянавісці да рэлігійных і нацыянальных груп, і рэабілітацыі нацызму». У лютым 2023 года ён быў прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Некалькі дзён таму беларускі ПЦ «Вясна» абвясціў 21 траўня Днём салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі, прымеркаваны да смерці палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у гэты дзень у калоніі два гады таму. «У Беларусі палітвязнямі з’яўляюцца амаль паўтары тысячы чалавек», — дадалі ў польскім ведамстве. Вядома, што праз дзень пасля абвяшчэння прысуду Пачобуту Польшча закрыла жыццёва важны пункт пропуску ў Баброўніках з Беларуссю і ўвяла далейшыя транспартныя абмежаванні, заявіўшы, што яны будуць знятыя, калі Пачобут будзе вызвалены», – паведамляе амерыканскае выданне.
Расейскія палітэмігранты па ініцыятыве Міхаіла Хадаркоўскага правялі ў Берліне «аб’яднаўчую» канферэнцыю. Яна стала адной з самых значных спроб самаарганізацыі антываеннай антыпуцінскай Расеі, хаця паплечнікі Аляксея Навальнага яе байкатавалі. На мерапрыемстве ўдалося ўзгадніць сумесную дэкларацыю, якую падпісалі усе жадаючыя. Ад падпісання ўстрымалася незалежнае расейскае выданне Graniru.
«Група рознай ступені адыёзнасці дзеячаў ад імя «расейскіх дэмакратычных сіл» выступіла з чарговым заклікам да расейцаў аб’яднацца. Гэтая «дэкларацыя» больш-менш пачынаецца заклікам «аднавіць міжнародна прызнаныя межы Расеі» і заканчваецца заклікам «устрымацца ад публічных канфліктаў у дэмакратычных і антываенных рухах», што чытаецца як «не смейце лаяць і звальняць нашых хлопчыкаў і дзяўчынак за фашыстоіднае трызненне і за амаральныя ўчынкі, якія яны здзяйсняюць». Такое «калі Пуцін ёсць, то ўсё дазволена». Ну што тут сказаць? За дзіўнай фармулёўкай «аднавіць межы Расеі», «расейскія войскі павінны быць выведзены з усіх акупаваных тэрыторый», просіцца пытанне: «Цікава, а ХТО гэта ўсё павінен зрабіць»? І дзе тыя «дзясяткі мільёнаў, хто адмаўляецца саўдзельнічаць у злачынствах рэжыму», як пазначана ў дэкларацыі? Гэта абсалютна маніпулятыўная фармулёўка, якая стварае ілюзію супраціву там, дзе яго няма», – падкрэслівае расейскае выданне.
У японскім горадзе Хірасіма завяршыўся саміт Вялікай сямёркі. Галоўнай тэмай парадку дня, нараўне з вайной ва Украіне і пытаннямі абароны клімату, былі адносіны з Кітаем. Аглядальнікі адзначаюць, што адзінства ў шэрагах G7, а таксама яе аўтарытэт і прывабнасць у вачах усяго астатняга свету ўжо нельга лічыць нейкай безумоўнай дадзенасцю. Нямецкая газета Handelsblatt указвае на тое, што на долю сямёркі найбуйных прамысловых краін на сённяшні дзень прыходзіцца толькі 30 адсоткаў сусветнага аб’ёму вытворчасці.
«Яны больш не з’яўляюцца бясспрэчнай сусветнай сілай і ўжо сапраўды – не ёсць мера ўсіх рэчаў. Так што цяперашняя сустрэча Вялікай сямёркі ў Хірасіме больш падобная на акт самасцвярджэння з боку Захаду і, па іроніі лёсу, праходзіць яна менавіта ў тым самым сімвалічным месцы, дзе вядучая заходняя дзяржава – ЗША – здзейсніла жахлівае ваеннае злачынства. Астатнія краіны Вялікай дваццаткі, якія некалькі грэбліва называюць краінамі, якія развіваюцца, але на якія цяпер прыходзіцца палова сусветнага ВУП, скептычна пазіраюць на гэты саміт – не ў апошнюю чаргу таму, што за падобнымі актамі самасцвярджэння са боку Захаду заўсёды вынікала ўзмацненне яго ганарлівасці і ўпэўненасці ва ўласнай бязгрэшнасці», – піша нямецкае выданне.
Адна са школ швейцарскага горада Штэфа, што ў кантоне Цюрых, сёлета была вымушана адмяніць «Дзень гендэра», які праводзіцца вось ужо на працягу дзесяці гадоў. Традыцыйна ў гэты дзень у школе абмяркоўваліся пытанні гендэрных сацыяльных роляў і раўнапраўя палоў. Пасля таго як палітыкі ад правакансерватыўнай Швейцарскай народнай партыі выступілі з адкрытай крытыкай пачынання, справа дайшла да нападаў і плыні прамых пагроз у адрас школы. Аглядальнікі з трывогай адзначаюць, што дэбаты набываюць усё больш агрэсіўны характар. «Антыгендэрная кампанія ідзе насуперак прынцыпам нашай краіны», – падкрэслівае швейцарская газета Aargauer Zeitung.
«Выбраныя народам палітыкі падганяюць ганенне сацыяльных работнікаў і выкладчыкаў. Мерапрыемства, запланаванае ў адпаведнасці з вучэбным планам і яго зместам, не можа адбыцца. Кампанію супраць «Дня гендэра» не варта разглядаць ізалявана, саму па сабе. Яна з’яўляецца часткай правага наратыву, які распаўсюджваюць цяпер па ўсім свеце Уладзімір Пуцін, Віктар Орбан і Дональд Трамп: усе яны строяць з сябе гэтакіх змагароў за нібыта дыскрымінуемыя «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці». Улік інтарэсаў меншасцяў прапісаны ў ДНК нашай краіны, якая адрозніваецца разнастайнасцю моў і веравызнанняў. Спроба Швейцарскай народнай партыі імпартаваць наратывы і практыкі правых радыкалаў са Злучаных Штатаў супярэчыць самой сутнасці Швейцарыі», – адзначае швейцарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя