Агляд прэсы: кошт міру



Лукашэнка можа выкарыстаць супраць Пуціна сваё «народнае апалчэнне». Будучыня вайны ва Украіне. Уступленне ў NATO: як быць з супрацівам Анкары? Пошук раўнавагі ў судовай сістэме Польшчы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка загадаў стварыць у краіне «народнае апалчэнне», – піша ўкраінскае выданне The New Voice of Ukraine.

«Днямі таму Лукашэнка абвясціў аб стварэнні паўднёвага ваеннага камандавання і ўвядзенні часткі войскаў да ўкраінскай мяжы. Мажліва, ён спрабуе запалохаць Украіну перспектывай ўварвання. Але наўрад ці ён іх пашле, бо нават у самым пачатку вайны, калі ўсе пагадзіліся, што шанцы не на карысць Украіны, Лукашэнка ўсё ж вырашыў не прыцягваць да ўварвання беларускіх вайскоўцаў. Як выразна пераканаецца любы больш-менш незалежны назіральнік, Лукашэнка разумее, што ў Пуціна нулявыя шанцы на перамогу ва Ўкраіне. А таму ён разглядае магчымасць пераскачыць: адмовіцца ад Пуціна і паспрабаваць пасябраваць з Захадам. Таму яму патрэбна апалчэнне, якое можна было б хутка ўзброіць, калі б нехта ўварваўся ў Беларусь. Лукашэнка больш за ўсё баіцца Пуціна. Калі ён адмовіцца ад свайго крамлёўскага патрона, расейскія войскі ўвойдуць у Беларусь і будуць праводзіць змену рэжыму, усталяваўшы фігуру замест адкінутага Лукашэнкі», – цытуе ваеннага эксперта Івана Якавіна ўкраінскае выданне.

На фоне ўзмацнення расейскіх удараў на ўсходзе Украіны ў Еўропе вядуцца шырокія дыскусіі пра тое, як і якім чынам можна было б спыніць гэтую вайну. У суботу прэзідэнт Францыі Макрон і канцлер Германіі Шольц правялі тэлефонную размову з прэзідэнтам Расеі Пуціным, падчас якой спрабавалі пераканаць яго ў неабходнасці спынення агню. Раней шырокі рэзананс у свеце выклікалі прапановы былога дзяржсакратара ЗША Генры Кісінджэра. Меркаванні прэсы раздзяліліся. Нідэрландская газета De Volkskrant выступае супраць саступак Маскве.

«Прэзідэнт Францыі Макрон робіць стаўку на дыпламатыю: «Пуціна нельга зневажаць», – кажа ён. Гэта цынічны падыход. Ёсць толькі адзін бок, годны жалю: не той, хто напаў, але той, на каго напалі. Для таго, каб Пуцін, маўляў, не ўдарыў тварам у бруд, трэба дазволіць яму нешта выйграць, трэба нешта яму даць, а ўсё гэта магчыма толькі за кошт Украіны. Украінцы павінны быць напагатове, каб іх не абвялі вакол пальца так званыя рэалісты ад палітыкі і аналітычных цэнтраў, заўсёды гатовыя разбазарваць дэмакратыю, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, асабліва, калі яны належаць іншым», – катэгарычна падкрэслівае нідэрландскае выданне.

Турцыя выступае катэгарычна супраць уступлення ў NATO Фінляндыі і Швецыі, якія ўжо падалі свае заяўкі. Прэзідэнт Турцыі Эрдаган патрабуе ад абедзвюх краін выдаць Анкары чальцоў Працоўнай партыі Курдыстана і актывістаў руху Гюлена, а таксама пакласці канец байкоту, у рамках якога скандынавы адмаўляюцца пастаўляць зброю Турцыі з-за яе ваеннай аперацыі ў Сірыі. Еўрапейская прэса аналізуе канфлікт.

«Падчас спрэчак аб уступленні ў NATO ўсе мы сталі сведкамі самаўпэўненасці Швецыі, якая лічыць, што мае права павучаць іншых», – піша мясцовая газета Expressen.

«Вялікі мараліст Швецыя зараз вымушана весці перамовы фактычна з «д’яблам». Гэта – балючае працвярэжванне для нацыі, якая апошнім часам аддае перавагу, каб брудную працу выконвалі за яе іншыя краіны. Швэцыі быў паднесены ўрок рэальнай палітыкі, і абыйшоўся ён ёй вельмі дорага. Бо часта міжнародная палітыка з’яўляецца вельмі няпростай справай. Седзячы на глядацкай трыбуне, лёгка абурацца крывадушнасцю ЗША або перамовамі ЕЗ з д’яблам. Аднак у жыцці часта даводзіцца выбіраць не паміж дабром і злом, а паміж чумой і халерай», – канстатуе шведскае выданне.

З-за праведзенай у краіне спрэчнай судовай рэформы Польшча была пазбаўлена мільярдаў еўра з фонду ЕЗ па аднаўленні ад пандэміі. Найважнейшым каменем спатыкнення ў спрэчцы з Бруселем стала стварэнне Дысцыплінарнай палаты ў Вярхоўным судзе Польшчы, праз якую можна было караць непажаданых суддзяў. Цяпер Сойм прыняў рашэнне аб роспуску і замене дадзенага органа. Аднак, на думку аглядальнікаў, гэта яшчэ не канец.

«Рэформа рэформы, якую цяпер сабралася праводзіць Польшча, можа быць толькі пачаткам тэрапіі абсалютна хворай юстыцыі», – зазначае нямецкая газета Deutschlandfunk.

«Скасаванне Дысцыплінарнай палаты, прынамсі, дае шанец на тое, што ў будучыні суддзям перастануць затыкаць рот. Аднак многія іншыя аспекты судовай рэформы, у тым ліку прызначэнне ў Канстытуцыйны суд паплечнікаў і саўдзельнікаў партыі ПіС, застаюцца некранутымі. А значыць, хаос па большай частцы працягне перамагаць. Тым не менш, зараз Брусэль павінен выдаць Варшаве першы транш сродкаў з фонду ЕЗ па аднаўленні ад пандэміі. Гэтыя сродкі неабходныя Польшчы і яе народу, напрыклад, для забеспячэння патрэб украінскіх бежанцаў. Аднак далейшыя плацяжы павінны рабіцца пры ўмове паслядоўнага аднаўлення прынцыпу вяршэнства права ў краіне», – піша нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя