Агляд прэсы: летні «снежны» ком



Першая БелАЭС выклікае страх перад бяспекай. Ці патрэбна Еўропе размова з Пуціным? Выбарчы застой у Францыі. Дэльта-варыянт крочыць па планеце: што рабіць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Брытанскае выданне The Institute for War & Peace Reporting папярэджвае, што паколькі Беларусь пачынае працу на сваёй першай атамнай станцыі, варта памятаць, што праект далёка не адпавядае міжнародным стандартам бяспекі.

«Пабудаваная расейскай кампаніяй «Расатам»  станцыя ў Астраўцы мае дазвол на працу, нягледзячы на неаднаразовыя аварыйныя адключэнні і нявырашаную праблему, што рабіць з ядзернымі адкідамі. БелАЭС павінна была пачаць працу яшчэ год таму, але не змагла атрымаць ліцэнзію ва ўласнай дзяржаўнай установе ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Беларусі», – падкрэслівае выданне  і прыводзіць ганебны факт, калі Лукашэнка спецыяльна адмяніў патрабаванне ліцэнзавання, каб цырымонія адкрыцця завода супала з яго шостай «інаўгурацыяй» восенню 2020 года.

«Аднак на наступны дзень працы на рэактары прыйшлося спыніць з-за паломкі абсталявання. Да таго ж каб пачаць рэалізацыю праекта, «Расатам» пачынаў яго будаўніцтва без якой-небудзь архітэктурнай дакументацыі. Грамадскія слуханні пра БелАЭС хутчэй можна назваць прапагандысцкай практыкай», – піша The Institute for War & Peace Reporting і адзначае, што чыноўнікі Беларусі ігнаруюць усе засцярогі, датычныя БелАЭС, якія паступаюць ад міжнародных экспертаў. Беларускія ўлады таксама парушылі канвенцыі ААН ды Эспа і Орхуса, якія абавязваюць іх кансультавацца з суседзямі наконт патэнцыйнага транспамежнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Еўрапейцы не павінны ўскладаць прамы дыялог з расейскім прэзідэнтам толькі на плечы ЗША. Германія і Францыя павінны працягваць працаваць у гэтым напрамку”, – заклікае нямецкая газета Die Zeit.

У першую чаргу гэта заклік накіраваны да ўрадаў усходнееўрапейскіх краін ЕЗ, якія на мінулым тыдні адхілілі прапанову Меркель і Макрона сустрэцца з Пуціным, прытрымліваючыся прыкладу прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

“Тым самым яны зрабілі астатніх сябраў ЕЗ закладнікамі сваіх траўмаў і мараў. У выніку надзвычай важныя перамовы аб праблемах Еўропы з маскоўскім кіраўніцтвам застаюцца за ЗША, а Еўропу сутыкаюць з безнадзейным становішчам справаў», – адзначае нямецкае выданне і акцэнтуе ўвагу на тым, што Макрон і Меркель павінны прыдумаць свой уласны фармат перамоваў, і разам з тым з усіх сіл працаваць над тым, каб рашэнні па знешняй палітыцы прымаліся большасцю, пазбаўляючы права вета меншасці і нават асобныя дзяржавы.

Вынікі другога туру рэгіянальных выбараў у Францыі працягваюць займаць розумы еўрапейскіх аглядальнікаў: як і ў першым туры, яўка была вельмі нізкай і склала ўсяго каля 34 адсоткаў. Правая партыя „Нацыянальнае аб’яднанне”, якую ўзначальвае Марын Ле Пен, не здолела атрымаць відавочнай перамогі ні ў адным з рэгіёнаў краіны, а вынікі, атрыманыя партыяй Макрона „Наперад, Рэспубліка!”, не перавышаюць адназначнага паказніка. Сапраўднымі пераможцамі гэтых выбараў можна лічыць кансерватараў.

«У Макрона ёсць усе падставы баяцца таго, што ён можа са свістам вылецець з прэзідэнцкага крэсла», – піша нямецкая газета Handelsblatt.

«Макрон – прэзідэнт без электарату. Яго альянс, заснаваны толькі ў 2016 годзе, яшчэ не паспеў замацавацца на палітычнай арэне, а адсутнасць партыйнай стабільнасці робіць яго электарат яшчэ больш зменлівым і нясталым. Макрон у вядомай ступені засяроджаны на магчымым аднаўленні дуэлі з Ле Пен, робячы стаўку на тое, што ўжо ён – рэальнае апірышча супраць правага папулізму, які сабярэ большасць пры першай неабходнасці. Але цяпер тую ж самую ролю цалкам можа ўзяць на сябе і буржуазна-кансерватыўны лагер, які перамог на рэгіянальных выбарах»,– лічыць нямецкае выданне.

У ходзе распаўсюджвання дэльта-варыянту каронавірусу ў многіх краінах расце колькасць інфікаваных. У Еўропе асабліва моцна пацярпелі Вялікабрытанія, Расея і Партугалія. Нават у краінах з нізкім узроўнем захворвання назіраецца рост колькасці заражэнняў новай віруснай мутацыяй. Мяркуючы па ўсім, інфекцыя не абыходзіць бокам і тых, хто ўжо прышчапіўся. Аглядальнікі разважаюць пра тое, якія крокі варта распачаць, а таксама задаюцца пытаннем, ці дастаткова сур’ёзна палітыкі і грамадзяне ставяцца да новай пагрозы.

Партугальская газета Visão папракае ўлады сваёй краіны ў легкадумных адносінах да кантролю над уездам у Партугалію.

«У адрозненне ад таго, што ў цяперашні час прадпрымаецца пераважнай большасцю еўрапейскіх краін, Партугалія не паказвае асаблівай пільнасці ў дачыненні да гасцей, якія прыбываюць у краіну, роўна як і да ўласных грамадзян, якія вяртаюцца дадому. Партугалія лёгка дазваляе людзям прыбываць да месца прызначэння без дадатковага кантролю. А гэта ж фактычна поўзанне на каленях перад турыстамі, паколькі турызм – адна з найважнейшых крыніц даходу краіны. Гэтае «расслабленае» стаўленне ставіць пад пагрозу поспехі ў справе барацьбы з вірусам і наносіць шкоду рэпутацыі Партугаліі за мяжой. Ну і ў канчатковым выніку б’е па тым жа турызме. Ясна, што ў кіраўніцтва няма выразных прынцыпаў і крытэрыяў», – падсумоўвае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка