Агляд прэсы: кошты свабоды



Прэзідэнт Літвы ўсхваляваны намерам Расеі праглынуць Беларусь. СМІ канстатуюць, што Грузія так і не змагла вырвацца з шаблону постсавецкай краіны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Швейцарскае выданне Sonntags Zeitung зафіксавала крокі беларускай апазіцыі супраць міжнародных банкаў у Швейцарыі Credit Suisse і UBS. Паведамляецца, што гэтыя буйныя банкі падтрымліваюць рэпрэсіўны апарат Беларусі праз дзяржаблігацыі, якія ахвотна набываюць. Аднак самі банкаўскія ўстановы ў адказ на запыты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення адмаўляюць такое абвінавачванне.

Sonntags Zeitung указвае, што спрэчныя пакупкі аблігацый адбыліся ў чэрвені 2020 года, калі Беларусь зноў тэрмінова мела патрэбу ў грошах, нібыта для пагашэння старых крэдытаў. З гэтай мэтай на міжнародных фінансавых рынках былі размешчаны дзяржаўныя аблігацыі з тэрмінам пагашэння на пяць і дзесяць год коштам 1,4 млрд даляраў. Многія банкі ды інвестыцыйныя кампаніі скарысталіся гэтай магчымасцю, у тым ліку банкі UBS і Credit Suisse.

У якасці сведчання ў швейцарскім выданні прыводзіцца афіцыйная справаздачнасць Беларускага нацыянальнага банка: «Нягледзячы на тое, што было прыцягнута больш за мільярд даляраў, у другім паўгоддзі 2020 года золатавалютныя рэзервы Беларусі значна скараціліся. Гэта дазваляе зрабіць выснову аб тым, што грошы служылі для «фiнансавання масавых парушэнняў правоў чалавека».

У эксклюзіўным інтэрв’ю літоўскаму выданню Delfi прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа распавёў аб сваім бачанні сітуацыі ў Беларусі  і мерах яе падтрымкі.

«Гэта павінны быць персанальныя санкцыі ў дачыненні да суб’ектаў, звязаных з рэпрэсіямі супраць апазіцыі, як у выпадку з Беларуссю. І, вядома, мы павінны ўключыць у гэты спектр санкцый праект «Паўночны паток – 2», таму што гэта, магчыма, адзіныя абмежавальныя меры, якія былі б сапраўды балючыя для расейскага рэжыму», – раскрыў выданню намеры прэзідэнт Літвы.

Таксама ў інтэрв`ю Delfi ён выказаў сумнеў, што ў Беларусі могуць адбыцца свабодныя выбары.  «Усё роўна, хто будзе там наступным лідарам. Самае галоўнае – гэта свабода волі і волевыяўлення беларускага народа. Я думаю, што людзі ў XXI стагоддзі заслугоўваюць права выбіраць, каго яны хочуць. Мяне турбуе намер Расеі праглынуць Беларусь як незалежную дзяржаву»,  – цытуе прэзідэнта літоўскае выданне.

У Грузіі нечакана сышоў у адстаўку прэм’ер-міністр краіны Георгій Гахарыя. Сваё рашэнне ён абгрунтаваў нязгодай з судовым распараджэннем аб затрыманні яго галоўнага палітычнага апанента – лідара апазіцыйнай партыі „Адзіны нацыянальны рух” Міканора (Нікі) Мелія. Паводле версіі абвінавачання, Мелія прымаў удзел у беспарадках 2019 года і заклікаў да штурму парламента. Гахарыя прасоваў інтэграцыю Грузіі ў заходні свет. Сусветныя СМІ расчараваныя. Нямецкае выданне Zeit Online задаецца пытаннем, як наогул ідуць справы з дэмакратыяй у Грузіі:

«Кіруючая партыя Грузінская мара – Дэмакратычная Грузія ёсць палітычным інструментам у руках бізнэсмэна і алігарха Бідзіна Іванішвілі. Ягоныя партыі падкантрольныя не толькі ўраду, але і парламенту, судам і органам следства. Георгій Гахарыя павінен сысці, паколькі стаў занадта самастойным – і таму ён больш не патрэбны. Застаецца пытанне, чаму ўсе гэтыя прыгожыя законы супраць карупцыі і кумаўства апынуліся неэфектыўнымі. Бо над імі так доўга працавалі ў тым ліку і заходнія кансультанты, перш за ўсё з ЕЗ. Адказ: законы гэтыя ніхто не ператварае ў жыццё. Такім чынам, Грузія знаходзіцца ва «ўзорнай» кампаніі з іншымі постсавецкімі рэспублікамі. У суседніх краінах, ад Азербайджана да Расеі, усё ідзе значна горш. Але Захад, вядома ж, спадзяваўся на тое, што Грузія апынецца выключэннем».

У Еўропе не сціхаюць дыскусіі аб тым, ці павінны прышчэпленыя ад COVID-19  атрымаць права і магчымасць раней за іншых вярнуцца да нармальнага жыцця. Падобныя планы ўжо ёсць у Даніі і Швецыі. Як адзначае аўстрыйская газета Der Standard, увядзенне паслабленняў для прышчэпленых павінна заставацца прэрагатывай дзяржавы:

«Вядома, той аргумент, што грамадства не павінна апынуцца падзеленым на два класы –  прышчэпленых і непрышчэпленых – даволі важкі. Аднак яго можна прывесці і ў тым выпадку, калі падзел на гэтыя класы адбудзецца ў сілу таго, што фірмы і кампаніі будуць «абслугоўваць» – запускаць у свае памяшканні, перавозіць, забаўляць – выключна асобаў, якія прайшлі вакцынацыю. Дзяржава не павінна аддаваць рашэнні падобнага роду на водкуп прыватнаму бізнесу. Яны, па-першае, мусяць правесці вакцынацыю хутка, бясплатна і ў даступным рэжыме, а па-другое, увесці правілы, згодна з якімі грамадзяне хай павольна і паступова, але гарантавана здабудуць зноў свае былыя свабоды».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка