Агляд прэсы: „краіны Заходняй і Паўднёвай Еўропы павінны думаць як Польшча і Румынія”
Амерыканскі генерал упікнуў краіны Заходняй і Паўднёвай Еўропы ў неразуменні пагрозы з боку Расеі і Кітая. Затое гэтыя пагрозы выдатна разумеюць Польшча і Румынія, якія працягваюць умацоўваць вайсковую галіну нават у „кавідны” год.
На М’янме са скандаламі адбыліся парламенцкія выбары, але каронавірус запавольвае падлік галасоў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Генерал-лейтэнант запасу Бэн Ходжэс, былы кіраўнік Сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе, лічыць, што Бухарэст і Варшава разумеюць небяспеку, якую ўяўляюць Расея, Кітай і Ісламская дзяржава, і, як вынік, захоўваюць высокія ваенныя інвестыцыі нават у час пандэміі. У інтэрв’ю польскаму парталу defence24.com, распавядаючы пра сітуацыю з бяспекай у кантэксце пандэміі COVID-19, амерыканскі генерал, які мае вялікі досвед працы ў такіх тэатрах ваенных дзеянняў, як Афганістан і Ірак, адзначае, што „пагрозы, якія існавалі да крызісу як з боку Крамля, так і з боку Камуністычнай партыі Кітая, альбо ісламскага экстрэмізму па-ранейшаму прысутнічаюць”. У гэтым кантэксце амерыканскія вайскоўцы лічаць, што Румынія і Польшча адзіныя, хто разумее небяспеку і прымае адпаведныя захады. „Польшча і Румынія — дзве краіны, якія прадстаўляюць цэнтральную вось НАТА ў палітыцы стрымлівання, яны працягваюць укладаць сродкі ў інфраструктуру для ўмацавання флангу. Я лічу, што Польшча і Румынія даюць прыклад Альянсу ў выкананні абавязацельстваў, выкладзеных у артыкулах 3-м і 5-м”, — дадаў амерыканскі генерал. Бэн Ходжэс таксама звяртае ўвагу на тое, што гэтыя ваенныя выдаткі не скараціліся пры з’яўленні новай пандэміі каронавіруса. У артыкуле 3 Дамовы аб НАТА гаворыцца пра тое, што саюзныя краіны павінны пастаянна паляпшаць сваю баяздольнасць. Артыкул 5 Дамовы прадугледжвае, што саюзныя дзяржавы пагаджаюцца, што ўзброены напад на аднаго або некалькіх з іх, у Еўропе ці Паўночнай Амерыцы, будзе разглядацца як напад на ўсе бакі, і кожны член альянсу аказвае падтрымку атакаваным бакам. Тыя ж краіны на Захадзе робяць выгляд, што не бачаць пагрозы. У адрозненне ад Румыніі і Польшчы, краіны Заходняй і Паўднёвай Еўропы, здаецца, не разумеюць небяспекі Расеі і Кітаю. „Нашы палітычныя лідары павінны прызнаць існаванне пагрозы. А гэта складана, бо калі вы разумееце, што існуе пагроза, вы абавязаны нешта з гэтым зрабіць. Таму я думаю, што занадта шмат палітыкаў у Заходняй і Паўднёвай Еўропе не хочуць і не вераць, што Расея і Кітай з’яўляюцца пагрозамі. Таму па гэтай прычыне яны не ўкладаюцца ў войска так тэрмінова, як Польшча, Румынія і, у меншай ступені, Літва. Гэта самы вялікі выклік”, – сказаў на заканчэнне генерал Ходжэс. А вось былы прадстаўнік румынскага войска па бяспецы Косцін Джарджэску лічыць, што намаганні Румыніі і Польшчы не застаюцца без адказу. „Злучаныя Штаты апавясцілі пра крокі дапамогі Румыніі і Польшчы. Калі казаць пра Румынію, то адказ амерыканскага боку прыйшоў адразу. Не будзем забываць, што нядаўна ЗША абвясцілі, што прафінансуюць некаторыя інвестыцыі ў Румынію за 8 мільярдаў даляраў. Гаворка ідзе пра фінансаванне ядзернага праекту „Чарнавода” і іншых праектаў у Румыніі. Ніхто не ўкладае грошы, калі не давярае. Таксама мы гаворым пра стратэгічную магістраль паміж Гданьскам у Польшчы і румынскай Канстанцай. Гэтая дарога з’яўляецца сілай, якая дазволіць пры неабходнасці хутка перакінуць вайсковую тэхніку. Тады амерыканская і саюзная вайсковая прысутнасць у Румыніі будзе саліднай і ўзрасце ў наступны перыяд. У нас ужо ёсць тры базы: Дэвесэлу, Міхаіл Кагальнічану і Кампія Турзіі, дзе тысячы амерыканскіх салдат выконваюць свой абавязак. Несумненна, што з гэтага пункту гледжання справы ідуць вельмі добра”, — сказаў на заканчэнне Косцін Джарджэску.
