Агляд прэсы: крок назад
Патрэбы ў нелегальльных мігрантах ад Беларусі няма. Вывад войскаў з Афганістана: што далей? Крызіс улады ў Тунісе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларускі дыктатар Лукашэнка дазваляе сотням мігрантаў перабірацца ў Літву, і краіна ЕЗ дасягае мяжы сваіх магчымасцяў. Многія населеныя пункты не хочуць прымаць людзей», – паведамляе нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Усяго ў некалькіх сотнях метраў ад літоўска-беларускай мяжы разгортваецца крызіс, які даводзіць Літву да мяжы яе магчымасцяў. Горшы сцэнар – гэта 40 тысяч мігрантаў. Набыццё кантэйнераў для новапрыбыўшых можа каштаваць краіне з яе трохмільённым насельніцтвам каля 200 млн еўра», – адзначае выданне і падкрэслівае, што мігранты прыбываюць нелегальна праз густы лес на мяжы з Беларуссю.
Па дадзеных памежнай службы Літвы, мігранты прыбываюць з 40 краін. Прыкладна палова з іх родам з Іраку, наступныя па велічыні групы – з Конга і Камеруну.
«Існуюць праблемы з пастаўкамі харчавання, мігрантам выдаецца двухразовае харчаванне. Але яны працягваюць прыбываць. Кошт пытання: пералёт з Багдаду ў Менск, уключаючы візу, гасцініцу і тэст на каронавірус ад 600 да 800 даляраў, а аўтобус з Менску да літоўскай мяжы – 25 эўра. Пры гэтым патрулі наўрад ці служаць стрымліваючым фактарам, паколькі большасць мігрантаў рады быць выяўленымі, каб затым прад’явіць сваё хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку, атрымаць часовае жыллё і магчымасць пачаць працэдуру атрымання прытулку», – піша Frankfurter Allgemeine.
На фоне вываду войскаў ЗША і НАТА з Афганістану свае ўплыў і ўладу ў краіне ўзмацняюць талібы. Да цяперашняга часу яны ўжо ўсталявалі свой кантроль у больш чым 160 вілаятах краіны з 400. Пры гэтым, паводле дадзеных ААН, усяго толькі за два месяцы, травень і чэрвень гэтага году, у краіне былі параненыя або забітыя 2 392 мірных жыхары. Аглядальнікі разважаюць пра тое, якую ролю ў будучыні рэгіёну сыграюць Талібан і іншыя палітычныя сілы.
Сітуацыю каментуе швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung:
«Сыход ЗША і іншых краін НАТА з Афганістану прывядзе да з’яўлення велізарнага пралому ў структуры рэгіянальнай бяспекі. У гэтай сувязі важна, каб Захад працаваў напрамую з рэгіянальнымі дзяржавамі. Гэта дапаможа рэгіёну пераадолець статус «задворкаў Расеі». На фоне пачатку супрацоўніцтва паміж Расеяй і Талібанам і геапалітычнага суперніцтва паміж Масквой і Вашынгтонам, Захаду было б мэтазгодна падтрымліваць разнастайныя адносіны з рэгіянальнымі партнёрамі, такімі як Казахстан. Калі ж у самым сэрцы Еўразіі паўстане пралом у бяспецы, то залатаць яго будзе вельмі не проста».
Прэзідэнт Туніса Каіса Саід нечакана адправіў у адстаўку кіраўніка ўраду краіны Хішам Машышы. Акрамя таго, указам прэзідэнта была прыпыненая праца парламента. Як заявіў Саід, працу па кіраванні краінай ён будзе ажыццяўляць пры супрацоўніцтве з пераемнікам Машышы, якога яшчэ трэба будзе прызначыць. СМІ разважаюць пра прычыны крызісу, і заклікаюць Еўропу аказаць краіне дапамогу.
«Зараз Туніс як ніколі мае патрэбу ў дапамозе ЕЗ», – піша італьянская газета Corriere della Sera.
«З чэрвеня краіна змагаецца з чарговай хваляй каронавірусу, недахопам вакцын і апаратаў ШВЛ ў шпіталях. У краіне штодня гінуць ад ста да двухсот чалавек. Туніс, які нярэдка называюць адзіным паспяховым прыкладам «арабскай вясны», цяпер як ніколі мае патрэбу ў падтрымцы Еўропы і дэмакратычных саюзнікаў. Пандэмія пагаршае сур’ёзны крызіс інстытуцыйнай сістэмы, які ўзнік пасля падзення дыктатуры ў 2011 годзе. Рост папулізму, страта традыцыйнымі партыямі папулярнасці сярод насельніцтва, а таксама палітычная раздробленасць зрабілі немагчымым правядзенне рэформаў, неабходных для ажыўлення эканомікі», – адзначае італьянскае выданне.
Прывілеі для вакцынаваных ці нават абавязковая вакцынацыя – шэраг еўрапейскіх краін ужо зрабілі першыя крокі ў гэтым кірунку. Адны аглядальнікі бачаць у гэтым падрыў асноўных правоў і свабод грамадзян, іншыя, наадварот, указваюць на тое, што прымусовыя меры ў канчатковым выніку прывядуць да большай справядлівасці.
«Абавязковая вакцынацыя – меншае зло», – лічыць венгерская газета Népszava.
«Нягледзячы на ўсе засцярогі і недаверлівасць людзей, ідэя ўвядзення ўсеагульнай вакцынацыі паступова авалодвае ўсім светам. Прычына гэтага зразумелая: у выпадку паўторнага локдауну вялікая частка эканомік, якія і без таго пацярпелі ад пандэміі, сутыкнецца з рызыкай непазбежнай гібелі людзей, альбо ад інфекцыі, альбо ад голаду. Можна перафразаваць знакаміты афарызм Ўінстана Чэрчыля аб дэмакратыі: вакцынацыя – найгоршае рашэнне, калі не лічыць усе астатнія», – гіранізуе венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя