Агляд прэсы: Куды рыхтуецца напад?
Расея бамбіць Адэсу. Рэформа юстыцыі ў Ізраіле. Выбары ў Гішпаніі: ці ёсць пагроза палітычнай блакады? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Аказваецца, анэксаваць землі – гэта дрэнна. «Пуцін абвінаваціў Польшчу ў агрэсіўнай палітыцы на працягу мінулага стагоддзя, у тым ліку ў «анексіі некаторых гістарычных расейскіх губерняў». Казалася ўсё гэта на паседжанні Рады бяспекі РФ і да болю нагадвала па форме папярэднія пагрозы ў адрас Украіны перад леташнім нападам. На наступны дзень па тэме вялізна выказаўся Лукашэнка. Вы будзеце смяяцца, але на сустрэчу з Пуціным ён прыхапіў з сабой карты, каб паказаць, адкуль рыхтуецца напад», – піша расейскае незалежнае выданне Grani.ru.
«Першае з’яўленне Лукашэнкі з картамі 11 сакавіка 2022 года было заклікана апраўдаць «СВА». Вось і на гэты раз, здаецца, гэта не проста вербальныя інтэрвенцыі, а апраўданне новага ўварвання – на гэты раз у заходнія вобласці Украіны. Канешне, нападаць яны сабраліся не на Польшчу. Хоць правакацый у раёне Сувалкскага калідора і новых штурмаў мяжы завезенымі блізкаўсходнімі мігрантамі, у натоўпе якіх могуць патаемна дзейнічаць вагнераўцы, выключаць нельга. Пагрозы ў адрас Польшчы – гэта хутчэй прэвентыўны шантаж, каб не ўмешваліся. Навошта Лукашэнка тут? Многія каментатары мяркуюць, быццам ён увіліваў увесь гэты час ад удзелу ў ваеннай авантуры Пуціна. Ці хіба. Адносіны паміж дыктатарамі выглядаюць бясхмарнымі як ніколі. Нерашучасць саюзнікаў Украіны толькі заахвочвае гэтую парачку. «Змены на заходнім фронце» не пакінуць Альянсу шанцаў ухіліцца ад бітвы», – папярэджвае расейскае незалежнае выданне.
З таго часу, як Расея прыпыніла свой удзел у збожжавай здзелцы, украінскі партовы горад Адэса падвяргаецца масіўным атакам расейскіх ракет і беспілотнікаў. Пакутуюць і грамадзянскія пабудовы ў старым горадзе, які з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, у тым ліку часткова разбураны праваслаўны Спаса-Праабражэнскі сабор. «Атака на Адэсу паказала, што пасля спынення збожжавай здзелкі горад зусім безабаронны перад тварам расейскай агрэсіі», – піша амстэрдамская газета De Volkskrant.
«Інфраструктура ў партах, неабходная для захоўвання, апрацоўкі і экспарту збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, таксама была пашкоджана ці разбурана. Развіццё падзей вакол збожжавай здзелкі дэманструе, што вайна, у тым ліку на полі бою, уступіла ў фазу стагнацыі. Пастаўленыя ва Украіну заходнія танкі мала што даюць з-за адсутнасці падтрымкі з паветра, а расейскія ракеты змаглі нанесці столькі страт Адэсе з-за недастаткова магутнай СПА», – піша нідэрландскае выданне.
Ізраільскі Кнэсет будзе галасаваць па пытанні спрэчнай судовай рэформы. Напярэдадні дзясяткі тысяч чалавек зноў выйшлі на дэманстрацыю супраць запланаваных законаў, якія закліканы абмежаваць паўнамоцтвы Вярхоўнага суда на карысць урада. «Насельніцтва не стане мірыцца са спаўзаннем у дыктатуру», – спадзяецца брытанская газета The Financial Times.
«Добрая навіна заключаецца ў тым, што за апошнія месяцы ўзнік моцны рух супраціву, закліканы выратаваць ізраільскую дэмакратыю. Аcпрэчваючы ідэалогію яўрэйскай перавагі і далучаючыся да старажытных традыцый яўрэйскай цярпімасці, сотні тысяч ізраільцян праводзяць дэманстрацыі, пратэсты – і аказваюць супраціў усімі вядомымі негвалтоўнымі спосабамі. З пятніцы больш за 10 000 вайскоўцаў запасу, у тым ліку сотні пілотаў ВПС, экспертаў па кібервайне і камандзіраў элітных падраздзяленняў, адкрыта заявілі пра тое, што не будуць служыць дыктатуры, а таму складуць свае паўнамоцтвы ў тым выпадку, калі судовая рэформа будзе працягнутая», – канстатуе брытанскае выданне.
У Гішпаніі па выніках датэрміновых выбараў у ніжнюю палату парламента найбольшую колькасць галасоў набрала кансерватыўная «Народная партыя». Пасля падліку яна атрымала 136 месцаў з 350. Сацыялістам пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Санчэса дасталася 122 месцы. Правапапулісцкая партыя Vox атрымала 33 месцы, а левы альянс Sumar – 31 месца. Такім чынам, ні адзін з лагераў не змог дабіцца абсалютнай большасці. Брусэльская газета De Morgen крытыкуе «Еўрапейскую народную партыю» (ЕНП) за тое, што тая не пярэчыць супрацоўніцтву кансерватараў і ўльтраправых.
«Яна як быццам у рот вады набрала – і гэта выклікае турботу. У Аўстрыі АНП сёння дазваляецца спакойна ствараць рэгіянальныя кааліцыі з АПС. У Італіі сябра ЕНП «Наперад, Італія!» зараз з’яўляецца партнёрам ультраправага прэм’ер-міністра Джорджыі Мелані. Нягледзячы на некаторыя пратэсты ў сваіх шэрагах, лідэр ЕНП Манфрэд Вэбер усё гэта прапусціў. Вельмі немалая рызыка заключаецца ў тым, што падобны альянс правацэнтрыстаў уручае ўльтраправым запалкі для падпалу асноў нашай еўрапейскай дэмакратыі. А гэта значыць, што ЕНП павінна – хаця б зыходзячы са сваіх уласных інтарэсаў! – устрымаць Народную партыю ад ўступлення у кааліцыю з Vox», – заклікае бельгійскае выданне.
Вольга Сямашка, Радыё Рацыя