Агляд прэсы: Ключ да міру



Чаму афіцыйны Кіеў ігнаруе Ціханоўскую? Газа: спыненне агню і абмен закладнікамі і зняволенымі. Расейскія выбары 2024 года: стары новы прэзідэнт? Нідэрланды: перамога Вілдэрса ўзрушыла ўсю Еўропу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Галоўны рэдактар TheKyiv Post на старонках выдання падымае вострае пытанне, чаму дэмакратычныя сілы Беларусі з адкрытай праўкраінскай пазіцыяй імкнуцца да вызвалення Беларусі ад панавання Крамля, але афіцыйны Кіеў іх наўмысна ігнаруе.

«Кіеву самы час перастаць цурацца беларускага дэмакратычнага руху. Бо інакш што стаіць за відавочным дыстанцыянаваньнем афіцыйнага Кіева ад беларускай дэмакратычнай апазыцыі, у прыватнасьці, ад яе лідара Святланы Ціханоўскай? Чаму яе прымаюць кіраўнікі дзяржаў і палітычныя лідары з Вашынгтона, у Польшчы, а прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і яго адміністрацыя па-ранейшаму ігнаруе яе?. У дзень публікацыі гэтага артыкула васал Пуціна Лукашэнка зноў прымае яго, а Ціханоўская, якая перамагла на выбарах у Беларусі, публікуе твіт, у якім падтрымлівае ўкраінскія санкцыі супраць ваенна-прамысловага комплексу рэжыму ў Беларусі і дыпламатычна не пытаецца, чаму Вярхоўная рада так доўга рабіла гэта. Да сённяшняга дня рэжым Лукашэнкі трымае яе мужа разам з сотнямі іншых беларусаў як палітвязняў у сваім беларускім ГУЛАГу. Ціханоўская ўсё больш адкрыта заяўляе пра дэмакратычную еўрапейскую самаідэнтыфікацыю Беларусі і падтрымку Украіны. Украіна адзначае 10-годдзе Еўрамайдана, які перарос у Рэвалюцыю Годнасці. Адным з першых расстраляных у той час дэмакратычных пакутнікаў быў беларускі прыхільнік Украіны. На месцы яго падзення на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве дагэтуль красуецца бел-чырвона-белы беларускі нацыянальны сцяг. І сёння беларускія добраахвотнікі ваююць разам з украінскімі войскамі супраць расейскіх акупантаў», – нагадвае ўкраінскае выданне.

***

У пятніцу раніцай паміж Ізраілем і радыкальнай ісламісцкай групоўкай ХАМАС уступіў у сілу часовы рэжым спынення агню. Плануецца правесці абмен закладнікамі і зняволенымі. Рэжым спынення агню павінен падоўжыцца сама меней чатыры дні; па заяве Катара, які грае ролю пасярэдніка, гаворка можа ісці і аб дзесяці днях. Паводле дамоўленасці, хамасаўцы павінны для пачатку адпусціць 50 з мяркеумых 240 закладнікаў, якія ўтрымліваюцца. У абмен Ізраіль гатовы адпусціць 150 палестынцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. «Неабходна спыніць гібель людзей прычым неадкладна», – заклінае мадрыдская газета El País.

«Сітуацыя настолькі сур’ёзная, што ўсякі, нават найменшы прагрэс становіцца вялікай навіной. Кожны дзень міру – гэта дзень перамогі над вайной, і цяперашняе спыненне агню павінна стаць сталым. Ізраіль і ХАМАС ужо некалькі тыдняў вядуць перамовы, гэта значыць дыялог – магчымы. Усе ізраільскія заложнікі маюць права на вяртанне дадому, а жыхары Газы – права на тое, каб застацца ў жывых. Пагроза не павінна больш доўжыцца ні хвіліны. Нанесены ўрон настолькі вялікі, што на аднаўленне іх ранейшага жыцця спатрэбяцца гады. Гэтае спыненне агню павінна стаць пастаянным», – адзначае гішпанскае выданне.

***

У Расеі на 17 сакавіка 2024 года назначаны прэзідэнцкія выбары. Дзеючы прэзідэнт Уладзімір Пуцін яшчэ не вылучыў сваю кандыдатуру, але мяркуецца, што ў бліжэйшы час ён гэта зробіць. Як адзначаюць аглядальнікі, вынік ясны загадзя. Латвійскі партал LA.LV будуе прагнозы наконт постпуцінскай Расеі.

«Калі мы паглядзім на гісторыю Расеі, то мы маем права чакаць таго, што дні Пуціна ў нейкі момант скончаны, прычым у выніку ўнутранага перавароту. Адбудзецца толькі так і няйначай, паколькі за апошнія 23 гады Пуцін знішчыў усе альтэрнатывы сваёй уладзе, таму ў Расеі фактычна няма нікога, хто мог бы ўзяць на сябе адказнасць за кіраванне краінай. Усе або высланы з Расеі, або забіты, або знаходзяцца ў турме. Гэта значыць, што мы станем сведкамі перамен, у выніку якіх, магчыма, утвараецца нешта падобнае да сапраўднай Расейскай «Федэрацыі», таму што цяпер па факце існуе толькі ўнітарная дзяржава», – адзначае латвійскае выданне.

***

Атрымаўшы перамогу на выбарах, правы папуліст Герт Вілдэрс заявіў пра тое, што мае намер сфарміраваць урад і стаць прэм’ер-міністрам. Няясна толькі, з кім магла б стварыць кааліцыю узначаленая ім Партыя свабоды. Ці можа Вілдэрс разлічваць на тое, што яго партнёрамі стануць праваліберальная Народная партыя за свабоду і дэмакратыю, якая на працягу многіх гадоў стаяла каля руля краіны, Фермерска-грамадзянскі рух або цэнтрысцкая партыя Новая грамадская дамова? І што ўсё гэта можа азначаць у кантэксце ўсёй Эўропы? На думку нямецкага партала tagesschau.de, вынікі гэтых выбараў дазваляюць меркаваць, які сцэнар можа разыграцца пасля выбараў у Еўрапарламент напачатку чэрвеня 2024 года.

«Апытанні грамадскай думкі ў краінах ЕЗ – па выніках якіх у Нямеччыне, напрыклад, каля 20 адсоткаў гатовыя прагаласаваць за АдГ – дазваляюць зрабіць наступны прагноз: верх у Еўрапарламенце могуць атрымаць правапапулісцкія і еўраскептычныя па сваёй сутнасці партыі. На гэтым фоне асабліва важна, каб ЕЗ папрацаваў над сабой і набраў форму: патрэбны рэформы, празрыстасць рашэнняў, больш рашэнняў на аснове большасці галасоў, а не на аснове прынцыпу аднагалоснасці. То бок, гэта азначае як мінімум: знаходзіцца ў форме, захоўваць устойлівасць і быць лепш падрыхтаваным да таго, што паблізу рычагоў улады ў Еўропе могуць апынуцца антыеўрапейскія”, – піша нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.