Агляд прэсы: кнігі гонару і ганьбы Беларусі
Хаця б адно слова пра Беларусь – абавязак сусветнай прэсы. Святлана Ціханоўская збірае “кнігу злачынстваў”. Новая кніга паэткі Вальжыны Морт як доказ роўнасці Беларусі пры Лукашэнку і Сталіне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Амерыканскі часопіс для прафесійных журналістаў The Columbia Journalism Review выйшаў з агромністым загалоўкам “Незавершаная справа ў Беларусі”. Як піша выданне, дыктатар Лукашэнка дазволіў Ціханоўскай паўдзельнічаць у выбарах і выкарыстаў яе кандыдатуру, як повад узгадаць сэксісцкія жарты. Але яе асоба хутка набрала падтрымку народа і вывела на вуліцу тысячы беларусаў, якія патрабуюць пераменаў. Выбары прайшлі ў жніўні, чыноўнікі абвясцілі Лукашэнку пераможцам на фоне шматлікіх фактаў аб масавых махлярствах. Ціханоўская адправілася ў ссылку ў суседнюю Літву. Але беларусы не здаліся. Масавыя пратэсты супраць улады Лукашэнкі працягваюцца штотыдзень. Улады рэагуюць гвалтам.
Асобную увагу The Columbia Journalism Review надае беларускім і замежным журналістам, якія зведалі рэпрэсіі. Беларуская асацыяцыя журналістаў (якая нядаўна атрымала прэмію за свабоду прэсы ад урадаў Канады і Вялікабрытаніі) паведаміла пра 335 арыштаў за перыяд з 9-га жніўня па 9-е лістапада. Шмат каму з іх былі прызначаны кароткія тэрміны пазбаўлення волі. Агулам на ўсіх выйшла 650 дзён.
Амерыканскае выданне звяртае ўвагу, што рэпарцёрам у Беларусі трэба турбавацца не толькі пра арышты. Рэжым Лукашэнкі абмежаваў доступ у Інтэрнэт і заблакаваў больш чым сотні сайтаў навін. Чыноўнікі адмянілі амаль усе акрэдытацыі для замежных СМІ.
Нягледзячы на змрочнасць карціны ў Беларусі, ёсць падставы для надзеі. Журналісты працягваюць збор інфармацыі, нягледзячы на велізарны ціск, з якім яны сутыкаюцца. У рэжыму Лукашэнкі пачалі выяўляцца расколіны, іх глыбіню цяжка вымераць.
The Columbia Journalism Review заклікае сусветную супольнасць журналістаў сачыць за прасторай Беларусі. “Усе мы абавязаны журналістам у Беларусі салідарнасцю і прынамсі часткай пастаяннай увагі. Навіны з Беларусі зараз мусяць прарывацца праз шматхвалевую плыню разнастайных навін, у прыватнасці, у ЗША. Змены не адбываюцца з хуткасцю кабельных навін; гэта патрабуе цярплівасці, цвёрдасці духу і словаў праўды. Пратэстоўцы ў Беларусі гэта добра разумеюць. Як і журнлаісты з сінякамі,” – падкрэслівае амерыканскі часопіс для прафесійных журналістаў.
Шэраг замежных выданняў, у тым ліку кітайская газета Taiwan News, прысвяцілі свае старонкі “кнізе злачынстваў”, якую плануе сабраць беларуская апазіцыя.
Размова ідзе аб рэестры супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія абвінавачваюцца ў злоўжываннях супраць мірных дэманстрантаў, якія пратэстуюць супраць перавыбрання аўтарытарнага лідара краіны Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская, галоўны апазіцыйны прэтэндэнт на выбарах прэзідэнта Беларусі ў жніўні, заявіла ў відэазвароце з Вільні, што “кніга злачынстваў” будзе ўключаць у сябе звесткі пра злоўжыванні ў міліцыі, якія будуць правярацца незалежнымі юрыстамі.
“Беспакаранасць не будзе доўжыцца вечна”, – заявіла Ціханоўская, на якую беларускія ўлады аказалі ціск, каб яна выехала ў суседнюю Літву пасля выбараў. „Ніхто не зможа пазбавіць сотні тысяч людзей, якія імкнуцца да справядлівасці, права выказацца”.
Газета Taiwan News падкрэслівае, што Беларусь была ахоплена масавымі пратэстамі пасля пераабрання Лукашэнкі на шосты тэрмін паўнамоцтваў на выбарах 9 жніўня, якія, паводле апазіцыі, былі наўпрост ашуканствам.
Паліцыя жорстка разганяе мірныя дэманстрацыі, ужываючы электрашокеры, шумавыя гранаты, слезацечны газ і дубінкі. Па словах праваабаронцаў краіны, за ўвесь гэты час тысячы людзей былі затрыманыя, і многія з іх былі жорстка збітыя.
Мітынгі, самы вялікі з якіх сабраў 200 000 чалавек, працягваюцца, нягледзячы на ўсё больш жорсткую рэакцыю міліцыі.
ЗША і Еўрапейскі Саюз увялі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, якія абвінавачваюцца ў датычнасці да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій пасля выбараў.
Ціханоўская заявіла, што апазіцыя будзе выкарыстоўваць рэестр супрацоўнікаў праваахоўных органаў, абвінавачваемых у злоўжываннях, для ўвядзення санкцый Захаду і супраць такой катэгорыі асобаў.
Амерыканскі штотыднёвік The New Yorker размясціў фотаздымкі з крыжамі ўрочышча Курапат у Менску побач з арыткулам “Паэт разважае пра апошнюю дыктатуру Еўропы”.
Гераіня артыкула – паэтка Вальжына Морт – сталеючы ў Менску, у васьмідзесятыя-дзевяностыя гады, дома размаўляла на расейскай мове, а ў школе вывучала беларускую. Зараз яна выдала новы зборнік вершаў “Музыка для мёртвых і ўваскрослых” на ангельскай мове. Вальжына Морт настойвае на тым, што яна не ведае ніводнай з трох моў асабліва добра. “На шчасце, я вельмі цвёрда трымаюся ідэі, што паэзія не зыходзіць з мовы, а хутчэй з невыказанага, з неперакладанага”, – прызнаецца яна ў інтэрв’ю The Guardian летась. “Для мяне мае сэнс толькі тое, што я спрабую сказаць гэта на мове – на любой мове – на якой я ведаю, што ўрэшце пацярплю няўдачу”.
Аўтарка The New Yorker Джэніфер Уілсан падкрэслівае: тое, што з Беларусі выходзяць паэты і барды невыказанага, не выпадкова. Улічваючы падаўленне мастакоў і інтэлектуалаў пры Сталіне ў 1930-ыя гады і цяперашнюю цэнзуру журналістаў пры прэзідэнце Аляксандры Лукашэнку, беларусаў на працягу большай часткі стагоддзя прымушалі нікому не паведамляць, што там адбываецца. Паэтка Морт успамінае як у дзяцінстве слухала, як бабуля распавядала пра тое, што вырасла ў класе забяспечаных вяскоўцаў-кулакоў, якія былі прымусова раскулачаны пры савецкім рэжыме. Пасля гэтых размоваў маці Морт заўсёды нагадвала ёй: „Вальжына, толькі нікому пра гэта не гавары”. Морт прысвяціла бабулі сваю першую кнігу паэзіі, выдадзеную ў ЗША, “Фабрыка слёз”, у 2008 годзе.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.