Агляд прэсы: „ліцэнзія на адстрэл”



Лукашэнка правакуе міграцыйны крызіс з Еўропай. Беларусь як мішэнь для рэпрэсій па згодзе Пуціна. Ці спрацуе пакет мераў ЕЗ па абароне клімату? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Наслаць тысячы нелегальных мігрантаў, каб адпомсціць за эканамічныя санкцыі? Такі метад здаецца вар’яцкім, але ўсё ж ён быў цалкам прадказальным. І нават чаканым: Аляксандр Лукашэнка ласкава папярэдзіў еўрапейцаў, што ў барацьбе супраць іх ён скарыстаецца межамі. Але ніхто не чакаў, што гэта з’ява дасягне такога маштабу», – піша французская газета Le Temps.

Выданне адзначае, што беларускія ўлады відавочна палягчаюць праходжанне мігрантаў з Беларусі ў Еўропу.

«Яны выдаюць візы мігрантам па прыбыцці ў аэрапорт Менску, што супярэчыць закону краіны: візы неабходна атрымліваць да паездкі. Іх размяшчаюць у дзяржаўных гасцініцах і вязуць на мікрааўтобусах да мяжы, пры гэтым дакладна невядома, ці наймае гэтых кіроўцаў дзяржава. Затым ім паказваюць самыя слаба ахоўваемыя кантрольна-прапускныя пункты», – раскрывае злачынную схему французская газета.

Выданне пералічвае меры, якія Літва робіць у адказ на міграцыйную атаку: гэта будаўніцтва другога намётавага лагеру ў Пабрадзе і плоту з калючага дроту, коштам больш за 40 млн еўра, які павінен быць завершаны праз два-тры месяцы.

 

Амерыканскае выданне The Daily Beast упэўнена: «Лукашэнка прыехаў у Санкт-Пецярбург не толькі з просьбай пра крэдыт, але і за «дазволам» Пуціна на новыя рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў і спансаваных Захадам НКА».

«Незвычайна, што на відэазапісы сустрэчы, зробленай Крамлём, бачны толькі Лукашэнка, таму непасрэдная рэакцыя Пуціна невядомая, але ён нічога не зрабіў, каб спыніць маштабныя рэпрэсіі ў суседняй з Расеяй краіне. Мішэнямі аперацыі рэжыму сталі ў тым ліку Беларуская асацыяцыя журналістаў, цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC, праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку «Гендэрныя перспектывы» і Беларускі Хельсінскі камітэт, а таксама шэраг іншых мясцовых і міжнародных арганізацый», – вядзе пералік амерыканскае выданне.

«Няма сумневу, што Лукашэнка прыехаў прасіць у Пуціна грошай, паколькі ў яго сканчаюцца сродкі для ўтрымання сваёй паліцыі і КДБ. Лукашэнка разумее, што цяпер ніхто, акрамя Расеі, яму грошай не дасць. Аднак Масква павінна зразумець, што Лукашэнка – гэта хадзячая бомба запаволенага дзеяння», – папярэджвае амерыканскі The Daily Beast.

 

Пасля шматмесяцовых спрэчак Еўракамісія прадставіла пакет мер па барацьбе са зменамі клімату, які атрымаў назву Fit for 55. Гэта самы маштабны праект у галіне кліматычнага заканадаўства на сённяшні дзень. ЕЗ плануе да 2030 года скараціць выкіды парніковых газаў на 55 працэнтаў у параўнанні з узроўнем 1990 году, а да 2050 года супольнасць мае намер дасягнуць кліматычнай нейтральнасці. Аглядальнікі вітаюць гэтыя планы, але адзначаюць, што казаць аб поспехах пакуль рана.

«Еўракамісія не дала здавальняючых адказаў на два асноўныя пытанні», – адзначае нямецкая газета Handelsblatt.

«Якім чынам энергазатратная прадукцыя з Еўропы зможа заставацца канкурэтназдольнай на сусветным рынку? І як ЕЗ збіраецца прадухіліць сітуацыю, пры якой адмова ад выкапнёвага паліва прывядзе да зніжэння коштаў на нафту ў іншых краінах і, адпаведна, да росту яе спажывання? Гэтыя пытанні абмяркоўваюцца ў рамках «делакалізацыі энергаёмістых вытворчасцяў», а гэта дэбаты, якія павінны былі б весціся і сярод шырокай грамадскасці, бо ў горшым выпадку еўрапейская палітыка абароны клімату прывядзе да перамяшчэння «бруднай» часткі эканомікі ў іншыя рэгіёны свету. Клімату гэтым не дапаможаш, а ЕЗ у такім выпадку ператворыцца ў лідэра без паслядоўнікаў», – папярэджвае нямецкае выданне.

 

«У краіне чэмпіёнаў свету па вакцынацыі усе абмежаванні ўжо былі знятыя, але цяпер колькасць выпадкаў захворвання кароанвірусам у Ізраілі зноў імкліва расце. Новы ўрад узяў стратэгію «мяккага падаўлення», – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.

Газета акцэнтуе ўвагу на тым, што Ізраіль шукае не толькі новыя шляхі выхаду з дылемы, звязанай з дэльта-варыянтам вірусу, але й вінаватых у вяртанні пагрозы для жыхароў краіны.

«Цяперашняя колькасць цяжкіх выпадкаў у Ізраілі падчас чацвёртай хвалі – 45, гэта значна ніжэй, чым у папярэдніх. Тут адыграў ролю поспех вакцынацыі: амаль палова з 9,3 млн ізраільцян прышчапіліся ўжо двойчы. Пачалася вакцынацыя дзяцей ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў. Акрамя таго, Ізраіль з’яўляецца першай краінай у свеце, дзе сталі ўводзіць трэцюю дозу вакцыны асобам з аслабленай імуннай сістэмай», – адзначае Süddeutsche Zeitung.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя