Агляд прэсы: летнія ракіроўкі



Літва заяўляе, што Беларусь можа стаяць за нядаўнім наплывам мігрантаў. Візіт Байдэна ў Еўропу: што на парадку дня? Данія не радая бежанцам: перамовы з Руандай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Usnews канстатуе, што за апошнія тыдні ў Літве назіраецца рост колькасці мігрантаў, якія прыязджаюць у краіну Балтыі з суседняй Беларусі.

«Літва затрымала дзевяць іракскіх асобаў, якія шукаюць прытулку, якія ўехалі ў краіну Балтыі з Беларусі. Літоўскія чыноўнікі паказваюць пальцам на Беларусь, нібыта за ўдзел у адпраўцы неаднаразовых груп імігрантаў у Літву. Відавочна, што супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна, і добраарганізаваныя патокі нелегальнай міграцыі з’яўляюцца адным са сродкаў», – гаворыцца ў артыкуле.

Амерыканскае выданне цытуе афіцыйную заяву Літвы аб тым, што беларускія памежнікі прыкрывалі сляды мігрантаў, а значыцца і самі чыноўнікі могуць супрацоўнічаць паміжсобку.

 

У сераду прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адправіўся ў сваю першую замежную паездку. Яго візіт у Еўропу працягнецца ў цэлым каля тыдня. У праграме: саміт Вялікі сямёркі, саміт НАТО, запланаваная сустрэча з Эрдаганам за рамкамі саміту, а таксама сустрэча з Пуціным у Жэневе. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі з нагоды маючага адбыцца візіту. Італьянская газета La Stampa назірае цікавую змену парадыгмы ў Вашынгтоне:

«Падчас запланаванага саміту НАТО ў Брусэлі ў зале таксама будзе прысутнічаць слон, якога не ўсе жадаюць бачыць, але на які паказаў «Цэнтр за прагрэс Амерыкі» – прагрэсіўны аналітычны цэнтр, блізкі да кіраўніцтва ЗША. А гаворка, уласна, ідзе пра тое, каб даць зялёнае святло распрацоўцы агульнай абароннай стратэгіі Еўразвязу. 1 чэрвеня гэты цэнтр апублікаваў даклад пад назвай «Справа аб абароне ЕЗ».

На думку італьянскага выдання, «супраціў ідэі распрацоўкі Еўразвязам агульнай абароннай стратэгіі, які меў месца з боку ЗША, пачынаючы з 1990-х гадоў, быў стратэгічнай памылкай, якая нанесла шкоду як Еўрапейскаму звязу, так і НАТО. Амерыцы самы час распрацаваць новы падыход, які заахвочваў бы амбіцыйныя стратэгіі».

 

У Даніі парламент даў зялёнае святло прадстаўленаму урадам законапраекту, згодна з якім суіскальнікаў прытулку надалей можна будзе дэпартаваць у краіны па-за межамі ЕЗ яшчэ да таго, як іх хадайніцтва будзе разгледжана. Чакаць рашэнняў па сваіх прашэннях уцекачам трэба будзе ў спецыяльных цэнтрах, у якіх і будуць разглядацца іх хадайніцтвы. Паводле паведамленняў СМІ, адпаведныя перамовы ўжо вядуцца з Руандай. Сваё абурэнне выказвае не толькі дацкая, але і міжнародная прэса.

«За магчымасць вярнуцца да ўлады дацкія сацыял-дэмакраты былі гатовы адкупіцца шматлікім», – адзначае французская газета Le Monde.

«Кошт гэтаму – небяспечныя гонкі, якія скончацца на дне прорвы, у тым ліку – выкарыстанне праблемы бежанцаў у сваіх мэтах. Пры гэтым у 2020 годзе ў Даніі было пададзена ўсяго 1515 прашэнняў аб атрыманні статусу палітычнага бежанца – самы нізкі паказчык за апошнія 20 гадоў, а ў пераліку на колькасць насельніцтва – у дзесяць разоў ніжэй, чым колькасць прашэнняў, пададзеных у суседніх краінах – Швецыі і Германіі. Тое, што Данія, будучы краінай ЕЗ, перакладае пытанні прадастаўлення прытулку мігрантам на плечы кіраўніцтва паўднёвых краін – факт гэтак жа шакавальны, колькі і небяспечны. Падобная практыка дае лішнюю нагоду для «шантажу бежанцаў », паколькі дазваляе краінам паходжання мігрантаў аказваць уплыў на палітыку ЕЗ. Еўрапейскі звяз не павінен дапусціць таго, каб на яго тэрыторыі ўмацавалася падобная практыка», – падсумоўвае французскае выданне.

 

«У дакладзе аб паходжанні Covid-19, падрыхтаваным нацыянальнай амерыканскай урадавай лабараторыяй, робіцца выснова, што гіпотэза аб тым, што вірус выйшаў з кітайскай лабараторыі ва Ухані, праўдападобная і заслугоўвае далейшага вывучэння», – перадае амерыканскі часопіс The Wall Street Journal.

Даклад выклікаў новы цікавасць у Кангрэсе, і прэзідэнт Байдэн загадаў амерыканскай выведцы далажыць яму на працягу некалькіх тыдняў пра тое, як з’явіўся вірус. У аснову дакладу пакладзены ацэнка лабараторыі аддзелу Z Ліверморскай лабараторыі, які грунтуецца на геномным аналізе віруса SARS- COV-2, які выклікае Covid-19.

«Пакуль што поўны тэкст дакладу застаецца сакрэтным. Урад Кітая неаднаразова адмаўляў, што вірус з’явіўся з кітайскай лабараторыі. Відавочна, што і далейшые расследванне і інфармацыйныя брыфінгі па гэтым пытанні, будуць праходзіць у рэжыме поўнай сакрэтнасці», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя