Агляд прэсы: крок наперад



Святлана Алексіевіч папярэджвае пра пачатак грамадзянскай вайны ў Беларусі. Еўропа спрабуе ацаніць шкоду ад рэформы канстытуцыі ў Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

«Рэвалюцыя ў Беларусі не скончылася. У падзеях у Беларусі бачна пагроза для стабільнасці Еўропы», – кажа пісьменніца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, якая жыве ў выгнанні ў Берліне, у інтэрв’ю нямецкай газеце Süddeutsche Zeitung.

«Пратэст шукае новыя формы, – адзначыла суразмоўца выдання. – У Дзень Волі было зашмат салдат і ваенных аўтамабіляў. У выніку людзі ўставалі ля сваіх дамоў, без сімвалаў, без знакаў. Што азначала: я тут. Я супраць. На сённяшні дзень 40 тысяч чалавек былі арыштаваныя, збітыя, скалечаныя, забітыя. Пацярпела кожная сям’я, быў прыніжаны ўвесь народ. Мы гэтага не забудзем».

Алексіевіч падкрэслівае для Süddeutsche Zeitung., што моцна здзіўлена, наколькі хутка зноў запрацавала «сталінская машына». «Ніхто нічога не забыўся. Паўсюль з’явіліся стукачы, мясцовыя падраздзялення КДБ працуюць поўным ходам. Лекар даносіць на свайго кіраўніка, яго звальняюць, а даносчык атрымлівае ягоную пасаду. Гэта тэрор 1937 году ў чыстым выглядзе».

«На коне стаіць стабільнасць Еўропы. Можа пачацца грамадзянская вайна, паўстане наплыў бежанцаў. Беларусь – гэта апошні бастыён камунізму. І калі камунізм пераможа, гэта ўмацуе нацыяналістычныя рухі і аўтарытарныя ўрады – у Расеі, Польшчы, Венгрыі», – рэзюмуе нямецкае выданне.

 

Камісія Савета Еўропы за дэмакратыю праз права, таксама вядомая як Венецыянская камісія, раскрытыкавала рэформу канстытуцыі, праведзеную ў Расеі ў 2020 годзе. Сярод іншага, гэтая рэформа дазваляе Пуціну заставацца ва ўладзе аж да 2036 году. Па словах экспертаў камісіі, змены выходзяць за межы таго, што адпавядае прынцыпу падзелу ўладаў і ўяўляюць сабой пагрозу вяршэнству права ў Расеі. Прэса цалкам падтрымлівае меркаванне камісіі.

«Больш антыдэмакратычныя змены нават цяжка сабе ўявіць», – такое меркаванне на старонках літоўскай газеты Lrt выказвае старшыня Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюс Жалімас.

«Папраўкі да Канстытуцыі Расеі відавочна парушаюць асноватворныя прававыя дэмакратычныя прынцыпы Савета Еўропы, як то: вяршэнства права, дэмакратыя, правы чалавека і грамадзянскія свабоды. Адсюль і расследаванне таго, ці мела месца грубае парушэнне абавязацельстваў РФ перад Саветам Еўропы. Цяпер прадстаўнікі Дзярждумы на пасяджэнні Венецыянскай камісіі заяўляюць, што Расея, маўляў, развіваецца нашмат хутчэй за Еўропу, у тым ліку і ў галіне права. Пуцінская канстытуцыя – выдатны прыклад у справе знявагі асноўнага закону краіны», – падкрэслівае літоўскае выданне.

 

«За апошнія пяць гадоў межы дзяржаваў перажылі тры ўзрушэнні: тэрарызм, мігранты і пандэмія. Такі патройны шок зноўку узаконіў іх вяртанне, а больш канкрэтна, той факт, што іх неабходна кантраляваць. Праз трыццаць гадоў пасля заканчэння халоднай вайны мы з’яўляемся сведкамі завяршэння цыкла. Мара аб адкрытай планеце знікла. Межы краін «перамаглі». Аднак многія яшчэ маладыя дзяржавы спрабуюць выразна размежаваць свае тэрыторыі, напрыклад, Аравійскі паўвостраў і Афрыка», – адзначае французская газета Le Figaro.

Выданне таксама ўспамінае нядаўні канфлікт у Нагорным Карабаху як прыклад стабільнасці межаў, паколькі ў лістападзе 2020 года міжнародная прызнаная лінія мяжы была адноўлена.

«Часам, як у выпадку з Крымам, экспансіянісцкая дзяржава парушае табу. Аднак такія мерапрыемствы застануцца выключэннямі. Хаця Крым і надоўга застанецца пад акупацыяй. Сапраўдная праблема для Еўропы ж зараз – умацаванне яе вонкавых межаў. З Шэнгенам мы здзейснілі тую ж памылку, што і з еўра. Гэта два вялікіх і прыгожых праекты! Аднак валютны саюз мы стварылі без збліжэння эканамічных палітык, а свабоду перамяшчэння ўсталявалі без абароны знешніх межаў, якія варта абараняць ужо зараз», – падсумоўвае французскае выданне.

 

«Партыя «Спадарожніка V», адпраўленая ў Славакію, адрозніваецца ад той, якую тэставалі ў часопісе «Ланцэт». А значыцца славакаў будуць вакцынаваць не тым прэпаратам, які ацэньваў французскі аўтарытэтны часопіс і прызнаў вакцыну бяспечнай і эфектыўнай. Расея скарыстала Славакію ў геапалітычных мэтах гібрыднай вайны», – рэзюмуе славацкае выданне Aktuality.

Выданне акцэнтуе ўвагу на тым, што прайшло ўжо больш за месяц з моманту закупкі першых вакцын, а расейскі бок так і не падаў дастатковую інфармацыю для таго, каб славацкі дзяржаўны інстытут па кантролі лекаў даў ацэнку рызыкаў і перавагаў «Спадарожніка V». Такім чынам, нельга лічыць вакцыну эфектыўнай і бяспечнай.

«Спадарожнік V» ператварыўся ў атамную бомбу расейскай прапаганды, якая трапіла ў нас у самы востры момант, калі мы апынуліся краінай з самай высокай смяротнасцю ў пераліку на сто тысяч насельніцтва за сем дзён», – выносіць вырак незалежнае славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя