Агляд прэсы: код для сваіх



Санкцыі для Беларусі як сродак ударыць па Расеі. Як Расея выкарыстоўвае нямецкіх дэпутатаў і кампаніі для пашырэння свайго ўплыву ў Берліне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Atlantic Council канстатуе, што «няўхільнае паглынанне і анексія Беларусі з боку Расеі працягваецца хутка», маючы на ўвазе сустрэчу прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна і яго беларускага калегі Рамана Галоўчанкі, дзе вядуцца перамовы аб дарожных картах «паглыблення інтэграцыі» газавых рынкаў і падатковых сістэм дзвюх краін.

Беларусь таксама імкнецца пабудаваць спецыяльныя тэрміналы ў расейскіх партах для садзейнічання экспарту калійных і нафтапрадуктаў.

«Тым часам расейскія алігархі і кампаніі, звязаныя з Крамлём, імкнуцца набыць каронныя каштоўнасці беларускай эканомікі. Паведамляецца, што расейскі калійны гігант «Уралкалій» актывізуе сваю доўгатэрміновую кампанію па набыцці беларускага вытворцы калійных угнаенняў «Беларуськалій». Кажуць, расейскі вытворца хімічных рэчываў «Уралхім» прыглядаецца да хіміка-мінеральных камбінатаў «Гродна Азот», – піша Atlantic Council і прыходзіць да высновы, што менавіта будучыя санкцыі супраць беларускіх кампаній паўплываюць на паводзіны Масквы.

 

«На першы погляд, у сярэдзіне студзеня ў фешэнэбельным берлінскім гатэлі прайшла зусім непрыкметная канферэнцыя: «Стратэгічны дыялог рэгіёну Балтыйскага мора». Але калі прыгледзецца да імёнаў тых, хто ўдзельнічаў у планаванні сустрэчы, узнікаюць падазрэнні. Сярод удзельнікаў заўважаны асобы, якія абвінавачваюцца урадам ЗША ў аказанні ўплыву, дэзінфармацыі і зламысных аперацыях у Афрыцы і Еўропе. Як вынік за бяскрыўднай, на першы погляд, сустрэчай хаваецца, на думку еўрапейскіх разведвальных службаў, расейская аперацыя ўплыву, якая ажыццяўляецца наўпрост у цэнтры Берліна», – разважае нямецкае выданне Die Zeit.

Як адзначае нямецкае выданне, у большасці выпадкаў грань паміж агульнымі інтарэсамі і аказаннем ўплыву досыць размытая. Такія аперацыі не з’яўляюцца адметнай рысай Расеі ці яе вынаходніцтвам: ў часы халоднай вайны яны былі часткай інструментару зверхдзяржаваў.

 

Гішпанская і еўрапейская прэса працягвае аналізаваць вынікі выбараў у рэгіёне Мадрыд. Адназначную перамогу атрымала дзеючая кіраўнік мясцовага ўрада і прадстаўнік кансерватыўнага лагера Ісабэль Дыяс Аюса (Народная партыя). Аюса здолела прыцягнуць выбаршчыкаў, зрабіўшы стаўку на супраціў каранавіруснай палітыцы, якая праводзіцца цэнтральнымі ўладамі. Аюсу можна аднесці да вельмі правага крыла Народнай партыі, якое выступае за стварэнне кааліцыі з ультраправай партыяй Vox. Гішпанская газета Jornal de Notícias з трывогай піша:

«З кожнымі выбарамі ўсе гэтыя правыя папулісты і нацыяналісты, якія смуткуюць па Франка, ультралібералы, ворагі народаў Гішпаніі (у асаблівасці каталонцаў і баскаў), апалагеты карыды і прыхільнікі ультракаталіцызму знаходзяць усё большую вагу. Наступным крокам стане з’яўленне расісцкай і сексісцкай позваў на ўзроўні цэнтральнага ўраду, пад прыкрыццём Народнай партыі. Магчыма, фашызм і не пераможа (роўна як і камунізм!), але дэмакратыя, тым не менш, аказваецца пад пагрозай».

 

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з нечаканай заявай, заклікаўшы да часовай адмены дзеяння патэнтаў на вакцыны ад каронавірусу. У гэтай сувязі курс акцый некаторых фармацэўтычных кампаній значна прасеў. Прэса падкрэслівае важнасць фармацэўтычнай прамысловасці для правядзення даследаванняў, аднак пры гэтым указвае на тое, што неабходна забяспечыць даступнымі вакцынамі больш бедныя краіны.

“Для таго, каб заслона вірусу быў пастаўлена не толькі ў багатых краінах, неабходна інвеставаць у распрацоўку вакцын, аптымальных з пункту гледжання захоўвання і транспарціроўкі”, – піша італьянская газета La Repubblica.

«Калі мы не будзем інвеставаць у распрацоўку інавацыйных і даступных вакцын, то цэлыя рэгіёны свету апынуцца адрэзанымі ад радасцяў жыцця і свабоды. Яны будуць не ў стане справіцца з распаўсюджваннем вірусаў. Прагрэсіўны свет таксама адчуе на сабе наступствы гэтага, бо відавочна, што ўсе мы непарыўна звязаны адзін з адным. Калі неадкладна пачаць інвеставанне ў гэтым кірунку, то тым самым атрымаецца выратаваць ад гібелі многіх людзей. І гэта было б актам справядлівасці на карысць усяго чалавецтва. Мы маглі б гэта зрабіць прама цяпер ці дачакацца наступнай пандэміі!”.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя