Агляд прэсы: левы паварот



Чаму Беларусь яшчэ не далучыцца да ўварвання Расеі ва Украіну? Ці паспрабуе Пуцін захапіць усход Украіны? Еўрапейскія левыя і вайна супраць Украіны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі з лютага выступаў у ролі саўдзельніка агрэсіі Расеі супраць Украіны, выкарыстоўваючы яе тэрыторыю як пляцоўку для ўварвання. Але самі беларускія вайскоўцы пакуль наўпрост не ўступаюць у канфлікт. Галоўны стрымліваючы фактар? Поўнае непрыняцце беларускім грамадствам перспектывы ўдзелу ў вайне», – падкрэслівае міжнароднае выданне Open Democracy.

У матэрыяле апісваюцца выпадкі, калі для некаторых людзей жаданне дапамагчы Украіне прывяло да негвалтоўнага партызанскага руху супраць расейскай ваеннай дзейнасці ў Беларусі.

«Самая распаўсюджаная форма дыверсій – падпал сігнальных сістэм, каб на асобных участках беларускай чыгуначнай сеткі перасталі працаваць святлафоры. У выніку цягнікі вымушаныя рухацца з хуткасцю ад 15 да 20 км у гадзіну. Ёсць і больш простыя дыверсійныя дзеянні: напрыклад, у г. Стоўбцы сямейная пара была арыштаваная за падпальванне бярвенняў для спынення руху ваеннага транспарту. Людзі па ўсёй краіне сталі добраахвотнымі вачыма і вушамі «Беларускага гаюна» — службы маніторынгу, якая фіксуе перамяшчэнне расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі, пускі ракет, узлёты і пасадкі вайсковай авіяцыі, перавоз нарабаванага з Украіны.

Напрыканцы сакавіка, калі Расея пачала адступаць ад Кіева і Чарнігава, верагоднасць непасрэднага ўдзелу Беларусі ў канфлікце з тактычных меркаванняў значна знізілася. Паводле дадзеных украінскай і заходніх выведак, расейскія вайскоўцы плануюць сканцэнтраваць асноўныя намаганні на ўсходзе і поўдні Украіны. Беларускі фронт, бадай, ужо не галоўны прыярытэт. Але ваенныя эксперты па-ранейшаму не выключаюць удзелу беларускай арміі ў наступных этапах вайны», – папярэджвае міжнароднае выданне.

***

Як заявіў прэзідэнт Расеі, «аперацыя ва Украіне ідзе па плане». Такім чынам, адвод войскаў ад Кіева Масква паразай не прызнае. Мэта Расеі, паводле слоў Пуціна, заключалася ў тым, каб скаваць сілы праціўніка і падрыхтаваць умовы для актывізацыі дзеянняў на тэрыторыі Данбаса. На думку аглядальнікаў, расейскае камандаванне вырашыла засяродзіцца на захопе ўсходу Украіны, і дасягнуць гэтай мэты да 9 траўня. Еўрапейская прэса з трывогай сочыць за развіццём падзеяў.

«Для захавання ўлады Пуціну патрэбная перамога, якой ён мог бы апраўдаць ахвяры з расейскага боку», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Пагражальны наступ на ўсходзе можа даць Крамлю дастаткова матэрыялу для такога гераічнага наратыву, калі, вядома, яно не будзе працякаць гэтак жа, як наступ на Кіеў. Таму даводзіцца баяцца, што Масква задзейнічае ўсю сваю ваенную моц для таго, каб зламіць украінскі супраціў, і будзе дзейнічаць яшчэ больш жорстка, чым раней. 9 мая ў Маскве будзе адзначацца Дзень Перамогі ў «Вялікай Айчыннай вайне». І тады Пуцін напэўна прад’явіць народу і гісторыі – наратаваў аб тым, што і яго барацьба з «рассаднікам нацызму» ва Украіне ўвянчалася перамогай», – папярэджвае нямецкае выданне.

***

Для многіх левых партый Еўропы зараз надышоў момант ісціны. Ім трэба адказаць на пытанне, якая іх пазіцыя ў дачыненні да Расеі, якая, будучы правапераемніцай СССР, лічыцца краінай, якая вызваліла свет ад фашызму, але пры гэтым сама вядзе цяпер агрэсіўную вайну супраць Украіны. Як левыя ставяцца да НАТО, да паставак зброі і нарошчвання арсеналаў? Еўрапейская прэса дае агляд спектра меркаванняў.

У ходзе дыскусіі, якая адбылася ў дацкім парламенце на мінулым тыдні, на пытанне аб тым, ці прадстаўляе Расея небяспеку для свету, уваходная ва ўрад партыя “Адзіны спіс – Чырвона-зялёная кааліцыя” адказала так: “у агульным і цэлым – не”. Ліберальна-кансерватыўная дацкая газета Jyllands-Posten лічыць такую пазіцыю непрымальнай.

«Прэм’ер-міністра зараз можна з поўнай на тое падставай спытаць, як доўга яна мае намер трымаць свой урад у залежнасці ад партыі, якая жыве ў нейкім відавочна іншым свеце. Застаецца толькі спадзявацца на тое, што памылкі і промахі гэтай партыі не ўцякуць ад увагі хаця б некаторых з тых больш чым 250 тысяч грамадзян, што падчас апошніх выбараў паддаліся на пралічаны і безадказны папулізм гэтых левакоў-папулістаў», – адзначае дацкае выданне.

***

Па выніках першага тура выбараў вызначыліся два галоўныя фаварыты перадвыбарнай гонкі: дзейны прэзідэнт Эманюэль Макрон і яго саперніца з крайняга правага флангу Марын Ле Пен. Еўрапейская прэса піша пра тое, што адрознівае цяперашнюю сітуацыю ад такога ж палітычнага раскладу пяцігадовай даўніны.

«На гэты раз Крэмль, хутчэй, ставіць на Макрона», – піша расейскае выданне Коммерсант FM.

«І калі пяць гадоў таму ў аналагічным двубоі ў другім туры сімпатыі Крамля былі на баку Ле Пэн (яе нават прымаў прэзідэнт Уладзімір Пуцін), сёння сітуацыя не такая адназначная. Аб сувязях з Расеяй яна стараецца больш не ўспамінаць. Пасля трагедыі ва ўкраінскім горадзе Буча Ле Пэн запатрабавала адклікаць з Масквы французскага амбасадара, а вось Макрон на такі радыкальны крок не пайшоў. Больш за тое, яна падтрымлівае шчыльныя сувязі з правым урадам Польшчы, які выступае за максімальна жорсткія санкцыі ў дачыненні да РФ. Што тычыцца Макрона, то ён якраз адстойвае неабходнасць дыялогу з Пуціным, за што падвяргаецца бязлітаснай крытыцы з боку тых жа палякаў», – заўважае расейскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.