Агляд прэсы: ля апошняй рысы
Лукашэнка спрабуе арыентавацца на трэцяе дзесяцігоддзе свайго кіравання. Еўрапейскія СМІ разважаюць, ці можа памяць толькі падзяляць, а не прыміраць? Расея пры Пуціне: пытанні пра Другую сусветную вайну непажаданыя.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
Амерыканскае выданне Bloomberg аналізуе сітуацыю, калі шматгадовы кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка выклаў план перадачы сваёй амаль неабмежаванай улады згуртаванаму колу чыноўнікаў у выпадку ягонага забойства.
«Такім чынам Лукашэнка спрабуе арыентавацца на трэцяе дзесяцігоддзе свайго кіравання. Згодна з новым дэкрэтам, падпісаным Лукашэнкам, калі ён будзе забіты альбо памрэ гвалтоўнай смерцю, краінай будзе часова кіраваць Савет бяспекі – орган з 20 найвышэйшых урадавых чыноўнікаў, многія з якіх маюць досвед працы ў службах бяспекі і ваенныя. У мінулым месяцы Беларусь і Расея абвінавацілі ЗША ў таемнай падтрымцы меркаванай змовы супраць Лукашэнкі. Амерыканскія ўлады абверглі абвінавачванні», – адзначае амерыканскае выданне.
«Шмат каму не хапае гатоўнасці прызнаць сваю віну. Часта ўспаміны выклікаюць новую канфрантацыю. Так быць не павінна», – лічыць нямецкае выданне Der Tagesspiegel.
«Таямніца прымірэння – гэта памяць. Наўрад ці які-небудзь выраз цытуецца часцей у памяць аб заканчэнні вайны. Але ў апошнія гады здаецца, што ўсё наадварот: чым часцей народы Еўропы ўспамінаюць 8 і 9 траўня 1945 году і ўрокі, вынятыя з іх, тым мацней выяўляецца эфект расколу», – адзначаецца ў матэрыяле.
«Гэта можна назіраць у цэнтры Берліна. Украінцы, рускія і палякі, чые продкі разам вызвалялі горад ад нацысцкай дыктатуры, больш не жадаюць шанаваць іх памяць разам. Рускія робяць гэта ля мемарыяла Чырвонай Арміі ў Трэптове, украінцы – у Тыргартэне. У палякаў зараз ёсць свой мемарыял ў Шарлотэнбурзе», – адзначае Der Tagesspiegel і прыводзіць у прыклад дэбатаў пра тое, ці трэба ўсталяваць у Берліне мемарыял польскім ахвярам нацызму ці ж агульнаеўрапейскі мемарыял усім ахвярам вайны, ці гэта павінен быць мемарыял забітым ахвярам вайны, накіраваных на вынішчэнне, на Усход.
«Расея спрабуе на заканадаўчым узроўні замацаваць савецкі погляд на Другую сусветную вайну. Многія гісторыкі знаходзяцца ў замяшальніцтве», – піша нямецкая газета Frankfurter Rundschau.
«Перамога ў Другой сусветнай вайне, якая прынесла краіне шматлікія ахвяры, застаецца цэнтральнай падзеяй расейскай гісторыі», – адзначае выданне. – «У рамках канстытуцыйнай рэформы, праведзенай у красавіку мінулага года, Уладзімір Пуцін прапісаў «абарону гістарычнай праўды» аб «подзвігу народа» у асноўным законе краіны. У лютым гэтага года Дзяржаўная Дума ўвяла крымінальную адказнасць за «распаўсюд заведама ілжывых звестак аб дзейнасці СССР у гады Другой сусветнай вайны». А ў сераду некалькі парламентарыяў ўнеслі новы законапраект. Ён забараняе публічнае атаесамленне мэтаў, рашэнняў і дзеянняў кіраўніцтва Савецкага Саюза і гітлераўскай Нямеччыны. Ён таксама ставіць пад забарону «адмаўленне ролі савецкага народа ў разгроме нацысцкай Германіі і гуманітарнай місіі СССР пры вызваленні краін Еўропы», – перадае нямецкае выданне і адзначае, што большасць гісторыкаў лічыць, што нельга гістарычную праўду прапісаць у законе.
Цэнтральная станцыя хуткай і неадкладнай дапамогі ў сталіцы Эстоніі – Таліне паставіла сваім супрацоўнікам ультыматум: тыя, хто не зробіць прышчэпку ад Covid-19 да сярэдзіны мая, будуць звольненыя. Адзін з супрацоўнікаў не стаў мірыцца з падобным катэгарычным патрабаваннем і звярнуўся ў СМІ. Эстонская прэса абмяркоўвае, ці апраўданая ў дадзеным выпадку абавязковая вакцынацыя.
Прынамсі эстонская газета Õhtuleht лічыць, што ў дадзеным выпадку патрабаванне аб абавязковай вакцынацыі – правільнае рашэнне:
«Зразумела, што рашэнне талінскай станцыі хуткай дапамогі звольніць непрышчэпленых супрацоўнікаў будзе не адзінкавым выпадкам, а стане пачаткам больш маштабнага працэсу. Зразумела, у кожнага ёсць права самому прымаць рашэнне пра вакцынацыю. Але на станцыі хуткай дапамогі гаворка ідзе пра бяспеку пацыентаў. Лекар не мае права прадстаўляць сабой небяспеку для пацыентаў, сярод якіх могуць быць і тыя, каму, напрыклад, па медычных прычынах – прышчэпка супрацьпаказаная».
Беларускае Радыё Рацыя