Агляд прэсы: красавіцкія іды



ЗША накладуць санкцыі на дзяржаўныя кампаніі Беларусі на фоне рэпрэсій. Небяспечная эскалацыя ў Данбасе на Украіне. Ці змогуць краіны свету дамовіцца ў галіне ўтылізацыі ядзерных адкідаў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Bloomberg папярэджвае, што ў наступным месяцы ЗША накладуць санкцыі на дзевяць нафтахімічных кампаній з Беларусі, калі Лукашэнка не вызваліць палітвязняў і не пачне перамовы са сваімі апанентамі.

«Мажліва, гэта горшы момант у гісторыі незалежнай Беларусі. Таму лагічным бачыцца, калі дзяржаўны нафтахімічны гігант “Белнафтахім”, нафтаперапрацоўчы завод “Нафтан” ды сем іншых кампаній могуць страціць ліцэнзію для міжнародных паставак. Тым больш, што да гэтага часу Лукашэнка не даваў ніякіх публічных прыкмет гатоўнасці да такіх перамоваў”, – падкрэслівае амерыканскае выданне.

***

 «За сем гадоў канфлікту ў Данбасе, размешчаным на ўсходзе Украіны, не менш за трыццаць разоў уводзіўся рэжым спынення агню. Апошні з іх пратрымаўся даўжэй усіх, але са студзеня колькасць яго парушэнняў небяспечна павялічылася», – піша на першых палосах французская газета Le Monde.  Аднаўленне напружанасці выданне тлумачыць у тым ліку абменам з’едлівымі заўвагамі паміж Пуціным і Байдэнам за апошнія тыдні, роўна як і санкцыямі.

«Мір у Данбасе з’яўляўся адным з ключавых перадвыбарных абяцанняў Зяленскага. Тон прэзідэнта зараз стаў больш мілітарысцкім, цяпер ён нагадвае Парашэнку», – піша Le Monde. – «Украінскі парламент, у якім пераважае партыя «Слуга народа», у аўторак прыняў пастанову, у якой пазначана, што адказнасць за «бягучую эскалацыю» нясе Расея, і запатрабаваў, каб суседка «спыніла баявыя дзеянні і вывела з Украіны сваё войска, наймітаў, узброеныя фармаванні, якія яна ўзначальвае, забяспечвае і фінансуе».

Французскае выданне падзяляе меркаванне большасці назіральнікаў, якія разглядаюць сцэнар далёка ідучай эскалацыі як малаверагодны, хоць і не выключаюць яго. Аднак у бліжэйшыя тыдні ўсе чакаюць новых сутычак і ахвяраў.

 ***

Нямецкая газета Handelsblatt нагадвае, што замест бясконцых пошукаў месцаў для пахавання ядзерных адходаў краіны свету, у тым ліку Германія і Расея, павінны заняцца сумеснай распрацоўкай новых спосабаў іх перапрацоўкі.

«Шмат гадоў Германія была лідарам у галіне мірнага атама. І сёння, калі краіна рэалізуе праграму па «выхаду» з ядзернай энергетыкі, нямецкія веды могуць зноў спатрэбіцца ўсяму свету, бо ў ФРГ «на руках» засталіся ядзерныя адкіды. А наперадзе – змены клімату, з якімі без атама не пазмагаешся», – адзначае нямецкае выданне.

Міжнародная супольнасць ядзерных энергетыкаў з вялікай цікавасцю назірае за тым, як Германія ў цяперашні час фарсіруе пошукі месца канчатковага пахавання ядзернага смецця.

«Вываз ядзернага паліва для перапрацоўкі з Германіі ў цяперашні час забаронены. У краіне дзейнічае прынцып: «забруджвальнік плаціць». Нямецкія ядзерныя адкіды павінны быць без перапрацоўкі надзейна пахаваныя на тэрыторыі краіны на мільён гадоў. Пры гэтым пошукі месца пахавання, яго даследаванне і напаўненне, верагодна, будуць доўжыцца да самага XXII стагоддзя. Пры гэтым Міжурадавая група экспертаў па змене клімату, якая працуе пад эгідай ААН, упэўнена ў тым, што на фоне змены клімату, менавіта атамная энергетыка мусіць стаць пераважнай», – падкрэслівае  Handelsblatt.

 ***

Згодна з планамі Еўракамісіі, у аснове пакета мер, якія прымаюцца ў мэтах пераадольвання каронавіруснага крызісу, павінен ляжаць «Новы Зялёны курс». Пры гэтым Брусель робіць стаўку на ініцыятыву пад назвай «Новы еўрапейскі Баўхаўс». Мэтай праекта з’яўляецца прасоўванне такіх прынцыпаў і каштоўнасцяў, як якасны дызайн, экалагічная ўстойлівасць, безбар’ернасць і інвестыцыі. Тым часам перамовы па новым законе аб клімаце, які павінен быць прыняты гэтай вясной, спынілся. Аглядальнікі занепакоеныя тым, як складваецца сітуацыя.

«Еўразвязу выпаў унікальны шанец нагнаць сваё адставанне на сусветнай арэне», – піша гішпанская газета El País.

«У лічбавай гонцы 27 краін ЕЗ даўно ўжо ззаду ЗША і Кітая, аднак у зялёнай гонцы яны цалкам могуць даць фору іншым. Восем з дзесяці найважнейшых кампаній у галіне экалагічна чыстай энергіі – еўрапейскія. Еўропа не павінна спазніцца на гэты цягнік! На коне стаяць энергетычная незалежнасць, стварэнне мноства працоўных месцаў, а таксама кантроль над тэхналогіяй глабальнага значэння. Акрамя гэтага, лідарства ў сферы зялёных тэхналогій можа дапамагчы ЕЗ умацаваць свой імідж маральнага аўтарытэту, а гэта каштуе дорага. Аўтарытэт неадчувальны фізічна, але значэнне яго вельмі вялікае», – адзначае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.