Агляд прэсы: Лавіраванне на мяжы расколу



Выхаванне дыктатара Пуціным з Лукашэнкі. Візіт трох прэм’ер-міністраў краін ЕС у Кіеў. Як Еўропе падтрымаць Украіну? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка саўдзельнік вайны Расеі супраць Украіны. Але гэта не павінна стыгматызаваць прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху, якім патрэбна большая падтрымка, чым яны атрымліваюць. Аднак Беларусь была адной з пяці дзяржаў, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі ААН ад 2 сакавіка, якая асуджае ўварванне Расеі ва Украіну. Расейскія войскі, якія наступаюць з беларускай тэрыторыі, цяпер набліжаюцца да Кіева. Лукашэнка ператварыў краіну ў суагрэсара. Але ён зрабіў гэта, спрабуючы паставіць інтарэсы свайго рэжыму на першае месца, і гэтым рэзка скараціў  поле для манеўру», – піша еўрапейскае выданне European Council on Foreign Relations.

Выданне падкрэслівае, што пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і пачатку жорсткага разгону народных пратэстаў у 2020 годзе Лукашэнка апынуўся ў глыбокай міжнароднай ізаляцыі. Ён выжыў толькі дзякуючы падтрымцы Расеі, але зацягнуў перамовы з Пуціным аб цане гэтай дапамогі. У 2014 годзе, калі пуцінская Расея ўпершыню ўварвалася ва Ўкраіну, беларуская сталіца стала домам для Менскага працэсу. 

«На гэты раз любыя такія прэтэнзіі пацярпелі крах. Абмежаваная прастора Лукашэнкі для прыняцця рашэнняў стала ясна ў яго тэлефоннай размове з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам 26 лютага: просьба апошняга аб вывадзе расейскіх войскаў з Беларусі засталася без адказу. Калі Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка прызнаў, што аказвае ўсю неабходную дапамогу расейскім войскам. Паводле звестак ЗША, да 3 сакавіка 70 з 480 ракет, якія Расея выпусціла па Украіне, паступілі з Беларусі. А расейскія вайскоўцы рэгулярна перавозяць забітых і параненых праз Гомель, у Беларусь. Няцяжка зразумець, чаму ў Лукашэнкі няма жадання, каб Беларусь трапіла пад тыя ж заходнія санкцыі, што і Расея. Пры гэтым важна памятаць, што Лукашэнка не прадстаўляе беларускую грамадскасць. Ад ходу вайны Пуціна з Украінай будуць залежыць рашэнні Лукашэнкі адносна будучыні – сваёй і палітычнай сістэмы, а таксама верагодных палітычных пераходаў у Беларусі і інтэграцыі з Расеяй. Адно можна сказаць дакладна: Лукашэнка будзе аддаваць перавагу сваёй бяспецы і дабрабыту перад незалежнасцю сваёй краіны і воляй яе народа», – папярэджвае еўрапейскае выданне.

У аўторак кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Чэхіі і Славеніі прыбылі цягніком у Кіеў для таго, каб на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Зяленскім выказаць яму сваю падтрымку і салідарнасць. Афіцыйнага мандата ЕЗ на гэты візіт не было, але ён, напэўна, быў узгоднены з Бруселем і ААН. Зяленскі ацаніў візіт як магутны сігнал. Еўрапейская прэса падзялілася ў сваіх ацэнках.

«За апошні час краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы неверагодна выраслі ў знешнепалітычным плане», – такі каментар дае нямецкая газета taz.

«Хто лепш у стане ўсвядоміць становішча, у якім апынуліся ўкраінцы, чым тыя, хто ў сілу гістарычнага досведу разумеюць, што тым даводзіцца зараз перажываць? Чэхі, да прыкладу, бачаць у бітве вакол меншасцяў на Данбасе алюзію на Судзецкі крызіс 1938 года, а расейскія танкі дагэтуль жыва і хваравіта прысутнічаюць у калектыўнай памяці ўсяго рэгіёна. Цэнтральная Еўропа хацела б заняць больш жорсткую пазіцыю па такіх пытаннях, як пастаўкі зброі або беспалётная зона. Патрабаванне закрыць неба над Украінай ужо вылучаецца прыбалтыйскімі дзяржавамі і знаходзіць усё большую падтрымку ў краін Вышаградскай групы. Але калі ЕЗ працягне ўсё гэтак жа лавіраваць паміж лозунгамі «Слава Украіне» і прымірэннем Пуціна, то неўзабаве справа можа дайсці і да расколу ў знешняй палітыцы ЕЗ»,  – папярэджвае нямецкае выданне.

Па словах прэзідэнта Украіны Зяленскага, «пазіцыі на перамовах гучаць ужо рэалістычней». У той самы час расейскае войска працягвае ўзмацняць удары па Украіне. Аглядальнікі разважаюць аб тым, якую падтрымку магла б Еўропа прапанаваць Украіне. Шведская газета Aftonbladet далучаецца да патрабавання ўзмацніць падтрымку Украіны.

«Наша рэдакцыя ўжо пісала аб тым, што ЕЗ і ЗША павінны распрацаваць «праграму лэнд-лізу» для Украіны. Гэтая мадэль была створана падчас Другой сусветнай вайны, калі ЗША перадалі Вялікабрытаніі ў абавязак фінансы і матэрыялы, каб тая магла абараняцца ад Гітлера. Так, Украіна магла б на атрыманыя ў пазыку сродкі набываць тое, што ёй неабходна, а ЕЗ ці НАТА пры гэтым не выступалі б бокам вайны. А пасля можна было б і спісаць крэдыты!», – адзначае шведскае выданне.

У панядзелак падчас вечаровай праграмы навін на расейскім Першым канале рэдактар Марына Аўсяннікава раптоўна з’явілася ў студыі з плакатам, які ўтрымлівае заклікі спыніць вайну і не верыць дзяржаўнай прапагандзе. Акцыя пратэсту працягнулася ўсяго некалькі секунд, аднак яе ўбачылі мільёны тэлегледачоў. Пакуль што Аўсяннікава прыгаворана да грашовага штрафу. Еўрапейская прэса аддае належнае смеласці журналісткі. Дацкая газета Politiken указвае на тое, што свабода прэсы знаходзіцца пад пагрозай і на Захадзе.

«Мужнасць Марыны Аўсяннікавай, якая выклікае поўнае глыбокай пашаны трапятанне, нагадвае нам аб тым, што ні ў якім разе нельга ўспрымаць свабоду прэсы як нейкую дадзенасць. Фінляндыя – дэмакратычная краіна, але і там свабода слова таксама падвяргаецца ціску. Тром журналістам адной з фінскіх газет пагражае турэмны тэрмін за публікацыю матэрыялу аб службе вайсковай бяспекі Фінляндыі. Нечувана ва ўмовах дэмакратыі, ці не так?  Некалькі тыдняў таму ў рэдакцыі шэрагу газет Даніі прыйшлі з візітам кіраўнікі дзвюх дацкіх сакрэтных службаў з адкрытымі пагрозамі магчымага судовага пераследу ў тым выпадку, калі журналісты адважацца абнародаваць службовыя сакрэты», – дае пералік дацкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя