Агляд прэсы: кожны сам за сябе
Як іракцы-жыхары Германіі перапраўляюць суайчыннікаў праз Беларусь. Выбары ў Дзярждуму: што важна акрамя галасоў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Значна павялічыўся несанкцыянаваны ўезд у Нямеччыну мігрантаў, якія спачатку легальна ляцяць у Беларусь, а адтуль пры дапамозе пасрэднікаў перабіраюцца ў краіну праз Польшчу» – паведамляе нямецкая газета Welt am Sonntag пра тое, як днямі федэральнай паліцыі ўдалося арыштаваць трох меркаваных пасрэднікаў. Імі сталі іракцы, якія пражываюць у Нямеччыне, і якія, верагодна, дапамагалі суайчыннікам нелегальна ўязджаць у краіну на аўтамабілях.
«Федэральная паліцыя затрымала на мяжы з Польшчай 85 нелегалаў, 33 з іх прыбылі па маршруце Турцыя-Беларусь-Польшча: у іх дакументах былі выяўленыя адпаведныя уязныя штампы або візы, выдадзеныя турэцкімі і беларускімі ўладамі. Маршрут Беларусь-Польшча – з’ява новая. Лукашэнка з лета перапраўляе іракцаў і іншых мігрантаў да межаў з Літвой, Польшчай і Латвіяй у адказ на новыя санкцыі ЕЗ», – адзначае нямецкая газета Die Welt.
«Большасць мігрантаў і бежанцаў, якія заехалі ў Літву, Латвію ці Польшчу з Беларусі, наўрад ці маюць намер заставацца ў гэтых краінах на працягу працяглага часу». У Нямеччыне, у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі пражывае найбольшая колькасць грамадзян Іраку, і таму яна, верагодна, з’яўляецца краінай прызначэння для многіх асобаў, якія незаконна ўязджаюць у ЕЗ з Беларусі», – перадае Die Welt.
***
У нядзелю ў Расеі завяршыліся выбары ў Дзяржаўную думу. Згодна з папярэднімі падлікамі, перамогу атрымала пуцінская партыя «Адзіная Расея», якая набрала каля 45 адсоткаў галасоў. За ёй з некаторым адрывам ідуць камуністы (20 адсоткаў), а таксама тры іншыя партыі, якія лічацца праўладнымі. Многія кандыдаты ад апазіцыйных партый, якія мелі шанец на праходжанне ў парламент, яшчэ да пачатку выбараў былі арыштаваныя і пасаджаныя за краты. Еўрапейская прэса па-рознаму інтэрпрэтуе вынікі выбараў у Расеі.
Нямецкая газета Süddeutsche Zeitung са шкадаваннем адзначае, што расейская апазіцыя не здолела ў поўнай меры скарыстацца незадаволенасцю на адрас уладаў, назапашанай сярод насельніцтва.
«Напрыклад, праект Аляксея Навальнага – гэта не сапраўдная палітычная праграма. Ён усяго толькі забяспечвае пратэстнае галасаванне. Вядома, Навальнаму, які знаходзіцца за кратамі, улады не пакінулі ніякіх альтэрнатыў. Але тым не менш, у Расеі маюцца дэмакратычныя сілы, з якімі каманда Навальнага магла б аб’яднацца. Але і ў без таго разрозненай расейскай апазіцыі ўжо на працягу многіх гадоў кожны толькі сам за сябе. Гэта наўрад ці дадае мужнасці людзям, якія былі б гатовыя прагаласаваць супраць Крамля», – адзначае нямецкае выданне.
***
Да выбараў у бундэстаг застаўся ўсяго тыдзень. Зыход гонкі пакуль невідавочны, аднак адно вядома ўжо зараз: Германію больш не будзе ўзначальваць Ангела Меркель, якая займала пасаду федэральнага канцлера на працягу апошніх шаснаццаці гадоў. На думку СМІ, адной з галоўных заслуг Меркель можна лічыць дасягнутую пры ёй стабільнасць. У той жа самы час, як адзначае прэса, хібы мэркелеўскай эпохі яшчэ доўга будуць адбівацца на лёсе краіны.
Партугальская газета Público аддае даніну поспехам Меркель на міжнароднай арэне.
«На думку адных, Меркель была эфектыўным мэнэджарам, якому ўдалося справіцца з цэлым шэрагам еўрапейскіх крызісаў. Для іншых яна была лідарам без вядучай ідэі, якая імкнулася толькі да таго, каб захаваць наяўны статус-кво і занадта часта ставіла інтарэсы сваёй краіны на першае месца. Адно можна сказаць напэўна: калі Меркель ўпершыню прыйшла да ўлады ў 2005 годзе, Германія перажывала крызіс і пасля аб’яднання збіралася стаць проста цалкам нармальнай краінай. Сыходзячы, Меркель пакідае пасля сябе краіну, якая з’яўляецца цэнтрам палітычнага і эканамічнага прыцягнення Еўропы. Уплыў ФРГ на працэсы, якія адбываюцца ў ЕЗ, мацней, чым калі-небудзь раней», – адзначае партугальскае выданне.
***
«Стаўленне Расеі да эпідэміі каронавірусу адзначана супярэчнасцямі. Улады эфектыўна адрэагавалі на пандэмію, калі не словамі, то дзеяннямі. Але ў людзей былі свае ўласныя тэорыі, а потым у справу ўмяшалася палітыка», – піша швейцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung.
«Наўрад ці хтосьці сёння сумняецца ў тым, што пандэмія Covid-19 – гэта адна з падзей сусветнай гісторыі, якая падзяліла чалавецтва на «да» і «пасля». Але ў Расеі яна набыла відавочную палітызацыю. Прамежкавы вынік у барацьбе з пандэміяй Covid-19 на сённяшні дзень выглядае наступным чынам: несістэмная апазіцыя разгромленая і больш не існуе, па меншай меры, у самой Расеі. У краіне цалкам вакцынаваны толькі 26% насельніцтва, пры гэтым ужо ў жніўні, паводле падлікаў універсітэта Джонса Хопкінса, які грунтуюцца на дадзеных расейскага цэнтру па барацьбе з пандэміяй, Расея заняла першае месца ў свеце па колькасці смерцяў ад каронавірусу на мільён жыхароў. І яшчэ адна сумная лічба: па дадзеных незалежных экспертаў, залішняя смяротнасць у Расеі на працягу ўсёй пандэміі на сённяшні дзень складае каля 600 тысяч смерцяў. Для расейскіх уладаў выратаванне чалавечых жыццяў – гэтая мэта ў канчатковым выніку не з’яўляецца прыярытэтнай», – заключае швейцарская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.