Кіруючая Нацыянальная ліга за дэмакратыю (НЛД) Аун Сан Су Чжы заявіла ў панядзелак, што ўпэўнена ў пераканаўчай перамозе на выбарах у М’янме, хоць падлік афіцыйных вынікаў быў сарваны каронавірусам у выходныя. У нядзелю мільёны людзей выстройваліся ў шэрагі, каб прагаласаваць — гэта толькі другія нацыянальныя выбары з таго часу, як краіна выйшла з-пад прамога ваеннага кіравання ў 2011 годзе. Нобелеўская лаўрэатка Аун Сан Су Чжы па-ранейшаму застаецца гераіняй у большасці цэнтраў Бамара, нягледзячы на не лепшую рэпутацыю пасля непапулярнага абыходжання з крызісам у Рахінджы і шырокаму расчараванню ў ёй сярод жыхароў многіх раёнаў этнічных меншасцяў. Прыхільнікі НЛД святкавалі поспех позна ўначы ў нядзелю, і яшчэ сотні ехалі ў калонах на поўнач ад Янгона ў панядзелак, апранутыя ў чырвоны колер і пад байцоўскім паўліным сцягам — сімвалам партыі. Прэс-сакратар Мё Нюнт сказаў AFP, што інфармацыя ад партыйных агентаў па ўсёй краіне сведчыць аб тым, што НЛД „атрымала пераканаўчую перамогу”. „Мы атрымаем не толькі 322 месцы, неабходныя для фарміравання ўрада, але мы разлічваем пабіць наш рэкорд, пастаўлены ў 2015 годзе — 390 мандатаў”. У 2015 годзе Нацыянальная ліга за дэмакратыю перамагла, але канстытуцыя вымусіла скласці няпростае пагадненне аб падзеле ўлады з ваеннымі, якія кантралююць тры ключавыя міністэрствы і чвэрць парламенцкіх мандатаў. Ваенная апазіцыя USDP, наступная па велічыні партыя М’янмы, заявіла, што ўсё яшчэ збірае інфармацыю пра выбары і да тае пары не будзе нічога каментаваць. Афіцыйнае пацверджанне агульнага выніку чакаецца толькі праз некалькі дзён. Павелічэнне выпадкаў заражэння каронавірусам не перашкодзіла мільёнам людзей прыйсці на выбары. Маскі для твару былі абавязковымі, але натоўпы ігнаравалі строгія меры фізічнага дыстанцыявання на многіх выбарчых участках у той час, калі ўчасткі краіны знаходзіліся ў закрытым рэжыме. Су Чжы адмовілася адкладаць выбары. Праваабарончыя арганізацыі, аднак, сказалі, што на выбарах амаль два мільёны былі пазбаўлены правоў з 37-мільённага электарату. Выбарчыя ўчасткі былі адмененыя ў многіх раёнах этнічных меншасцяў па „меркаваннях бяспекі”, у той час як амаль усе астатнія 600 000 мусульман-рахінджаў у краіне даўно пазбаўлены грамадзянства і правоў. „Асноўным прынцыпам выбараў паводле міжнароднага права з’яўляецца ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, у М’янме адбылося не так”, — сказаў Ісмаіл Вольф з арганізацыі „Умацаванне правоў”, паведамляе AFP.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Reuters © Jean-Marc Loos