Агляд прэсы: кошты новай вайны
Лукашэнка, Пуцін і Ціханоўская: доўгае рэха гістарычнага падзелу Беларусі. Польшча становіцца прыфрантавой дзяржавай. Як заклікаць Анкару да адказу? Пратэсты фермераў у Нідэрландах. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка ў суботу, 25 чэрвеня, наведаў з чарговым візітам свайго расейскага калегу Уладзіміра Пуціна. Практычна несумненна, вайна ва Украіне была часткай двухбаковых дыскусій Пуціна і Лукашэнкі. Некаторыя расейскія аналітыкі прагназуюць, што аднаўленне перамоваў і шанцы на перамір’е паміж Масквой і Кіевам могуць матэрыялізавацца не раней, чым напрыканцы канец 2022 — пачатку 2023 года», – выбудоўвае прагноз сцэнарыяў расейска-беларускага вайсковага супрацоўніцтва амерыканская газета Jamestown.
«Якой бы ні была магчымая «перамога» Расеі ў вайне — гэта будзе кепска для Беларусі. Такі самаабвешчаны трыумф будзе азначаць рост самаўпэўненасці ў расейскай эліце і далейшае звужэнне свабоды манеўру для Менску. Але і для беларусаў у выгнанні таксама. Вайна і рэакцыя на яе прывялі да поўнага разрыву паміж абодвума бакамі жалезнай заслоны, якая зноў узнікае ва Усходняй Еўропе. Ужо хаця б па гэтай прычыне тое, што кажуць лідэры беларускай апазыцыі і яе экспэрты ў выгнанні ў такіх месцах, як Варшава ці Страсбург, мае вельмі мала рэзанансу ў Менску. Часам беларускае тэлебачанне згадвае палітэмігрантаў толькі з адным: наколькі жорстка «мы» павінны «іх» судзіць, калі «яны» вернуцца». Пры гэтым відавочны сумневы, ці гатовы Захад уступіць у рэальную канкурэнцыю з Расеяй за Беларусь, – падкрэслівае амерыканскае выданне.
У Мадрыдзе завяршыўся саміт краін НАТО. Галоўнай тэмай абмеркавання на саміце была вайна ва Украіне. Расею Паўночнаатлантычны альянс лічыць зараз не партнёрам, але найважнейшай пагрозай. Турцыя дала сваю згоду на ўступленне ў альянс Швецыі і Фінляндыі. Еўрапейская прэса праводзіць паралелі з «халоднай вайной», і разважае аб найноўшай мілітарызацыі кантынента. Як адзначае польская газета Gazeta Wyborcza, на нашых вачах адбываецца змена эпох.
«Уладзімір Пуцін пагражаў Еўропе тым, што прыкруціць газавы кран і пусціць у ход ядзерную зброю для таго, каб прымусіць усіх прызнаць сваю сферу ўплыву. Вайна ва Украіне разбурыла міф аб магутнасці расейскага войска. Пашырэнне НАТО прадэманстравала тое, што пагрозы Пуціна былі пустымі. Таксама стала відавочным, што цалкам можна жыць і без расейскага газу. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Канфлікт ва Украіне, па ўсёй верагоднасці, працягнецца яшчэ многія месяцы і прыме форму вайны на знясіленне. Мы ў Польшчы вяртаемся назад, у часы халоднай вайны, і наша краіна з гэтага часу будзе граць ролю прыфрантавой дзяржавы, якая ў свой час выпала на долю Заходняй Нямеччыны», – праводзіць паралель польскае выданне.
За сваю згоду на ўступленне ў альянс Швецыі і Фінляндыі Турцыя запатрабавала высокую цану: праз дзень пасля ўзгаднення вельмі расплывістага мемарандума аб узаемнай падтрымцы Анкара запатрабавала ад абедзвюх краін-кандыдатаў экстрадыцыі 33 чалавек, якіх яна лічыць «падазраванымі ў тэрарызме» і якія, на яе думку, належаць да Працоўнай партым Курдыстана або руху Гюлена. Шведская газета Expressen разважае над сітуацыяй.
„Так, канешне, мы далі згоду на хуткую экстрадыцыю гэтых людзей, аднак у пагадненні таксама прапісана, што гэта не павінна адбывацца ў парушэнне Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. Акрамя таго, мы маглі б выкарыстоўваць гэты момант для таго, каб падняць тыя пытанні адносна Турцыі, якія нас вельмі хвалююць. Многія турэцкія дысідэнты, якія пражываюць у Швецыі, падвяргаліся нападам пры падазроных абставінах – падобныя эксцэсы зусім непрымальныя. Калі Швецыя ўступіць у НАТО, то мы зможам у рамках цеснага дыялогу з турэцкай таемнай паліцыяй выкласці на стол усё, што нашым спецслужбам вядома аб іх дзейнасці ў Швецыі і запатрабаваць неадкладна пакласці гэтаму канец”, – піша шведскае выданне.
На фоне прадпісанняў па скарачэнні выкідаў азоту галандскія фермеры вырашылі, што іх існаванне знаходзіцца пад пагрозай. Першапачаткова мірныя пратэсты ўсяго за тыдзень набылі радыкальны характар: справа дайшла да блакавання аўтастрад трактарамі, спальвання цюкоў сена і гэтак далей, аж да выкарыстання гною і ўладкавання беспарадкаў перад домам міністра навакольнага асяроддзя Крысціяны ван дэр Валь. Нідэрландская газета De Volkskrant заклікае фермераў краіны змякчыць форму пратэсту.
“Гэта ўжо не звычайны пратэст, але атака на дэмакратыю. Простага рашэння тут няма. Самыя радыкальныя з фермераў знаходзяць адзін аднаго ў бурлівым кактэйлі, замяшаным на пачуцці несправядлівасці, антыдзяржаўных настроях і зусім іншым поглядзе на рэальнасць. Сацыяльныя сеткі гуляюць у гэтым працэсе велізарную ролю, і пошук проціяддзя толькі пачынаецца. Для таго, каб як мага хутчэй вярнуць джына ў бутэльку, паліцыя і судовыя органы павінны для пачатку ўказаць, дзе менавіта праходзяць чырвоныя лініі”, – заклікае нідэрландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя