Агляд прэсы: краевугольны камень



Змены ў персанале расейскай амбасады падчас узмацнення ціску на Беларусь. Францыя: старшынства ў ЕЗ і перадвыбарная барацьба. Атам і газ: абодва на карысць клімату? Што азначае забарона «Мемарыялу» ў Расеі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Міжнароднае выданне InformNapalmцу Беларусі правяла ўласнае OSINT-расследаванне, у якім разгледзела змены ў персанале амбасады Расеі ў Беларусі ў 2021 годзе ў перыяд значнага ціску на Рэспубліку Беларусь.

«Не сакрэт, што пасольствы Расійскай Федэрацыі ў розных краінах свету, і асабліва ў краінах былога СССР, вядуць незаконныя разведвальныя аперацыі. Акрамя таго, яны маюць вырашальнае значэнне ў прымяненні мяккай сілы Расеі і распаўсюджванні «рускага свету». Прадказальна, што Расея рэзка ўзмацніла ціск на Рэспубліку Беларусь і вырашыла паскорыць працэс гібрыднага захопу і знішчыць нават фармальную незалежнасць гэтай дзяржавы. Разглядаючы гэты працэс, цікава паглядзець на змены ў супрацоўнікаў амбасады Расеі ў Беларусі», – піша міжнароднае выданне і называе нязручныя прозвішчы.

«Ігар Елькін — ваенны і ваенна-паветраны аташэ Расейскай Федэрацыі ў Беларусі. Ён змяніў на гэтай пасадзе Кірыла Калючкіна – злачынцу паводле сайта «Міратворца», персону нон грата ва Украіне за дзейнасць, несумяшчальную са статусам дыпламата.

Эдуард Крусткалн — саветнік амбасады Расеі ў Беларусі, камуніст, добрасумленна ўзначальвае аддзяленне «Россотрудничество» ў Беларусі, а таксама «Рускі дом» у Менску. Выступае за замену беларускай гісторыі на расейскую.

Уладзімір Кірдзянаў — старшы саветнік пасольства Расеі ў Беларусі, раней вядомы ў ЗША ў сувязі з дзейнасцю, несумяшчальнай са статусам дыпламата.

Антон Куніцкі — другі сакратар амбасады Расеі ў Беларусі. Магчыма, плянуецца, што ён будзе курыраваць працэсы паглынання беларускіх прадпрыемстваў расейскімі падчас штучна створанага Расеяй эканамічнага крызісу», – заканчвае пералік асобаў міжнароднае выданне.

Старшынства ў ЕЗ на наступныя паўгады перайшло да Францыі. Адначасова з гэтым прэзідэнт Макрон заняты перадвыбарнай барацьбой: выбары прэзідэнта Францыі адбудуцца ў красавіку. «Сваімі амбіцыйнымі планамі па мадэрнізацыі ЕЗ Макрон спрабуе забіць двух зайцоў», – лічыць еўрапейская прэса.

Гішпанская газета El País абураная тым, што калі гаворка ідзе пра кіраўніцтва ЕЗ, то, як правіла, маецца на ўвазе толькі тандэм Парыж-Берлін:

«Пара «Францыя і Германія» павінна быць пашырана за кошт Італіі і Гішпаніі, паколькі менавіта гэтая чацвёрка і аб’ядноўвае ў сабе найважнейшыя элементы Еўразвязу. На долю гэтых чатырох краін таксама прыпадаюць дзве траціны эканамічнай моцы і колькасці насельніцтва супольнасці. За апошнія гады шэраг кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ прызнаў факты карупцыі і адмывання грошай, што прывяло да страты даверу з боку насельніцтва і змены ўлады. На фоне падобных эксцэсаў уяўляецца разумным паспрабаваць пазбегнуць ўзмацнення жорсткасці пазіцый і расколу Еўразвязу. Можна было б дасягнуць куды большых вынікаў, калі б папярэдняя праца вялася менавіта ў рамках супрацоўніцтва чатырох дзяржаў. Гішпанія сціпла і па-дзелавому прапануе ўнесці свой унёсак», – адзначае гішпанскае выданне.

Інвестыцыі ў атамныя і газатурбінныя электрастанцыі неўзабаве змогуць лічыцца кліматычна нейтральнымі. Пра гэта гаворыцца ў праекце, які прадставіла краінам-сябрам ЕЗ Еўракамісія. Прапанова стала кампрамісам , у рамках якога ЕЗ пайшоў на саступкі Францыі і Германіі: першая робіць стаўку на атам, а другая для вытворчасці электраэнергіі шырока выкарыстоўвае газ.

Нямецкая газета Frankfurter Rundschau хапаецца за галаву:

«Радыяцыя? Ядзерныя адкіды, якія трэба бяспечна захоўваць мільён год? Велізарная шкода, якая наносіцца навакольнаму асяроддзю ў выніку здабычы ўранавай руды? Падобна, Еўракамісію гэта не цікавіць. Згодна з яе ўяўленнямі, інвестары павінны мець магчымасць укладваць капіталы ў атамныя канцэрны, таму што такім чынам яны ўносяць уклад у дасягненне кліматычнай нейтральнасці, і пры гэтым захоўваюць чыстае сумленне. Большага абсурду і ўявіць сабе нельга! Суцяшае толькі тое, што мяркуючы па наяўных дадзеных, у будучыні атамная энергетыка, нягледзячы на наяўнасць зялёнай этыкеткі, будзе гуляць толькі нязначную ролю. У параўнанні з альтэрнатывамі яна занадта дарагая. А большасць інвестараў умее лічыць грошыкі».

У Маскве судовай пастановай былі забароненыя няўрадавыя арганізацыі Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» і «Міжнародны Мемарыял». Арганізацыя, заснаваная больш за 30 гадоў таму, займалася расследаваннем дзяржаўных злачынстваў савецкай эпохі. Расейскія ўлады паставілі «Мемарыялу» у віну неаднаразовае парушэнне палажэнняў заканадаўства аб «замежных агентах». Як адзначае прэса, шанцы дабіцца адмены рашэння за кошт падачы апеляцыі практычна роўныя нулю.

«Прысуд адлюстроўвае ў сабе сутыкненне двух пунктаў гледжання на тое, што ўяўляў сабой СССР», – піша румынская газета Adevărul.

«Адна частка расейскага грамадства пасля 1991 года прытрымлівалася той думкі, што савецкая дзяржава была злачыннай, і на працягу ўсяго свайго існавання дзейнічала супрацьзаконнымі метадамі. Палітыкі ж, цесна звязаныя з СССР, наадварот, мяркуюць, што крах савецкай дзяржавы быў вялікай памылкай. Уладзімір Пуцін належыць да другой катэгорыі. Як і ў часы СССР, сённяшняя Расея здолела поўнасцю падпарадкаваць сабе правасуддзе і выкарыстоўвае яго ў сваіх палітычных мэтах. Аўтарытарныя рэжымы не здавольваюцца кантролем уласных грамадзян: яны жадаюць кантраляваць і мінулае», – адзначае румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка